«Я і ёсць рэвалюцыя» — кніга выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм», якая паслядоўна прадстаўляе сучасную літаратуру, напісаную жанчынамі, прычым не толькі беларускую, але і перакладную («Жанчына на нулявым пункце» Нааль Саадаві). Менавіта «Пфляўмбаўм»выдала кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» — лаўрэатку леташняй прэміі Гедройця. Ева Вежнавец стала першай жанчынай, якая атрымала гэтую прэмію, пішуць «Свободные новости».
Уласна пра кнігу Юлі Арцёмавай трэба казаць у дзвюх плоскасцях, каб скласці цэласную і больш-менш аб’ектыўную карцінку.
Першая плоскасць — рынкавая, дзе кніга — прадукт, які займае пэўную нішу, мае базавыя таварныя характарыстыкі і сваю аўдыторыю. У гэтым ракурсе ключавым пытаннем будзе «што» і «пра што». Другая плоскасць знаходзіцца на тэрыторыі мастацкага. Тут галоўнае пытанне — «як».
Такім чынам пра кнігу Юлі Арцёмавай можна сказаць дзве рэчы.
Па-першае, гэта раман сталення ў сучаснай ягонай версіі, які праз галоўную гераіню — фатографку Дар’ю і ейнае акружэнне — паказвае лёс пакалення 1980-90-х, наіўных у духу Дон Кіхота рамантыкаў, часам нават інфантыльных. Па-другое, гэта дэбютная работа з усімі ейнымі атрыбутамі, як то парывістасць у інтанацыях, няроўнасць мастацкай тканкі (стыль Юлі зрываецца і ламаецца, як голас хлопчыка-падлетка), жаданне паказаць, на што ты здольны, і з гэтым — чаканы эфект «перастараннасці», найгранасць у інтанацыі.
Разам гэтыя «што» і «як» пакідаюць дваістае адчуванне. З аднаго боку, пра «Рэвалюцыю» цяжка казаць усур’ёз, у тым сэнсе што гэта проба крыла (трэба сказаць, што палёт на ім выходзіць дзёрзкі і адчайны, хаця і няроўны, не ўзорны, не ўпэўнены). З іншага боку, гэтыя ўмоўныя недахопы толькі падкрэсліваюць фактуру аповесці (гэта менавіта аповесць, раманам сталення я назвала кнігу як від літаратуры).
Юля — ці то знарок, ці то міжволі — амаль не аддзяляецца ад сваёй гераіні. Справа не ў тым, што аповед вядзецца ад першай асобы. Справа ў светапоглядзе, стылі маўлення, у тым, як гераіня бачыць людзей. Аўтабіяграфічныя рысы — не сюжэт, але мастацкія штрыхі — відавочныя, калі вы знаёмы з публічным вобразам Юлі.
У юным узросце натуральна абапірацца на пачуццёвы досвед. Акурат такое ўражанне — падлеткавае, максімалісцка-сентыментальнае — пакідае кніга. Нават рэчы брутальныя, няпростыя для прамаўлення, накшталт смерці, забойства, здрады — выглядаюць у інтэрпрэтацыі Юлі рамантычна і лёгка, недаасэнсавана. Яны разглядаюцца не як феномен быцця, але як сродак для самаспазнання гераіні. Метафарычна гэта выглядае так: аўтарка стаіць перад вялікім будынкам з люстранымі вітрынамі, але бачыць не будынак у цэлым, а сваё адлюстраванне, і на ім засяроджаная. Што, зноў жа, натуральна для «падлеткавай» літаратуры.
Выбіваецца з агульнага рэчышча аповесці адзін фрагмент — маналог куратара Дар’і па фотапраекце Чашчына, чалавека жорсткага і бесцырымоннага; Чашчын выкрывае слабасці характару Дар’і, псіхалагічныя таямніцы, якія яна старанна хавае ад сябе — каб не расчароўвацца, не сталець, не браць адказнасць. Чашчын выступае Богам-З-Машыны, толькі мяняе ён не вектар дзеяння ў творы, а чытацкае ўспрыняцце гераіні (у выпадку, калі чытач адпачатку ставіўся да яе некрытычна).
Наўпрост гэта не прагаворваецца, але пры мінімальным аналізе робіцца відавочным: Дар’я — гераіня інфантыльная, чые ўдачы — выпадковыя, а няўдачы яна такімі не называе, бо не хоча адчуваць боль; яна ні да чаго не набліжаецца ўсур’ёз, не ставіцца крытычна да сябе і акружэння, выключае аналітычную частку свядомасці, каб не расчароўвацца ў свеце, не бачыць заганаў, не працаваць над ім. Яна прымае ўсё як ёсць, як норму, і фінал прадказальны — Дар’я пакінула справу, у якой пацярпела няўдачу. Імітацыя сям’і, у якой яна жыла, імітацыя кахання (якое было ўзаемным эмацыйным паразітызмам) замяняецца новай узаемазалежнасцю — затыканнем скразных ранаў у сэрцах партнёраў. У Дар’і апірышча не было ў прыныцыпе, а ейны сябар, (спойлер!) які стане мужам, страціў брата.
Словам, «Рэвалюцыя» Юлі Арцёмавай — паказальны літаратурны прадукт міленіялаў, дзяцей пераходнага перыяду, якія раслі без глебы і ператварыліся ў перакаці-поле. Адны з іх чапляюцца за плыткую рэчаінасць сатырай. Іншыя вяртаюць адчуванне рэальнасці балючым самабічаваннем, выбіраюць мовай мастацтва горкую праўду. А хтосьці абірае слепату — ці псеўдаслепату, заплючшвае вочы ў спадзеве знікнуць, перастаць быць.
Арыентаваная аповесць на рускамоўнага і беларускамоўнага чытача з ліку тых, хто ведае, чаму на «пахне чабор» трэба адказваць «пахне вечна». На ўкраінцаў кніга таксама разлічаная, але ў меншай меры: ім, па-першае, і так усё вядома пра свой Майдан (адна з пляцовак дзеянняў аповесці), па-другое, ім цяпер увогуле не да кніжак. Таксама аповесць можна рэкамендаваць дэмакратычным рускім сябрам — калі яны ў вас, канечне, засталіся.
...Але пры чым тут рэвалюцыя? Падманлівая інтэрпрэтацыя можа ўзнікнуць пасля 2020 года, аднак пісалася кніга раней, да пераломнага жніўня. Па вярхах яна згадвае Плошчу, Майдан і хваляванні на Балотнай плошчы ў Маскве, але справа не ў іх. Кніга зусім не пра грамадскія зрухі і катаклізмы, а пра крызіс сталення і (раз)губленае пакаленне міленіялаў. «Дапамажыце Дашы знайсці сябе».
Калі казаць пра ролю кнігі ў творчасці самой Юлі Арцёмавай, яна бачыцца мне чымсці накшталт «Героя» Самерсэта Моэма. Стваральнік узорнага рамана сталення «Бярэмя жарсцей чалавечых» пачынаў з пафаснага рамана пра зламанага вайной чалавека. У «Героі» голас ранняга Моэма такі ж няроўны і збівісты, як голас Юлі Арцёмавай у першай кнізе; у ім таксама гучыць пафас, не падмацаваны фактурай, толькі пачуццямі аўтара. «Я і ёсць рэвалюцыя» — старт, пасля якога яшчэ мусіць адбыцца з’яўленне пісьменніцы Юлі Арцёмавай.
Наста Грышчук, sn-plus.com