Міхась Скобла і Таццяна Матафонава ў Вілейцы і Смаргоні

fota-2-resized2

Паэтычна-спеўны дуэт у складзе салісткі Белдзяржфілармоніі Таццяны Матафонавай і паэта Міхася Скоблы 12 кастрычніка наведаў Вілейку і Смаргонь.

fota-3-resized2

Спявае Таццяна Матафонава

Адбыліся дзве сустрэчы: у Вілейскай гімназіі № 2 і Смаргонскім цэнтры дзіцячай творчасці. Гімназісты і юныя творцы не толькі слухалі вершы і песні, але і адгадвалі вершаваныя загадкі, за што атрымалі прызы – сумкі і значкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а таксама кнігі выдатнага беларускага паэта-лірыка Рыгора Крушыны “Кантата самотных” з “будзьмаўскай” налепкай.

fota-1-resized2

Пасля сустрэчы ў Вілейскай гімназіі № 2

Уражаннямі ад паездкі падзяліўся Міхась Скобла: “У гімназіі мяне здзівілі прысутныя на сустрэчы пяцікласнікі, якія дружна падпявалі Таццяне і “Мой родны кут”, і “Люблю мой край, старонку гэту”, і “Зорку Венеру”. Пасля сустрэчы я запытаўся ў дзетак: адкуль вы ведаеце гэтыя песні, яны ж не гучаць па тэлевізары? І яны патлумачылі, што развучваюць іх на ўроках спеваў і беларускай літаратуры, якія вядзе спадарыня Хрысціна Гардынец. Гэтая улюбёная ў роднае слова настаўніца і арганізавала сустрэчу ў гімназіі. А ў Смаргоні нас слухалі будучыя музыкі, мастакі, паэты, скульптары – выхаванцы спадарыні Ніны Мальковай. Пасля сустрэчы мы атрымалі падарункі мясцовага вырабу – акарыны са славутай крэўскай гліны. Я спрабаваў зайграць “Паланэз” Агінскага, чый маёнтак Залессе непадалёк ад Смаргоні, але з ходу не атрымалася. Трэба вучыцца. Сур’ёзны інструмент”.

Сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

На першым фотаздымку: У Смаргонскім ЦДТ выступае Міхась Скобла.

Тэгі: ,