З дапамогай нажніц, малатка, скальпеляў, пласкагубцаў і стаматалагічнага інструменту Галіна Жамчужнікава перадае ў ляльках усю палітру чалавечых эмоцый.
Кожная лялька мае свой характар і непаўторны выраз твару. Майстрыца прафесійна занялася вырабам лялек 3 гады таму. Спачатку – з простых анучаў. Цяпер лялькі Галіны Жамчужнікавай сапраўдныя творы мастацтва. У майстэрню ператварылася ўся кватэра. У духоўцы, дзе ў звычайных сем’ях гатуюць пірагі, запякаюцца рукі-ногі будучых лялек. Муж майстрыцы, Барыс Жамчужнікаў, дапамагае, чым можа: здабывае матэрыял і бярэ на сябе гаспадарчыя справы.
Барыс Жамчужнікаў: – Быць мужам творчага чалавека вельмі складана. Трэба дапамагаць ва ўсім, здабываць матэрыялы, гатаваць ежу. Таму што, калі яна займаецца працай, яе лепш не чапаць.. . У сямейнай калекцыі ўжо больш за 400 лялек, вырабленых рукамі Галіны. Жамчужнікавы паказваюць лялек на выставах, а на майстар-класы збіраюцца і дзеці, і дарослыя.
Тэгі: Гарадзеншчына, Гародня, Гродна