Бадай, кожны з нас чуў гэтыя высокія словы: маўляў, дзеці, моладзь — гэта будучыня нацыі, будучыня краіны. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік разважае пра сапраўдную вайну за гэтую будучыню — дакладней, пра тых, хто ўжо сёньня ваюе супраць нашай з вамі будучыні.
Гарадзенскі ліцэіст Валера Руселік выступае на ўправе БНФ у Горадні, 1999 год. Фота з асабістага архіву
Сьвет вакол нас няўмольна зьмяняецца — гэта факт. Аднак калі крыху ўважлівей прыгледзецца да новага, то часьцяком можна заўважыць, што пад покрывам новаўвядзеньняў сутнасьць, зьмест застаецца тойсама.
Ну вось, скажам — вайна. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба, праўда? Зь нібы новага — ня толькі ўсё больш актыўнае выкарыстоўваньне дронаў і штучнага інтэлекту, але і ўсё шырэйшае змаганьне найперш не за тэрыторыі, а за розумы насельніцтва дадзенае тэрыторыі. Адсюль уся гэтая прапаганда і палітыка асымілятарства на толькі-толькі захопленых расейскімі акупантамі ўкраінскіх землях, а таксама папярэдняе бамбардаваньне розумаў жыхароў яшчэ вольных прылеглых тэрыторыяў.
Але ж што тут новага, калі разабрацца? Вось вам цытата з «Мужыцкай праўды» далёкага 1864 года: «У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для чаго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля...». Альбо вось яшчэ адна — толькі ўжо не Кастуся Каліноўскага, а, меркавана, расейскага генэрал-губэрнатара Мураўёва-вешальніка, які, уласна, паўстаньне каліноўцаў і здушыў: «Чаго не дарабіў расейскі штык — даробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейская царква».
Ну і што новага мы маем сёньня? Расейскія чыноўнікі адкрыта называюць усё беларускае — «паўзучай палянізацыяй». Ах, як жа красамоўна выглядае на тле гэткіх заяваў пераезд генэральнага кансуляту РФ у самы цэнтар Горадні — лічы, сэрца «каліноўшчыны» — ды не абы-куды, а ў будынак Польскага дома, які дагэтуль цягам 30 гадоў быў найбуйнейшым у сьвеце (!) адукацыйным цэнтрам па вывучэньні польскае мовы і які ў палякаў забралі лукашысты!
Тым часам чыноўнікі зь беларускімі пашпартамі ў дзёсны лабызаюцца з расейскімі і імем гэтак званай Саюзнай дзяржавы ваююць з усім беларускім. Беларуская мова фактычна выгнаная з усіх сфэраў жыцьця грамадзтва. Перапісваюцца падручнікі па гісторыі, падганяючы «занадта нерасейскую, польскую» гісторыю нашага Краю пад маскоўскія наратывы. У рпцшных цэрквах па ўсёй краіне моляцца за спачын Мураўёва-Вешальніка і іншых забойцаў нашага народу. А з нашага найбольшага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага зноўку лепяць то паляка, то Сьцяпана Бандэру.
Набажэнства за спачын Мураўёва-Вешальніка ў менскай царкве Пакрову Прасьвятой Багародзіцы, 2016 г. Фота: zapadrus.su
Альбо вось вам яшчэ прыклад. У Менску ў мясцовым аддзяленьні рускамірскай агенцыі Sputnik даў прэс-канфэрэнцыю кіраўнік «Россотрудничества» Яўген Прымакоў.
На пытаньне журналісткі рускамірскага тэлеканалу «Белрос» пра тое, у чым галоўная задача «Расейскага дому» як нейкай «мяккай сілы», і ці ёсьць асаблівасьці дзейнасьці, Прымакоў сказаў, што яму не падабаецца тэрмін «мяккая сіла» — куды больш па душы фармулёўка «гуманітарная палітыка».
І адразу пачаў разважаць пра тое, як шмат гадоў Захад — найперш Польшча і краіны Балтыі — шалёна намагаліся паўплываць на розумы беларусаў. Але, маўляў, зараз «Белоруссия» «аздаравілася» ад гэтага ўплыву.
Расейскі чыноўнік пацьвердзіў, што запаветы Мураўёва-Вешальніка жывейшыя за ўсіх жывых, а таму пытаньне «русской школы» застаецца надзвычай важнае ў дачыненьнях з нашай краінай. І хоць «белорусские друзья», паводле Прымакова, сур’ёзна заклапочаныя тым, наколькі вялікая квота на адукацыю ў Расеі для маладых беларусаў і наколькі вялікі, у выніку, іх адток за ўсходнюю мяжу — да «братушак», усё адно вінаватая... Польшча! Маўляў, Расея сур’ёзна заклапочаная тым, як шмат беларускай моладзі «па сутнасьці ўганяецца атрымліваць адукацыю ў Польшчу, і ўжо дакладна тая моладзь ня думае вяртацца».
