Паэты Міхась Скобла і Іна Снарская выступілі на Берасцейшчыне – у летніку “Спадарожнік” і на базе адпачынку “Белае возера” Лунінецкага раёну 2 жніўня.
Іна Снарская (аўтарка шасці паэтычных зборнікаў) нарадзілася ў Полацку, але ўжо дваццаць гадоў жыве ў Палтаве (Украіна). Яна брала ўдзел у V З’ездзе беларусаў свету, наведала сваю малую радзіму, а вандроўка на Лунінеччыну сталася для яе прыемным сюрпрызам:
“Падобныя сустрэчы для мяне – як ратаванне. Украіна даўно мне не чужая, мяне там перакладаюць і выдаюць, але пішу я па-беларуску, таму вельмі ўдзячная беларускім сябрам за гэтыя цудоўныя спатканні. Паэту жывы водгук неабходны. У Палтаве я таксама ўдзельнічаю ў літаратурных сустрэчах, але такога цёплага прыёму, як у летніку “Спадарожнік”, я не бачыла даўно. Каб вы толькі бачылі, як дзеці скандавалі “Будзьма беларусамі!”, як актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах! Заўтра я ад’язджаю ў Палтаву, але ўспамін пра гэтую сустрэчу будзе саграваць мяне доўга-доўга”.
Міхась Скобла прызнаўся, што на Лунінеччыну прыехаў не ўпершыню: “Відаць, не засталося ў Лунінецкім раёне школаў, куды б за мінулыя некалькі гадоў не наведаліся беларускія пісьменннікі і музыкі. Мы тут былі з віяланчэлістам Ігарам Алоўнікавым, бардам Алесем Камоцкім, выканаўцай народных песняў Наталляй Матыліцкай… Усе літаратурныя святы тут наладжваюцца ўлюбёным у беларускую паэзію чалавекам – Таццянай Васілеўнай Канапацкай. Калі яна ладзіць сустрэчу – значыць, зала будзе поўная, атмасфера ў ёй будзе адпаведна ўзнёслая. Так было і гэтым разам. Я з удзячнасцю прысвяціў спадарыні Таццяне верш, які пачынаецца радкамі: “У імя Святога Духа, Сына і Айца пройдзе хай бяда і скруха міма Лунінца!” Лунінеччына – дзівосны край, дзе, падобнае да жырандолі, свеціцца чысцюткае Белае возера, дзе вёскі называюцца Вулькамі (а Вулька – гэта Воля, Свабода), дзе жыў Якуб Колас і бываў Аляксандр Блок”.
На абедзвюх сустрэчах прысутнічала каля 80 чалавек.
Пераможцы конкурсаў атрымалі падарункі з эмблемай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і праводзіліся выступы.
На першым фота: Іна Снарская
Тэгі: Берасцейшчына, Лунінец