Стартаваў анлайн-фэст AI-фільмаў Synthetic Dreams — новая ініцыятыва беларускай Майстэрні Кіно ў Варшаве, піша reform.news.
«Synthetic Dreams — гэта тэрыторыя творчага эксперыменту. Прастора, дзе чалавек і штучны інтэлект становяцца сааўтарамі, — прадстаўляе свой праект Майстэрня Кіно ў Варшаве. — Мы збіраем працы, якія здзіўляюць, правакуюць і пашыраюць уяўленне пра тое, на што здольнае мастацтва, створанае ў сааўтарстве з алгарытмам».
У першай эдыцыі кінаагляду прымаюць удзел кароткаметражныя працы выпускнікоў курса «Нейрасеткі для відэа», аб’яднаныя тэмай беларускай гісторыі і міфалогіі.
«Забытыя легенды, духі і пераказы, пераасэнсаваныя аўтарамі праз AI», — анансуе створаныя відэаролікі кіраўнік Майстэрні кіно ў Варшаве Андрэй Палупанаў.
З 25 па 30 верасня на платформе фэсту штодзень будзе выкладвацца па дзве гісторыі. Стваральнікі дзесяці прац, што складаюць праграму агляду: мастакі, аніматары, праграмісты і іншыя творцы.
Ініцыятыву хутчэй можна назваць міні-фэстам, але ў будучыні фестываль плануе пашырыцца.
«Будзем прымаць працы на розныя тэмы, але беларускі фальклор застанецца абавязковай асобнай секцыяй», — абяцаюць арганізатары.
Глядзець ролікі можна тут.