Міхал Андрасюк: Рыхтую новую кнігу, гэта мой пратэст супраць абсурдаў вайны, якая ўсё бліжэй і бліжэй да нас

Беларускі пісьменнік з Падляшша Міхал Андрасюк 2 снежня адзначыў 65-гадовы юбілей. Сёлета, якраз напярэдадні дня народзінаў, Міхал браў удзел у традыцыйным літаратурным семінары «Бязмежжа» ў Беластоку. Пасля завяршэння пільных фестывальных спраў паразмаўлялі з пісьменнікам пра жыццё на памежжы і мігранцкі крызіс, праблемы інтэграцыі новых эмігрантаў і мясцовых беларусаў і пра новую кнігу, якая пакуль яшчэ не мае назвы, але вядома, што яна будзе «пра дыханне вайны».


Michal Andrasiuk
Міхал Андрасюк. 
Фота з асабістага архіва  

Міхал Андрасюк — пісьменнік, журналіст, актыўны дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы. Піша па-беларуску і па-польску.

Дэбютаваў у беластоцкай «Ніве» (1979) вершамі. Аўтар 10 кніг прозы і адной кнігі вершаў. Кніга «Белы конь» Міхала Андрасюка атрымала літаратурную прэмію прэзідэнта горада Беласток імя Веслава Казанецкага. Міхал — лаўрэат 2-й прэміі імя Ежы Гедройця ў 2019 годзе за кнігу «Поўня». 25 сакавіка 2020 года яго абвясцілі лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за раман «Поўня».

— Літаратурны семінар «Бязмежжа» адбываецца на Беласточчыне з 1990-х гадоў. Пачынаўся яшчэ ў Гайнаўцы, памятаю, тады прыехалі вялікай групай пісьменнікі з Беларусі, там быў Ігар Бабкоў, Адам Глобус, Алесь Аркуш, быў яшчэ з імі Алесь Бяляцкі. Адбываецца і па сёння — быў толькі перапынак на пандэмію. З Гайнаўкі пераехаў у Белавежу, пасля ў аграсядзібу Бора-Здруй на Гайнаўшчыне, апошнія гады праходзіць у Беластоку. Гэта сустрэчы пісьменнікаў з Беларусі і беларускіх пісьменнікаў Польшчы, былі і такія выпускі «Бязмежжа», калі далучаліся польскія пісьменнікі.

«Biazmiežža»
«Бязмежжа». Фота з асабістага архіва  

Што цікава, плёнам першых семінараў былі пераклады беларускай літаратуры на польскую мову. Выйшаў зборнік Алеся Разанава, «Доўгая дарога дадому» Васіля Быкава, «Рэквіем для бензапілы» Уладзіміра Арлова, «Дамавікамерон» Адама Глобуса на зломе 1990-х і нулявых.

— Апошняя на сёння кніга — «Поўня» — выйшла ў 2018-м. Можа, ёсць чым парадаваць сваіх чытачоў?

«Poŭnia»
Кніга "Поўня". Фота: Радыё Свабода

— Я ў прынцыпе не так шмат і пішу — у мяне кніга выходзіць раз на пяць або шэсць гадоў, як атрымаецца. Увосень у перакладзе на польскую мову выйшаў мой зборнік апавяданняў, яны выходзілі ў дзвюх першых маіх кнігах — «Фірма» (Беласток, 2000) і «Гравітацыя» (Беласток, 2004). Ну і вось Марцін Рэмбач выбраў з гэтых дзвюх маіх кніг 10 апавяданняў, пераклаў іх і зрабіў кнігу «Żubr i inne opowiadania».

«Żubr i inne opowiadania»

Пасля «Поўні» (Беласток, 2018), якая патрапіла ў прэмію Гедройця, не было нічога новага ад мяне. І гэта гадоў, бадай, пяць прайшло. Зараз, сапраўды, я прысеў крышку над новай кнігай. Спадзяюся, што ў 2025 годзе яна зможа пабачыць свет, што я спраўлюся і паспею, каб яна выйшла ў наступным годзе. Загаловак яшчэ нават складана назваць, сам дакладна яго не ведаю. «Чужая маці», можа, «Чужы сын», можа, яшчэ штосьці іншае прыдумаю.

Гэта мае быць такі мой пратэст супраць абсурдаў вайны, якая ўсё бліжэй і бліжэй да нас падыходзіць.

— Ага, значыць, традыцыі мяняюцца, скажам так. Бо ўся творчасць Міхала Андрасюка, як ведаю, моцна прывязаная да родных мясцін і людзей.

