Галоўпаштамт, фантан “хлопчык з лебедзем”, туалет у стылі ракако ды іншыя славутасці – героі гарадскога фальклору. Пісьменнік і бард Міхаіл Валодзін калекцыянуе такія мінскія гісторыйкі ўжо больш як дваццаць гадоў, дагэтуль публікаваў іх у блогу на сайце агенцтва “Твая сталіца” і ў сацыяльных сетках. Цяпер яны выйшлі ў прыгожай каляровай кнізе на рускай і ангельскай мовах. Прэзентацыя выдання “Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках” прайшла ў Пушкінскай бібліятэцы і ледзьве змясцілася ў тры гадзіны.
Кнігу можна разглядаць як натхняльную і жартоўную экскурсію ад вакзала да плошчы Перамогі, напоўненую сапраўднай і трохі выдуманай гарадской гісторыяй, якая будзе цікавая не толькі гасцям, але і карэнным мінчукам. У першай кнізе змясціліся 24 гісторыйкі, але аўтар прызнаецца, што мае аповедаў яшчэ на тры кнігі, так што плануецца працяг. Таксама ўжо ідзе размова пра перавыданне – на беларускай і польскай, нямецкай ці ангельскай мовах.
Немагчыма не расхваліць афармленне кнігі, якое выканаў мастак Сяргей Стэльмашонак – фотаздымкі старога Мінска, аздобленыя іранічнымі малюнкамі, сапраўды вабяць і радуюць. Кніга выйшла накладам пяць тысяч асобнікаў, прычым пятнаццаць з іх утрымліваюць графічныя працы мастака, расфарбаваныя ўручную. На вокладцы ж – стракатыя домікі і чалавечкі з карціны мастака Ігара Рымашэўскага.
“Калі б Рымашэўскі афармляў усю кнігу, то ў ёй бы не засталося мяне, – смяецца Міхаіл Валодзін. – Таму я ўзяў ягоную цудоўную карціну на вокладку, а над афармленнем працаваў далікатны і стрыманы Стэльмашонак”.
Прэзентацыя спачатку нагадвала адначасова сяброўскія пасядзелкі, юбілей і студэнцкі капуснік. Міхаіл Валодзін, вакол якога бегала маленькая дачка, бясконца дзякаваў сябрам і знаёмым, якія так ці інакш удзельнічалі ў стварэнні кнігі: вычытвалі, вярсталі, давалі выспятка альбо паілі віном. Сяброў у аўтара аказалася сапраўды шмат. Дапамагаў весці імпрэзу музычны крытык Дзмітрый Падбярэзскі, які таксама ведае Валодзіна з універсітэцкіх гадоў. Ён падняў тост за Мінск і мінчукоў і пажадаў, каб з кнігі яны пачарпнулі для сябе шмат цікавага.
На імпрэзе выступілі і людзі – крыніцы мінскіх гісторыек. Любоў Дзмітрыеўна Усава, найстарэйшы мінскі архітэктар, якая пасля вайны праектавала будынак БНТУ, парк Горкага ды іншыя аб’екты, была адной з такіх сведак. Упэўненая, што тут няма нікога такога ўзросту, як я, – весела сказала пажылая жанчына з прыгожым гордым голасам. – Мне было няважна, што праектаваць – гарадскія прыбіральні, будкі, чыгуначныя станцыі, музеі альбо кіназал, галоўнае – працаваць”. Любоў Дзмітрыеўна дадала, што была ў шоку ад кніжкі, бо ніяк не магла ўявіць, што так можна гаварыць пра архітэктуру: “У нас жа падыходзілі ўрачыста, па-дзелавому, а тут раптам так цікава і самае галоўнае, што ёсць жарты”.
Журналіст Уладзімір Мехаў таксама расказаў Валодзіну ў свой час процьму сюжэтаў, але на прэзентацыі са смехам заўважыў, што аўтар шмат што алітаратурыў: “У гісторыі са святкаваннем юбілею цырка, напрыклад, конь спаражняецца на арэне на бюст Леніна. Насамрэч я ж прысутнічаў тады ў цырку. Не было там бюста. Але так красівшэ”. – “Ды ён паўсюль тады быў, гэты бюст”, – аджартоўваецца Валодзін.
Архівіст Дзяніс Лісейчыкаў, які таксама дапамагаў Валодзіну інфармацыяй, сказаў, што даўно чакаў з’яўлення аўтара, які б цікава і з гумарам мог апісаць мінскую гісторыю, як гэта рабіў, напрыклад, літоўскі паэт і публіцыст Томас Венцлова. “Спадзяюся, што нашыя архіўныя дакументы дачакаюцца часу, калі дзякуючы таленту Міхаіла змогуць стаць сюжэтамі для новых гісторый. І хачу сказаць ягонымі словамі: не трэба дзяліць людзей, усе людзі – мінчукі”.
Сённяшнія мінчукі, падкрэслівае Міхаіл Валодзін, – гэта нашчадкі жыхароў колішняга Мінска-Вавілону, дзе суседнічалі беларуская, руская, польская, татарская і габрэйская нацыянальнасці. Таму другім планам прэзентацыі сталі аповеды пра кожную з гэтых культураў у межах нашага горада. Пра мінскіх татараў і палякаў расказаў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, экскурсавод Цімох Акудовіч дадаў звестак пра ўласна беларусаў, якія ў старыя часы ў горад траплялі не так часта, перамяжоўвалася гэта ўсё спевамі на ідышы ды беларускімі народнымі песнямі, спявак Пётр Клюеў выканаў рамантычную кампазіцыю па-польску. Як усё гэта ўдалося змясціць у адну прэзентацыю – абсалютна незразумела, і, напэўна, гэты вавілонскі гармідар мог бы працягвацца бясконца, калі б бібліятэкары не пачалі ненавязліва нагадваць пра позні час.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай