5 красавіка спаўняецца 50 гадоў Купалаўскаму мемарыяльнаму запаведніку «Вязынка» — помніку, створанаму ў 1972 г. беларускім народам свайму песняру, піша nlb.by.
На тэрыторыі Беларусі шмат мясцін, звязаных з імем народнага паэта Янкі Купалы. Найбольш вядомая з іх — Вязынка. Гэта невялікая вёска, размешчаная непадалёку ад Мінска. Сюды, у фальварак Валенція Замбжыцкага, былога суддзі Мінскага губернскага суда, вясной 1881 г. прыехала сям’я Луцэвічаў. Бацькі паэта ўзялі ў арэнду толькі частку маёнтка, якая ўяўляла сабой традыцыйную дваранскую сядзібу. Менавіта тут 7 ліпеня 1882 г., якраз на свята Купалле, нарадзіўся будучы творца. Дзякуючы гэтаму супадзенню ён узяў сабе псеўданім Янка Купала.
У 1946 г. на доме, дзе Іван Дамінікавіч Луцэвіч з’явіўся на свет, была ўсталявана мемарыяльная дошка, а 20 чэрвеня 1948 г. тут пачаў дзейнічаць філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы «Вязынка». У 1972 г. да 90-гадовага юбілею з дня нараджэння народнага паэта ўрад Беларусі прыняў рашэнне аб стварэнні ў Вязынцы літаратурна-мемарыяльнага запаведніка. Аўтарамі праекта сталі беларускія архітэктары С. Мусiнскi, А. Каджар і А. Канаваленка. Яны пастараліся захаваць натуральны ландшафт Вязынкi з яе архітэктурнай планіроўкай, дрэвамі і вадаёмам. У вырашэнні гэтай задачы ў значнай ступені дапамаглі ўспаміны мясцовых жыхароў, а таксама вывучэнне архіўных матэрыялаў, газет і часопісаў. Былі праведзены рэстаўрацыйныя работы ў доме паэта, рэканструяваны стары сад, некалькі пабудоў (рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх).
Сёння Купалаўскі мемарыяльны запаведнік займае амаль 22 га. Ён уключае вёску Вязынка і навакольныя мясціны. На яго тэрыторыі растуць старажытныя дубы — маўклівыя сведкі даўніх падзей, а таксама дрэвы, пасаджаныя беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння песняра.
Ад чысцюткай крынічкі бярэ пачатак рэчка Вязынка, якая, верагодна, і дала назву вёсцы. Захапленне наведвальнікаў выклікаюць маляўнічае рукатворнае возера, старажытнае гарадзішча II–IV стст. н.э, камяні-валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта, лясістыя і ўзгорыстыя ваколіцы.
Цэнтральнае месца ў запаведніку займае сядзіба з хатай, у якой нарадзіўся Янка Купала. Галоўная мэта экспазіцыі, якая складаецца з мемарыяльнай і гісторыка-літаратурнай частак, — паказ жыцця і творчасці першага народнага песняра Беларусі ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, асвятленне яго ролі ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры.
Такім чынам, Купалаўскі мемарыяльны запаведнік уяўляе складаную сістэму музейных аб’ектаў і ахоўных тэрыторый, аб’яднаных паміж сабой гістарычна і тэматычна. Музеефікацыя адбываецца на некалькіх узроўнях: у замкнёнай традыцыйнай прасторы пабудоў і ў прасторы натуральнага ландшафту.
Купалаўскі запаведнік з’яўляецца пазнавальнай і маляўнічай турыстычнай славутасцю, прыносіць падарожнікам мноства станоўчых эмоцый. Цяпер на яго тэрыторыі да дня нараджэння пісьменніка праводзяцца рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, злёты студэнтаў-філолагаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні «Купалаўскія вакацыі», каляндарныя народныя святы. Дзясяткі тысяч турыстаў пабывалі ў гэтых мясцінах — вытоках паэтычнага таленту Янкі Купалы. Чакае запаведнік наведвальнікаў і сёлета, у юбілейны год з часу нараджэння славутага земляка.
Аб значнасці для сусветнай культуры помніка, створанага беларускім народам свайму песняру, сведчыць уключэнне Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.