Інфармацыя вынікае з ліста першай намесніцы Міністра культуры Ірыны Дрыга, дасланага на імя старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча.
У паведамленні міністэрства гаворыцца, што «дапаўненне ў пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2017 г. №7 будзе ўнесена ва ўстаноўленым парадку».
19 лютага Міністэрства размясціла на сваім сайце Пастанову №7, дадаткам да якой быў сфарміраваны пералік творчых саюзаў, дзе не знайшлося месца для Саюза беларускіх пісьменнікаў. Паводле пастановы, сябры Саюза, якія знаходзіліся на творчай працы, аўтаматычна ўключаліся ў лік “дармаедаў” і мусілі плаціць адпаведны падатак.
Ліст Міністэрства культуры з’яўляецца рэакцыяй на заявы і звароты Саюза беларускіх пісьменнікаў з патрабаваннем перагледзець пастанову №7 і вярнуць найстарэйшай прафесійнай арганізацыі пісьменнікаў Беларусі статус творчага саюза.