Майстры з Глыбокага вучылі мінчан роспісу маляванак

У першыя дні лістапада  вырабы нашых майстроў пабывалі ў Мінску –  Глыбоцкі дом рамёстваў прадставіў свае творчыя набыткі (пляценне з саломкі, валянне з воўны, маляванкі, паясы, беларускую ляльку…) на ХІІ адкрытым гарадскім свяце нацыянальных культур “Сонечны птах”. На сталічнае мерапрыемства майстры з Глыбокага трапілі па запрашэнні арганізатараў.  “Сонечны птах” аб’ядноўвае юных майстроў сталіцы, расказваючы ім пра традыцыі розных краін свету праз тканіну, а ў глыбачан ёсць чаму павучыцца.

– На свяце кожная з 14  каманд дзяўчынак і хлопчыкаў майстравала сонейка з тэкстылю, якімі потым упрыгожылі сімвалічную арку. Прыгожыя і разнастайныя вырабы атрымаліся, – адзначыла метадыст раённага дома рамёстваў, майстар роспісу па тканіне Святлана Скавырка. – Нашымі творамі мінчане таксама былі ўражаны.

На другі дзень мерапрыемства Святлана правяла майстар-клас для выкладчыкаў цэнтраў пазашкольнай работы горада Мінска  і, канешне, расказала пра нашу слынную глыбоцкую маляванку.

Навучыла іх старажытнай і самай лёгкай тэхніцы роспісу маляванак – штампа. Нашы продкі для гэтай справы скарыстоўвалі рэдзьку, бульбу. Я прывезла нарыхтоўкі з дрэва: кветкі, лісточкі і не прагадала. Многія з маіх “вучняў” і пэндзаля ў рукі не бралі, а штампаваць і размалёўваць акрылавымі фарбамі ім спадабалася, што вырашылі і сваіх гурткоўцаў вучыць гэтай тэхніцы, – згадала моманты паездкі ў сталіцу Святлана Анатольеўна. Дарэчы, ёй арганізатары ўручылі дыплом за правядзенне майстар-класа, а Марыне і другой Святлане –  за ўдзел у выставе.

 

“Веснік Глыбоччыны”

Тэгі: