Прадвеснік адраджэння беларускай літаратуры і заснавальнік польскага рамантызму. Гістарычны след Адама Міцкевіча

«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра літаратара Адама Міцкевіча.


Адам Міцкевіч — геній польскай літаратуры, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, заснавальнік польскага рамантызму.

000.jpg
  Дагератып 1842 года.

Нарадзіўся ў фальварку Завоссе (цяпер Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці). Вучыўся ў Віленскім універсітэце. Быў адным з заснавальнікаў тайнай студэнцкай арганізацыі філаматаў (гэта значыць «тых, хто імкнецца да ведаў»). Філіял яе — арганізацыя філарэтаў (чалавек, які любіць дабрачыннасць). З’яўляўся першай асобай сярод выхаванцаў Віленскага ўніверсітэта як па аўтарытэце, так і па таленце. 

001.jpg
  Напалеон Орда. Двор Міцкевічаў у Завоссі

У гісторыі літаратуразнаўства былі спробы прыпісаць яго непасрэдна і выключна да беларускай літаратуры. Нават некаторыя заходнія даследчыкі адназначна называлі яго па паходжанні і светаўспрыманні беларусам. Але паводле сваёй творчасці А.Міцкевіч найперш з’яўляецца паэтам польскай літаратуры. Куды важней тое, што пачынальнікам польскага рамантызму ён стаў, звярнуўшыся да беларускага фальклору, беларускага народнага побыту, чым даў добры прыклад наступным пакаленням мясцовых пісьменнікаў, прадстаўнікам так званай «беларускай школы» (Т.Лада-Заблоцкі, браты Гжымалоўскія, А.Рэут, А.Гроза, Г.Марцінкевіч, Ю.Ляскоўскі і інш.). А некаторыя з паслядоўнікаў А.Міцкевіча (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Каратынскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі) зрабілі наступны прынцыповы крок: ад польскамоўных перайманняў беларускага фальклору, ад яго перакладаў перайшлі да арыгінальнай творчасці на беларускай мове. У гэтым асноўнае значэнне творчасці А.Міцкевіча для Беларусі. Менавіта гэта дае права назваць яго «прадвеснікам адраджэння беларускай літаратуры». Яна не магла плённа развівацца на класіцысцкай глебе. Ёй быў патрэбны рамантычны штуршок.

002.jpg
  І. Хруцкі. «Патрэт Адама Міцкевіча». 1850-я гг.

Натуральна напрошваецца пытанне: чаму польскі рамантызм, як і сентыменталізм, нарадзіўся не на этнічна польскіх, а на беларускіх і ўкраінскіх (Ю.Славацкі, Я.Мальчэўскі, С.Гашчынскі) землях? Чаму варшаўскія крытыкі дагматычна трымаліся «наднацыянальнага» класіцызму і не ўспрымалі, не разумелі А.Міцкевіча? Варшава ж нібы была бліжэй да Заходняй Еўропы, дзе нарадзіўся рамантызм... Такая «анамалія», відаць, тлумачыцца тым, што так званыя «крэсы» знаходзіліся на памежжы праваслаўна-візантыйскага і каталіцка-раманскага (германскага) светаў, усходняй і заходняй макракультур, што рабіла іх сінтэтычныя праявы больш разнастайнымі, каларытнымі, прывабнымі для творцаў.

003.jpg
  І. Аляшкевіч. «Партрэт А. Міцкевіча». 1828

А.Міцкевіч нарадзіўся якраз на такім культурным памежжы — Навагрудчыне. Яна была калісьці ядром, вакол якога ў часы Міндоўга ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае (адсюль у паэта: «Літва! Мая айчына!»), потым разам з ім увайшла ў склад Рэчы Паспалітай, а ў 1795 годзе стала часткай Расійскай імперыі.

004.jpg
  Помнік Адаму Міцкевічу ў Мінску

Даследчыкам і чытачам здаецца сімвалічным, што А.Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня — на каталіцкія Каляды, зімовае сонцастаянне. Адносна самога месца нараджэння да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі. Большасць даследчыкаў лічаць, што гэта адбылося ў фальварку Завоссе, прыкладна ў 40 кіламетрах ад Навагрудка. Але ёсць і прыхільнікі (В.Каратынскі) версіі нараджэння паэта ў самім Навагрудку, дзе хлопчык быў хрышчаны ў Фарным касцёле. Даволі аргументаванай з’яўляецца думка і аб нараджэнні паэта ў прыдарожнай карчме Выгада. Аднак жа спрэчнасць не мяняе сітуацыі: калыскай паэта была шматмоўная Навагрудчына. Бацька, адвакат Мікалай, безумоўна, карыстаўся дома польскай мовай, хаця і паходзіў, як сведчаць польскія ж даследчыкі, з усходнебеларускага сялянскага роду Міцькаў. Хутчэй за ўсё, польскамоўнай была і маці, Барбара з Маеўскіх, дачка яўрэя-эканома, які прыняў хрысціянства. Але слугі Блажэй і Гансеўская гаварылі па-беларуску — з іх вуснаў будучы паэт упершыню пачуў народныя казкі, легенды, песні. Потым з навакольным беларускім сялянствам А.Міцкевіч, як і яго сябра Ян Чачот, пазнаёміўся бліжэй, займаючыся ў Навагрудскай дамініканскай школе.

005.jpg
  Гравюра Ф. Г. Рэбэрга (малюнак Ю. Палькоўскага)

Творчасць А.Міцкевіча пачалася з вершаваных твораў, напісаных яшчэ паводле рацыяналістычных канонаў класіцызму («Мешка, князь Навагрудскі», «Бульба»). Але ў свядомасці ўжо жылі постаці беларускай народнай фантастыкі, дэманалогіі. З Захаду да Навагрудка даходзілі кнігі Байрана і Шылера. Праўда, іх не прызнавалі варшаўскія рэцэнзенты і віленскія прафесары, якія заклікалі аддаваць перавагу не сэрцу, а розуму... І тут усе творчыя сумненні развеяла каханая паэта Марыя (Марыля) Верашчака, родам з недалёкіх Туганавічаў. Аднойчы яны пайшлі на ўзбярэжжа таямнічага возера Свіцязь, сустрэлі старога рыбака, які расказаў ім легенду пра горад, які, не скарыўшыся ворагу, пайшоў пад ваду. Марыля сказала: «Вось паэзія! Напішы нешта такое». І А.Міцкевіч напісаў балады «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка», «Лілеі», «Рамантычнасць», праграмны верш «Ода да маладосці», «Песню філарэтаў», другую частку паэмы «Дзяды». Яны былі з захапленнем успрыняты студэнтамі Віленскага ўніверсітэта, сталі маніфестам новага літаратурнага напрамку.

006.jpg
  Свіцязянка. Карціна Казіміра Альхімовіча

Ва ўніверсітэце А.Міцкевіч грунтоўна вывучаў класічныя і сучасныя мовы і літаратуры, гісторыю роднага краю. З 1817 года звязаў свой лёс з тайнымі студэнцкімі згуртаваннямі. Прыязджаў на іх пасяджэнні з Коўна, куды яго пасля заканчэння ўніверсітэта накіравалі выкладаць латынь у гімназіі. Сустракаўся з Марыляй — нават тады, калі яна стала жонкай графа Ваўжынца Путкамера, сябра паэта па ўніверсітэце. А.Міцкевіч з болем у сэрцы адмовіўся ад свайго асабістага шчасця, прадчуваючы, што не мае на яго права, бо яго чакае лёс выгнанніка. І яго прадчуванні спраўдзіліся: згуртаванні філаматаў і філарэтаў былі выкрыты. Для расправы з Пецярбурга ў Вільню прыехаў сенатар Навасільцаў, студэнтаў і выхаванцаў (у тым ліку і Міцкевіча) змясцілі ў камеры, зробленыя ў келлях былога ўніяцкага Базыльянскага манастыра, а пасля суда адправілі — каго, як Міцкевіча, у ссылку ў аддаленыя губерні Расійскай імперыі, каго — у турму, каго — пад нагляд паліцыі. Потым паэт усё гэта апіша ў трэцяй («дрэздэнскай») частцы паэмы «Дзяды», рамантычны герой якой Конрад (у ім угадваецца аўтар) гатовы пакутаваць «за мільёны».

У кастрычніку 1824 года А.Міцкевіч пераехаў з Вільні ў Пецярбург. Там у літаратурных колах яго ўжо ведалі — найперш як аўтара «Паэзіі» (Вільня, 1822–1823), куды быў уключаны цыкл «Балады і рамансы», як страснага прыхільніка рамантызму. Потым — як ворага царскага дэспатызму, як прыхільніка перакананняў дзекабрыстаў. Кандрацій Рылееў і Аляксандр Бястужаў сустрэліся з ім як даўнія сябры. А потым былі падарожжы: Масква, Адэса, Крым (у выніку ў 1826 годзе нарадзіліся тужліва-лірычныя «Крымскія санеты»), зноў Пецярбург. Знаёмства з Аляксандрам Пушкіным, Пятром Вяземскім, іншымі рускімі паэтамі, з піяністкай Марыяй Шыманоўскай, маці Цаліны, якая потым, у Парыжы, стане жонкай А.Міцкевіча, маці яго дзяцей. І ўсюды былі творчыя спрэчкі, вечары, захапленні. У хуткім часе была напісана і выдадзена гістарычная паэма «Конрад Валенрод» (1828) пра барацьбу з крыжакамі. Такі лад жыцця мала нагадваў ссылку. Вынікам знаходжання ў Расіі стала і вершаванае пасланне «Да рускіх сяброў» (1832).

007.jpg
  «Смерць Конрада Валенрода», Міхал Андрыёлі (1895)

У маі 1829 года, дзякуючы сяброўскім сувязям, А.Міцкевіч адплыў на параходзе ў Германію. Спыніўшыся ў Дрэздэне, наведаў разам з А.Адынцом у Веймары вялікага Гётэ, які падарыў госцю з Літвы сваё пяро. Тут Міцкевіч пачаў пісаць галоўны твор свайго жыцця — паэтычную эпапею «Пан Тадэвуш», якую закончыў у Парыжы. У гэтым творы ён паказаў «літоўскую» шляхту, патрыятычна настроеную ў сувязі з паходам Напалеона 1812 года. Паэма прасякнута тугой па родных ваколіцах, яе лясах і палях, яе каларытных і сардэчных людзях. Адначасова эпапея нараджала надзею на вызваленне ад царызму: калі ёсць такія людзі, як канспіратар Робак і пан Тадэвуш, справа, распачатая філаматамі і філарэтамі, не павінна загінуць.

У Парыжы А.Міцкевіч узначаліў левае крыло польска-«літоўскай» эміграцыі. Напісаў «Кнігі народа польскага і пілігрымства польскага», у якіх сцвярджаў, што яго краіна пакутуе, як Хрыстос на крыжы, за грахі Еўропы. Пачаў выдаваць часопіс «Pielegrzym Polski» («Польскі пілігрым»). Грошай не хапала на самыя надзённыя патрэбы, лячэнне жонкі і дзяцей. Таму ён паехаў у Лазану (Швейцарыя), каб выкладаць ва ўніверсітэце латынь. Потым пачаў чытаць лекцыі па славянскіх літаратурах у парыжскім Калеж дэ Франс (1840–1844). Абапіраючыся ў іх, безумоўна, на ўражанні дзяцінства і юнацтва, даў высокую, ці не першую ў Заходняй Еўропе, характарыстыку мове беларускага народа, назваўшы яе сённяшнім найменнем: «На беларускай мове, якую называюць русінскай, або літоўска-рускай (...), гавораць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самы багаты і самы чысты дыялект, ён узнік даўно і выдатна распрацаваны. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ім для сваёй дыпламатычнай перапіскі».

Затым на некалькі гадоў муза паэта змоўкла, ён спрабаваў дзеля заробку пісаць гістарычныя п’есы на французскай мове. Абуджэнне прыйшло на рэвалюцыйнай хвалі еўрапейскай «вясны народаў». У 1848 годзе А.Міцкевіч накіроўваецца ў Італію, каб узначаліць там польскі легіён у падтрымку руху карбанарыяў. У 1849-м рэдагуе ў Парыжы міжнародную газету «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»). Цяпер вызваленне сваёй радзімы ён звязвае з вызваленнем народаў усёй Еўропы. У часе Крымскай вайны 1855 года накіроўваецца ў Стамбул, каб згуртаваць антыцарскія сілы. Але 26 лістапада халера (а паводле іншых звестак — варожая атрута) абарвала яго жыццёвы шлях.

Дык якому ж народу належыць творчая спадчына Адама Міцкевіча? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ахарактарызаваць яго самасвядомасць. Спачатку ён быў патрыётам Навагрудчыны, сваёй малой радзімы. Потым, у Віленскім універсітэце, прыйшло ўсведамленне спадкаемнасці, належнасці да гістарычнай Літвы, Вялікага Княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага, традыцыі якога яшчэ былі вельмі жывыя. Пазней, у эміграцыі, ён ужо ўразумеў, што адна Літва не зможа здабыць свабоду, што трэба перамагчы ўсіх трох самадзержцаў, якія падзялілі Рэч Паспалітую. І тады ён стаў і польскім патрыётам. Урэшце, на хвалі рэвалюцыі 1849 года, у паэта нарадзілася пачуццё еўрапейскасці: толькі супольныя дзеянні, як гэта сцвярджаецца ў «Трыбуне народаў», могуць даць жаданы вынік для кожнага паасобку. А.Міцкевіч сам не аддзяляў сябе ад паляка, ліцвіна, русіна ці жмудзіна. Не будзем яго дзяліць і мы. Ён належыць усім народам, якія ўваходзілі ў склад першай Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусам. І беларусы шануюць яго памяць, адкрыўшы ў Навагрудку мемарыяльны дом-музей А.Міцкевіча, насыпаўшы яму капец-курган побач з замкам, узвёўшы помнікі паэту ў розных гарадах Беларусі.

005.jpeg
  Тытульная старонка першага выдання паэмы «Пан Тадэвуш» (1834)

Здзейснілася мара А.Міцкевіча, які хацеў дажыць да таго часу, калі яго кнігі трапяць на яго радзіме пад сялянскія стрэхі. Толькі «Пан Тадэвуш» выйшаў у пяці розных беларускіх перакладах і сярод іх — першы славянскі пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча. Потым былі рускі, чэшскі, балгарскі, украінскі.

Цела паэта пасля смерці перавезлі са Стамбула ў Парыж, а ў 1890 годзе — у Кракаў, у Вавельскі замак, дзе пахавалі побач з каралямі.