Скандальны выпадак адбыўся ў аршанскім музэі Ўладзімера Караткевіча.
Мікола Купава, ураджэнец Воршы, вырашыў зрабіць падарунак установе культуры. Але яго спынілі на ўваходзе.
Разам зь Міколам Купавам прыйшлі яшчэ некалькі чалавек — журналістаў і ўдзельнікаў навуковай канфэрэнцыі, якая праходзіла ў Воршы. Супрацоўніца музэю сказала, што прайсьці да дырэктаркі ўсе прысутныя могуць толькі набыўшы квіткі па 20 тысяч рублёў. А сьледам тое самае паўтарыла і дырэктарка Ліна Гатоўская: маўляў, калі вы зайшлі ў музэй, то мусіце заплаціць за ўваход.
Мікола Купава
Дарэчы, спадарыня Гатоўская загадзя ведала пра намер Міколы Купавы і была папярэджана пра ягоны візыт. Але нават тая акалічнасьць, што ў музэі Ўладзімера Караткевіча зараз экспануецца выстава твораў мастака, не адыграла аніякай ролі. Дырэктарка сказала: экспазыцыі мы паказваем за грошы. І хаця глядзець выставу ні ў каго не было намеру, усім прысутным давялося ўсё ж заплаціць па 20 тысяч, каб трапіць у залю, дзе выстаўлены ілюстрацыі Міколы Купавы да твора Ўладзімера Караткевіча «Лебядзіны скіт».
Ліна Гатоўская прымае падарункі
Творы ў падарунак
Пасьля гэтага атмасфэра ўручэньня падарункаў была не такая ўрачыстая, як меркавалася. Аднак дырэктарка музэю, аніколькі не зьбянтэжыўшыся, прыняла ад Міколы Купавы лінарыты «Вязынка» і «Вострая брама». Падзякаваўшы, Ліна Гатоўская сышла ў свой кабінэт. Уся імпрэза заняла ня больш як 10 хвілін ейнага працоўнага часу.
Музэй за гэты час атрымаў даход 300 тысяч рублёў за білеты. У дадатак да падарункаў ад мастака.
https://www.svaboda.mobi/a/27425178.html