Улетку 2022 года фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведала Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org экспедыцыйнымі нататкамі. Каля вёскі Козлікі знаходзіцца музей на вольным паветры. Ён адчыняецца толькі на выходныя. Тут адбываецца мноства фальклорных імпрэз. У скансэн можна фактычна збегчы ад сучаснай цывілізацыі. Чым менавіта вабіць турыстаў незвычайны музей, распавядаем у артыкуле.
Пра Козлікі гміны Нараў Гайнаўскага павета мы ўжо пісалі тут. У лесе недалёка ад вёскі размясціўся музей на вольным паветры. Афіцыйна ён адносіцца да суседняй вёскі Ступнікі.
Візітная картка музея — вятрак-казлоўка. Жыхары вёскі Козлікі так і завуць музейную сядзібу — «пад ветраком». Суадносна, гарадская моладзь, якая туды прыязджае на фальклорныя імпрэзы — «з-пад ветрака». Вятрак быў першым помнікам драўлянай архітэктуры, перанесеным у музей. Адбылося гэта ў канцы 1980-х.
Група сяброў, аматараў традыцыйнай культуры Падляшша, сабралася, набыла зямлю і заснавала грамадскую арганізацыю «Таварыства сяброў скансэна ў Козліках». Мелі вялікія планы на ратаванне драўлянай архітэктуры роднага рэгіёна. Сіл на рэалізацыю ўсіх задумак адразу не хапіла.
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: вёска Пухлы, дзе супрацоўнічаюць з Маларытай
Новыя аб’екты з’явіліся ў музеі толькі ў 2000-х гг. Гэта дзве хаты, у адной з якіх захаваныя адсылкі да традыцыйнага інтэр’еру, а другая перароблена на лазню, стадолу і клуню. У апошніх адбываюцца імпрэзы.
На сценах былых гаспадарчых пабудоў падчас мерапрыемстваў развешваюць выставы. Ёсць яшчэ клець, якая працягвае выконваць гаспадарчыя функцыі, толькі сёння там захоўваюць ужо не зерне, а інструменты.
У скансэн можна фактычна збегчы ад сучаснай цывілізацыі: тут не праведзена электрычнасць і каналізацыя, ваду выцягваюць з калодзежа ці з рэчкі. У лазні абсталяваны душ, але ваду туды трэба спачатку запампаваць, а грэецца яна на дровах. Хаты таксама топяцца дровамі. Абсталявана саўна. Ежу гатуюць на газавых гарэлках, а калі трэба электрычнасць, выкарыстоўваюць генератары.
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: Сацы — вёска ў «Краіне адкрытых аканіц»
Наведнікаў скансэна каля ўваходу вітае капліца, прысвечаная старажытнарускаму князю Уладзіміру. На ёй надпіс: «Володимиру, хрестителю Руси, на паметку 1000ліетя упокоення 1015–2015».
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: вёска Трасцянка, на гаворцы якой напісалі кнігу
Разам з драўлянай праваслаўнай царквой святога Мікалая ў Козліках лясны скансэн вабіць у вёску турыстаў. Як мы ўжо пісалі, большую частку года царква зачынена. Набажэнства тут абавязкова адбываецца 22 мая, у вясновы дзень памінання святога Мікалая. Тады ж адбываецца фэст у музеі. Акрамя таго, у скансэне адзначаюць Дзень хрышчэння Русі (28 ліпеня). Наўрад ці б так ушаноўвалі памяць князя Уладзіміра ў беларуска-арыентаваным асяродку. Заўсёднікам скансэна ў Козліках, народжаным на Падляшшы праваслаўным, якія размаўляюць на мясцовай гаворцы, бліжэй украінская, чым беларуская культура.
У музеі няма сталых супрацоўнікаў. Сябры таварыства, якое кіруе сядзібай, размяркоўваюць дзяжурствы на год наперад, каб кожныя выходныя ў скансэне нехта быў. Адказны паказвае музей турыстам, а заадно і сам адпачывае на прыродзе. Некаторыя праводзяць там час з уласнай сям’ёй, хтосьці робіць прыватныя вечарынкі. Частка сяброў таварыства арганізуе ў свае дзяжурствы ці на тыдні перад імі публічныя фальклорныя імпрэзы.