У Польшчы й сапраўды фіксуецца большасьць беларускіх студэнтаў, якія абралі для сябе заходнюю адукацыю. Да прыкладу, у папярэднім навучальным годзе з 18 тысяч нашых суайчыньнікаў і суайчыньніц у эўрапейскіх унівэрсытэтах 12 тысяч — атрымлівалі адукацыю ў польскіх ВНУ.
Вось толькі ў тойсама час у расейскіх унівэрсытэтах беларусаў навучалася амаль столькі ж. І апошнія гады падкантрольны Маскве Менск робіць усё, каб адбіць ахвоту ў моладзі глядзець у заходнім кірунку на карысьць усходу. Ціск на шкаляроў і шантаж бацькоў, адмова выдаваць своечасова атэстаты і іншыя дакумэнты ахвотнікам навучацца ў Польшчы, адмова прызнаваць заходнія дыплёмы — і пры гэтым квоты ў тысячы чалавек для расейцаў у нашых ВНУ і агітаваньне беларусаў ехаць паступаць у Расею.
А таму, як той казаў — паглядзі, сьвінішча, на сваё відзішча. Хто б павучаў, а ты б лепей памаўчаў.
Вынікі апытаньня ў межах дасьледаваньня «Беларускія студэнты ў Эўропе і Расеі: трэнды адукацыйнай міграцыі» Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра», лістапад 2024 г.
У памкненьні канчаткова «закрыть белорусский вопрос» Расея намагаецца забіць адразу двух зайцоў.
Па-першае, чым больш да нас прыяжджае расейскіх студэнтаў, тым больш расейская робіцца нашая адукацыя. Гэтак, нават тыя рэдкія выкладнікі, якія чытаюць свае курсы па-беларуску, змушаюцца адміністрацыяй пераходзіць на расейскую, калі ў групе ёсьць хаця б адзін студэнт з-за ўсходняе мяжы: маўляў, «он же не понимает по-белорусски, а ваше дело — учить, а не выпендриваться!».
Ну й па-другое, беларусы, якія едуць навучацца ў Расею — ці многія вернуцца, а калі й вернуцца — якія каштоўнасьці прывязуць з сабою? Рытарычнае пытаньне, ну бо мы ж не зьдзіўляемся, што беларускае войска, ачоленае спрэс выпускнікамі расейскіх вайсковых вучэльняў, душыла ўласны народ у 2020-м, а затым цалкам падтрымала расейцаў у нападзе на Ўкраіну, праўда?
Ну а цяпер — вішанька на торце адмыслова для адміністрацыяў беларускіх ВНУ. Паводле Прымакова, да ўсяго Расея хоча абмяркоўваць з Лукашэнкам і мэтавыя квоты, каб навучаць у сябе «пад замову» будучых мэдыкаў, айцішнікаў, інжынэраў і г. д.: маўляў, гэта ж братэрская дапамога, «ведь мы же делаем одно общее дело»!
То-бок беларускія ўнівэрсытэты, дзе і без «дапамогі братушак» ужо каторы год назіраецца хранічны недабор абітурыентаў, маюць наагул вылецець на ўзбочыну? Рэктары, дэканы, намесьнікі па ідэалягічнай працы і астатнія ідыёты, якія на загад згары ўчынілі ідэалягічны пагром нацыянальнай вышэйшай адукацыі, вы ж таксама пойдзеце на ўзбочыну — гэта вам зразумела?
Важна ўсьведаміць, што нават пры ўсім шале мясцовай прапаганды і палітычным кантролі за студэнтамі, у нашых унівэрсытэтах усьцяж яшчэ застаюцца выкладнікі-патрыёты, якія перадаюць хаця б частцы сваіх навучэнцаў ня толькі профільныя веды, але і любоў да Радзімы. Колькі б там ні было тых выпускнікоў-патрыётаў, хай нават пяць на год па ўсёй краіне — іх усё адно больш, чым нуль беларускіх патрыётаў, выхаваных у Расеі.
А гэта азначае, што кропку ў змаганьні за розумы і душы беларусаў ставіць заўчасна. Нічога новага, вайна працягваецца.
Гледачы канцэрту на Дзень Расеі ў Менску, 2022 г. Фота: Embassyruminsk / VK
Валера Руселік, Budzma.org