— Так, можна сказаць, гэта будзе крыху іншае. Скажам так, не прывязаная да Падляшша, да польска-беларускага памежжа, кніга ў шырэйшым плане пра абсурд, якім з’яўляецца вайна кожная.

Так, можна сказаць, што ўсе мае ранейшыя кнігі адбываюцца на Падляшшы ці памежжы польска-беларускім. Падляшша — месца маіх кніг. Ну але чалавек сталее, мяняецца, новыя падзеі і палітычныя абставіны — гэта ўсё таксама закранае і мяне як аўтара.

— Неяк мы размаўлялі, і прагучала такая фраза: «Гляджу ў вакно на Беларусь», як разумею, гаворка ішла пра родную вёску на памежжы, зараз таксама там ля мяжы творчасць адбываецца?

— Я зараз жыву ў такім трохкутніку. Па-першае, гэта Войнаўка, мая малая бацькаўшчына, дзе застаецца бацькоўскі дом, дзе я сяджу летам — пару дзён у Войнаўцы, пару дзён у Беластоку. А зімою ўжо — некалькі дзён у Гайнаўцы і некалькі дзён у Беластоку з увагі на працу на «Радыё Рацыя». А Войнаўка, так, два ці нават менш кіламетры ад беларускай мяжы. А за ёй ужо Камянецкі раён, Берасцейшчына.

У бацькоўскім доме круглы год можна перабываць — я яго рамантаваў колькі год, нешта там даводзіў да ладу, каб і зімой можна было жыць. Але зімой усё ж больш зручна бліжэй быць да працы.

— Памятаю легенду пра подкуп савецкіх памежнікаў па вайне, калі праводзілі межы...

— Так, то была такая вельмі гучная гісторыя адной вёскі, не маёй, суседняй — у шасці кіламетрах стаіць Апака Вялікая. І там сапраўды была такая сітуацыя, што па вайне мяжа павінна была прайсці праз сярэдзіну вёскі. Прыкладам, мяжа мусіла прайсці праз панадворак сям’і майго знаёмага, ужо пакойнага Уладзіміра Ляшука. То-бок дом заставаўся у адной дзяржаве, а стадола, пуня — у іншай. І гэтыя мясцовыя апакаўцы нібыта мёдам і самагонкай падкупілі кагосьці з адказных памежнікаў, і мяжа абмінула іхную вёску за метраў дваццаць. Сапраўды, калі паглядзіш на мапу, то так і выглядае — мяжа бяжыць пад лінейку і толькі на Апацы робіць такое вось каленца, абмінае вёску і далей ідзе зноў роўненька праз нашу Пушчу. Так вось праходзілі межы праз нас.

Michal Andrasiuk
Міхал Андрасюк. Фота: Радыё Свабода

— Родныя мясціны, а гэта ж памежная зона, закрануў так званы мігранцкі крызіс?

— Безумоўна закрануў. Зараз ужо крыху не так рыгарыстычна ўсё адбываецца з боку дзяржавы, але было так, што кожны праезд ды ўезд кантраляваўся паліцыяй. Былі абмежаванні. Зараз крыху паспакайнела.

Але паўстае іншая праблема. Польскі ўрад прыняў рашэнне будаваць па ўсёй мяжы, пачынаючы ад Калінінграда «Шчыт Усходу». У даўжыню можна ўявіць па мапе, але ніхто не ведае, наколькі шырокай будзе тая лінія з усялякіх адмысловых умацаванняў. І такі непакой у людзей памежжа ёсць — а можа раптам адсяляць пачнуць, адціскаць дзесьці там ад мяжы? Ніхто дакладна не ведае, як будзе тое ўсё выглядаць.

— Дадае атмасферы ў новую кнігу пра абсурды вайны...

— Ну так, бо на сваёй спіне адчуў подых гэтай вайны. Яна нібыта далекавата, хаця ў геаграфічным плане не так насамрэч і далёка, колькі там ад Берасцейшчыны да Украіны. Тым не менш гэта дыханне вайны адчуваем, кажуць нам пра нейкія ўмацаванні на мяжы, нейкія захады па бяспецы — што можа быць пагрозай страціць сваю зямлю яшчэ да таго, пакуль гэта вайна яшчэ не тут.

— Зараз Беласток ці не самы беларускі горад на беларускай мапе дыяспар, ці ёсць узаемадзеянне новых эмігрантаў з мясцовымі беларусамі, нейкая інтэграцыя?

