— Гісторыя — гэта непарыўны працэс, дзе кожная асоба робіць свой унёсак, і вызначаць галасаваннем значнасць унёскаў, на маю думку, не зусім карэктна. З вынікаў галасавання можна рабіць высновы адносна вядомасці гістарычных асобаў у сучасным беларускім грамадстве. Рэйтынг вядомасці, «раскручанасці», але не значнасці.
У раздзеле «Самыя выбітныя гістарычныя асобы ўсіх часоў» першае месца займае Васіль Быкаў, выдатны пісьменнік, патрыёт, сумленны і мужны чалавек, аднак ягоная роля ў гісторыі Беларусі меншая, чым роля Вітаўта, Каліноўскага, Скарыны, Сапегі.
У другі раздзел апытання — «Самыя выбітныя асобы замежных краін і культур, народжаныя на зямлі Беларусі» — увайшлі імёны асобаў, роля якіх у культуры нашай краіны не менш значная, чым у іншых краінах. Гэтыя імёны цяжка падзяліць, ды і сэнсу няма — гэта супольныя героі. Рука не падымаецца заносіць у гэты спіс Міхала-Клеафаса Агінскага, бо ён такі ж самы наш і мог бы прысутнічаць таксама і ў першым раздзеле.
Трэці раздзел для мяне самы складаны. Тут таксама ёсць пытанні. Напрыклад, каго мы называем сучаснікам? Гэта тыя, хто жыве цяпер, ці тыя, што жылі з намі ў адзін час і сышлі зусім нядаўна? Васіль Быкаў для мяне сучаснік, яго творчасць і цяпер стварае пазітыўны вобраз Беларусі ў свеце.
У маім спісе імёны падаюцца ў храналагічным парадку, і я пачынаю з Рагнеды. Далей ідуць Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Міндоўг, Вітаўт Вялікі, Скарына, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, браты Луцкевічы і Янка Купала.
Што да асобаў значных для замежных краін і культур, то ў маім спісе ёсць супольныя героі і тыя, хто аб’ектыўна належыць толькі да замежных культураў. Аднак прыярытэтам у вызначэнні асобаў была іх значнасць менавіта для замежных культур. Такім чынам, на першым месцы ў мяне (храналагічна) Ягайла. У беларускай гісторыі ён быў амаль здраднікам, а для палякаў — пачынальнікам магутнай дынастыі Ягелонаў. На другім месцы Сімяон Полацкі — вестэрнізатар расійскай культуры. Далей у спісе — Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Ігнат Дамейка, Эліза Ажэшка, Эліэзэр Бэн-Егуда — адраджальнік іўрыту, Марк Шагал, Оскар Мілаш, Ежы Гедройц, Айзэк Азімаў.
Нечакана для самога сябе я не змог вызначыць 12 асобаў, якія б адназначна адпавядалі крытэрам трэцяга раздзелу галасавання. Таму я дазволіў сабе далучыць да спісу асобаў, якія жылі разам з намі ў адзін час, а іх творчасць дагэтуль застаецца запатрабаванай. Спіс складаўся без рэйтынгу і не храналагічна, а ў адвольнай паслядоўнасці. Такім чынам, у спіс увайшлі Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Мулявін і «Песняры», Васіль Быкаў, Алесь Разанаў, Лявон Тарасевіч, Лявон Вольскі і гурт «НРМ», Іван Кірчук і гурт «Троіца», Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Адамовіч і Святлана Алексіевіч.
На жаль, шмат каго са значных асобаў і цікавых творцаў я не змог далучыць да спісу з прычыны таго, што яны малазнаныя за межамі Беларусі. Адначасна з гэтым трэба адзначыць, што не ўсе ўзгаданыя мной асобы ствараюць пазітыўны імідж Беларусі. Але тое, што іх творчасць вядомая ў свеце, ужо ёсць пазітыўным фактарам на карысць беларускай культуры.