У дакладзе на паседжаньні выніковай калегіі Міністэрства культуры міністар Юры Бондар заявіў, што за мінулы год быў выяўлены «шэраг сур’ёзных праблемаў», зьвязаных зь невыкананьнем мясцовымі ўладамі законаў аб устаноўцы помнікаў – паведамляе Свабода.
«Неаднаразова былі выпадкі, калі мясцовыя ўлады зьвярталіся ў Мінкультуры з просьбай узгадніць стварэньне манумэнтальнай скульптуры ўжо пасьля таго, як яна была створаная і ўстаноўленая,— казаў Юры Бондар. — Не праводзяцца конкурсы, альбо праводзяцца фармальна на выбар найлепшага эскізнага праекта твору манумэнтальнага мастацтва, што прыводзіць да зьяўленьня на вуліцах гарадоў твораў нізкага мастацкага ўзроўню і выклікае справядлівае абурэньне ў мастацкім асяродзьдзі».
Пра якія менавіта «нізкамастацкія» помнікі ідзе гаворка, невядома.
Так, помнік менскаму гарадавому, вакол якога летась быў шэраг пратэстаў і скандалаў, быў усталяваны яшчэ ў 2017 годзе. Спрэчны помнік каровеўсталёўваўся ў самым канцы 2018 году, але на просьбу Аляксандра Лукашэнкі, якую ён агучыў яшчэ ў 2012 годзе.
У 2018 годзе таксама быў усталяваны дзяржаўны мэманыяльны знак у Курапатах — вакол яго было дастакова спрэчак, праціўнікі называлі яго «гіганцкай прышчэпкай» і заяўлялі, ды рашэньне прымалася без удзелу грамадзкасьці.
На грамадзкія грошы тым часам быў усталяваны помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Косаве — на яго патрацілі ў 13 разоў меней, чым на помнік карове, і пратэстаў адносна праекту не было.
Цяпер міністэрства культуры «мае намер весьці рашучую барацьбу» зь «нізкамастацкімі» помнікамі, перадусім праз больш жорсткія патрабаваньні ў новай рэдакцыі Палажэньня аб стварэньні і рэканструкцыі твораў манумэнтальнай скульптуры. Там зьбіраюцца замацаваць абавязковы конкурсны адбор праектаў, што робяцца за бюджэтныя грошы, і прадугледзіць знос незаконных твораў за кошт іхных замоўнікаў.
Фраза пра «нізкі мастацкі ўзровень» звычайна ўжываецца адносна іншага віду творчасьці: гэта распаўсюджаная прычына забароны канцэртаў у Беларусі. Але Бондар 18 лютага выступіў якраз супраць забароны канцэртаў: маўляў, гэта «нэгатыўна адбіваецца на іміджы дзяржавы і ўладаў».