— Ёсць беларуская дыяспара. Большасць людзей прыехала пасля 2020 года, пасля гэтых няшчасных прэзідэнцкіх выбараў прыехалі ў Польшчу не заўсёды па сваёй волі. І ёсць беларуская меншасць, якая жыве на Беласточчыне спакон вякоў. Але ці гэтыя дзве групы беларусаў інтэгруюцца? Слабенька інтэгруюцца, скажу табе. Нават на «Бязмежжы» апошнім мы пра тое гаварылі — прафесар Алег Латышонак звяртаў увагу на гэты факт. Як бы такі адрозны жыццёвы досвед назіраем. Досвед людзей, якія жылі, вырасталі ў Беларусі, і досвед наш, тут у Польшчы. Жыццёвы досвед адрозны, і не заўсёды мы адно аднаго разумеем, нават размаўляючы на адной агульнай мове.

Я сачу за мерапрыемствамі, якія ладзіць беларуская дыяспара ці, можна сказаць, беларусы, якія прыехалі ў 2020-я гады. Там вельмі мала мясцовых беларусаў.

Ёсць такі славуты ўжо ў Беластоку хаб «Новая зямля», яго зрабілі беларусы з Беларусі, вельмі актыўна ён працуе, амаль кожны дзень штосьці адбываецца: сустрэчы з аўтарамі, пісьменнікамі, з музыкамі, нейкія канцэрты, майстар-класы, лекцыі, выставы. Вельмі шырокі дыяпазон у тым хабе, калі казаць пра тэмы. І там адзінкава прысутнічаюць беластоцкія беларусы. Скажам, было святкаванне Дня святога Губерта, заступніка Гародні, то атрымалася, што ў вялікай групе ўдзельнікаў я апынуўся адзіным з Беластока. Што праўда, так не заўсёды — была сустрэча-лекцыя з Уладзімірам Арловым, то ўжо больш інтэграцыйная яна атрымалася, было шмат і беластоцкіх беларусаў.

Назіраем і крыху шкадуем, што тая інтэграцыя адбываецца вельмі марудна. На радыё гэта зусім іначай, бо ў нас на «Радыё Рацыя» працуюць і людзі з Беларусі, і беластоцкія беларусы — то гэта ўжо як адна сям’я.

— А ў чым зараз палягае праца на «Радыё Рацыя», аўтарскія перадачы ад літаратара-журналіста?

— Я працую як вядоўца ў студыі. Ёсць, праўда, у мяне аўтарская праграма — адзін выпуск на тыдзень. Раней гэта была праграма «Беларусы ХХІ стагоддзя», дзе я размаўляў у асноўным з беларусамі-ўцекачамі, а з гэтага лістапада пачалі чарговую праграму на год — «Беласточчына — малая бацькаўшчына», тут ужо размовы з беларусамі Падляшша. А так у асноўным — праца ў жывым эфіры ў студыі.

Michal Andrasiuk
Міхал Андрасюк у студыі "Радыё Рацыя"

— Калісьці ў адным з інтэрв’ю пісьменнік Міхал Андрасюк казаў, што ягоныя чытацкія густы пераменяюцца, спіс улюбёнцаў не цэментаваны. А што зараз трапляе ў чытацкі кругагляд?

— Так, што я чытаў апошняе па-беларуску? Амаль усё тое, што выходзіць у выдавецтве «Камунікат» Уладзіміра Арлова. Вельмі зацікавіў ягоны першы зборнік паэзіі «Śvieciacca vokny dy nіkoha za jіmі» на беларускай лацінцы. Гэта такі цікавы досвед, якога ў мяне дагэтуль не было — чытаць беларускай лацінкай.

Алесь Аркуш зараз выдаў вельмі цікавую кнігу — зборнік прозы «Як падае снег, як расце трава». Там былі і старыя тэксты, але, як ні дзіўна, я іх неяк тады прапусціў і зараз адкрыў нанава. Некалькі апавяданняў вельмі моцна мяне закранулі з гэтай кнігі.

Крыху зараз звяртаюся таксама да сербскай, да балканскай літаратуры. Яна дагэтуль заставалася для мяне малавядомай, аказваецца, што там сапраўды ёсць шмат цікавага.

З вялікім захапленнем прачытаў нобелеўскага лаўрэата з Турцыі Архана Памука ў польскім перакладзе, гэта раман «Rudowłosa».

А яшчэ маю зараз проста перад сабой вельмі такую цікавую кнігу беларускі Волькі Вялічкі «Ад двух да пятнаццаці: мая мама ў турме». Ведаеш, чытаю з вялікім хваляваннем гэту кнігу. Яна не такая і вялікая, але пачытаю і спыняюся, вяртаюся праз тыдзень. Не ведаю нават, як сказаць, каб гэта занадта патэтычна не гучала... Але чытаеш — і сэрца баліць, і душа баліць ад гэтых галасоў дзяцей, якія распавядаюць свой свет. Уражвае гэта кніга.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org