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: вёска Карыціскі, дзе можна паглядзець галандскі вятрак
На адну з такіх імпрэз, летнюю школу традыцыі «Меандры», аўтарцы пашанцавала трапіць у канцы жніўня 2022 г. Дзяжурыў Дарыюш Крышпінюк: танцор, спявак, супрацоўнік Падляскага інстытута культуры. Банэры ўстановы луналі ў Козліках на працягу ўсяго летніка, таму варта сказаць пра яе некалькі слоў.
Падляскі інстытут культуры ў Беластоку — самакіраваная культурная ўстанова, закладзеная Падляскім ваяводствам. Яна займаецца падтрымкай народнай культуры, самадзейнасці, яднае іншыя інстытуцыі рэгіёна з улікам яго шматнацыянальнага характару і полікультуралізму.
Гурт Chłopcy z Nowoszyszek выступае ў клуні ў Козліках
Да беларусаў і палякаў сябры скансэну ў Козліках ставяцца прыязна, часта запрашаюць гурты з Сувальшчыны, дзе жыве ў тым ліку літоўская меншасць. Але больш за ўсё ім дарагія сувязі з Украінай. На летніку «Меандры» спевы выкладалі ўкраінскія этнамузыколагі Ірына Кліменка (Ірина Клименко), Людміла Вострыкава (Людмила Вострікова), Ала Кавальчук (Алла Ковальчук). Вучылі ў асноўным песні з украінскай часткі Палесся.
Каб удзельнікі летніка пачулі мясцовы, падляскі рэпертуар, запрасілі гурт з недалёкіх Маліннікаў і 94-гадовую спявачку Марыю Дзенісюк з Кожына.
У якасці дадатковай праграмы былі танцавальныя майстар-класы Пятра і Багумілы Згажэльскіх, лекцыі і вечарыны. Удзельнікі з’ехаліся з усёй Польшчы, але арганізатары падкрэслівалі, што падчас запісу перавага аддавалася тым, хто жыве на Падляшшы ці паходзіць адтуль.
З тэрыторыі скансэна адкрываецца прыгожы краявід на раку Нараў. Побытавыя варункі настройваюць на больш павольнае, размеранае і гарманічнае жыццё (адсутнічае электрычная разводка, трэба чакаць, каб запусцілі генератар — інакш не заправіш тэлефон; з інтэрнэтам праз аддаленасць ад вялікіх населеных пунктаў могуць узнікаць праблемы).
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: шляхам Кастуся Каліноўскага
«Складаныя ўмовы спрыяюць добрай працы. Тыдзень адпачынку ад цывілізацыі, засяроджвання на творчасці», — сказаў неяк Дарыюш Крышпінюк у інтэрв’ю.
Адна з удзельніц летніка дадала: «Гэта месца мары, у якое мы пераносімся, аддзяляючыся ад цывілізацыі, якая нас цягне і цягне. Акружэнне скансэна, гэтых старых будынкаў, цішыня, якая нас прымае, Нараў, туман, які падымаецца падчас канцэрту — гэта дасканалая прастора для навучання традыцыйным спевам і танцам, аб якой можна толькі марыць».
Большасць удзельнікаў летніка цэлы тыдзень жыла ў скансэне. У хаце, адной са стадол і ў лазні абсталяваныя спальныя месцы. Ахвочыя могуць спаць нават у будынку млына (на ўласных дыванках і спальніках).
Падчас спеўнай сустрэчы з гуртом вёскі Маліннікі
Імпрэзы ў Козліках працягваюцца да сярэдзіны восені. У верасні—кастрычніку 2022 г. прайшлі яшчэ «Танцы ў клуні» і міні-летнік (а фактычна восеннік) па мужчынскіх спевах.
Фота і відэа аўтаркі
Алена Ляшкевіч, для budzma.org