«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра навукоўца Аркадзя Мігдала.
Аркадзь Бейнусавіч Мігдал (11 сакавіка 1911 г. — 9 лютага 1991 г.)
А.Мігдал — фізік, акадэмік АН СССР (1966 г., член-карэспандэнт з 1953-га).
Нарадзіўся ў г.Лідзе Гродзенскай губерні (цяпер Гродзенская вобласць). У 1936 годзе скончыў Ленінградскі ўніверсітэт. У 1943–1945 гадах працаваў у Інстытуце фізічных праблем АН СССР, у 1945–1971-м — у Інстытуце атамнай энергіі імя І.Курчатава. З 1971 года працаваў у Інстытуце тэарэтычнай фізікі Расійскай акадэміі навук. Адначасова з 1944 года — прафесар Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута.
Навуковыя даследаванні А.Мігдала прысвечаны атамнай і ядзернай фізіцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі металаў, іншым праблемам сучаснай тэарэтычнай фізікі. Сумесна з Л.Ландау стварыў новы напрамак у тэарэтычнай фізіцы — выкарыстанне метадаў квантавай тэорыі поля ў праблеме многіх целаў. Упершыню карэктна разгледзеў узаемадзеянне электронаў з ваганнямі рашоткі (фанонамі) у нармальных металах і ўстанавіў шэраг вынікаў, якія ўзнікаюць пры ўліку гэтага ўзаемадзеяння. Даказаў існаванне скачка ў размеркаванні фермі-часціц на імпульсах для сістэм з любым узаемадзеяннем, развіў метады тэорыі фермі-вадкасці для сістэм канчатковых памераў. Скарыстаў метады тэорыі многіх целаў у фізіцы ядра і атрымаў важныя вынікі па тэорыі момантаў інерцыі ядра. Прымяніў ідэі тэорыі фермі-вадкасці для апісання канчатковых сістэм, упершыню колькасна апісаў такія важныя ўласцівасці ядзер, як магнітныя і квадрапольныя моманты, ізатанічны зрух, радыяцыйныя пераходы, гіганцкі рэзананс у фотапаглынанні.
А.Мігдал пабудаваў строгую квантава-электрадынамічную тэорыю тармазнога выпраменьвання і ўтварэння пароў у асяроддзях (1954). Выказаў (1959) дапушчэнне, што ядзерная матэрыя ў нейтронных зорках уяўляе сабой вадкасць, якая знаходзіцца ў звышвадкім стане. Выканаў шэраг даследаванняў, якія прысвечаны вывучэнню ўласцівасцяў вакууму ў моцных палях. Займаўся таксама распрацоўкай прыкладных пытанняў.
А.Мігдал — заснавальнік навуковай школы фізікаў-тэарэтыкаў. Сярод яго вучняў многія вядомыя фізікі. Ён аўтар фундаментальных прац «Тэорыя канечных фермасістэм і ўласцівасці атамных ядзер» (1965); «Прыбліжаныя метады квантавай механікі» (1966); «Метад квазічасціц у тэорыі ядра» (1967) і іншыя.
За навуковыя дасягненні ўзнагароджаны ордэнам Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Памёр у г.Прыстане (ЗША), пахаваны ў Маскве.