Мінск геральдычны і сімвалічны. Сімвалы спадзеву і разбурэння Мінска ў ХХ стагоддзі. Заканчэнне

12.07.2022 Гісторыя

Cловамі «спадзеў» і «разбурэнне» можна ахарактарызаваць гісторыю горада мінулага стагоддзя. Застаецца вызначыць, з якімі сімваламі і гарадскімі кодамі можна гэтыя два словы атаясаміць.


Як трапна ахарактарызаваў пасляваенны стан Мінска ў сваім дакладзе 20 красавіка 1945 г. архітэктар А. П. Воінаў, у выніку практычна поўнага разбурэння горада «знікла большая частка абставін, якія абмяжоўвалі магчымасці праектавання». Як ішла «халодная вайна» з сімваламі Мінска, па якіх прынцыпах вялася адбудова горада пасля вайны, што было вымушана ці наўмысна знішчана, змяніла ці страціла свой сэнс і аблічча, — піша Змітро Пілецкі.

Сімволіка непераемнасці

Парадаксальна, але для архітэктурна-сімвальнага аблічча Мінска ваенная пагроза ў 1938 г. (аншлюс Нямеччыны і Аўстрыі, «мюнхенская змова»), прадбачаная, але не спраўджаная, мела больш сур’ёзныя наступствы, чым сапраўдная пагроза, не разгледжаная ў 1941 г.: напад былога саюзніка стаў фатальным для горада і яго насельніцтва, але не для планаў забудовы Мінска. У 1940 г. мінскім «Белдзяржпраектам» быў перапрацаваны маскоўскі Генплан 1935 года ў бок правінцыялізацыі, але галоўная лінія праектавання засталася ранейшай.

mal01_1948.jpg
Праект 1948 г. на забудову Цэнтральнай (Кастрычніцкай) плошчы. У распрацоўцы праекта бралі ўдзел вядомыя савецкія архітэктары Мінска: Паруснікаў, Лангбард, Фамін, Асмалоўскі, Кароль. Месца будынка па цэнтры спачатку зойме помнік крыважэрнаму «отцу народов», а потым, у свой час, — Палац Рэспублікі. На заднім фоне застаўся пакінутым у стане «як ёсць» ансамбль Плошчы Свабоды

Так, ідэя ўсталявання ідэальных манументаў была ўжо ўкладзена ў даваенны генплан: напрыклад, закладзенай у канцы 1930-х гадоў Круглай Плошчы нібы не хапала абеліска, каб набыць сваю дасканалую скончанасць. Гэтаксама завіс праект комплекснай забудовы месца пад сённяшнюю плошчу Якуба Коласа. Шмат іншых ідэй і праектаў падвіслі, і гэта былі не столькі пампезныя праекты адміністрацыйных будынкаў для праслаўлення савецкай улады (тыпу чарговага Дома Саветаў), але больш, скажам так, «іміджавыя» для горада — напрыклад, Аранжарэя Батанічнага саду ці навакольныя аб’ёмы ля Опернага тэатра, ці, больш утылітарныя — тыпу клінічнага гарадка на Камароўцы.

Чытайце па тэме: Мінск геральдычны і сімвалічны. Сімвалы спадзеву і разбурэння Мінска ў ХХ стагоддзі

mal02_pokazuha.png
Праекты 1930-х гадоў для Мінска. Уверсе калажа — грамадская лазня (з вялізнымі шыбамі), у цэнтры — вучэбны корпус партыйна-вучэбнага гарадка (са статуямі савецкіх працоўных у рымскім стылі), унізе — маштабная аранжарэя Батанічнага саду (па матэрыяах тагачаснай перыёдыкі і выдання «Белдзяржпраекта» «Першамайская выстаўка архітэктуры. Трэцяя выстаўка», 1936)

Праўда ж была ў тым, што да 80% месцічаў насамрэч жылі ў драўляных хатках і бараках, якія складалі цэлыя прыватныя сектары, падзеленыя часта вузкімі для транспарту і слабабрукаванымі вуліцамі. У пошуках вырашэння жыллёвага пытання займелася традыцыя падвышаць паверхавасць старых камяніц горада, часта з парушэннем будаўнічых нормаў, што сталася адной з прычын вялікіх разбурэнняў у час вайны.

Пасля вайны аднавілася старое процістаянне архітэктараў «канструктывістаў» з «класіцыстамі». Перамога, перш за ўсё палітычная, засталася на баку «класіцыста» Асмалоўскага, які літаральна выціснуў з горада «канструктывіста» Іосіфа Лангбарда (у 1951 г. той памёр у Ленінградзе). Асмалоўскі, ураджэнец БССР, але з маскоўскай адукацыяй, як кіраўнік Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР, меркаваў, што «асновай беларускага нацыянальнага стылю павінен служыць рускі класіцызм».

Сімволіка несуіснавання

Няма сэнсу падрабязна распавядаць пра савецкую пасляваенную сімволіку публічнай і гарадской прасторы — пра архітэктурны ансамбль сталічнага праспекта, іншыя ансамблі, звязаныя з адукацыяй (БНТУ), навукай (НАН) ці прамысловасцю (Трактаразаводскі пасёлак, напрыклад), а таксама пра рэкрэацыйныя і культурныя зоны (паркі, цырк, музеі і інш.) напісана багата артыкулаў, выдадзеныя кнігі, прысвечаны даведачныя і энцыклапедычныя выданні. Нашмат больш незаўважна тое, што было выкраслена за гэты час, вымушана ці ўмысна знішчана, змяніла ці страціла свае сэнс і аблічча...

mal03_prywatny.png
 Горад павінен быў не спрачацца, а суіснаваць, у сваім мінулым і цяперашнім, сярод гмахаў і старых камяніц, прыватнага сектара і вялікіх грамадскіх праектаў. Уверсе — Інстытут культуры (1970-я гг.) і хатка ля яго; унізе — вуліца Няміга 1960-х гг. і гмах Белбудпраекта, ад правай — «Дом праектных арганізацый» (Белпраект) і прыватны сектар перад ім (канец 1970-х гг.). Крыніца: Wikimedia

Пры гэтым і знос і забудова Мінска мелі двухсэнсоўны, узаемавыключны сімвалізм: старая забудова, як і раней, падавалася як штось звышнепрыгожае, ненадзейнае, нікчэмнае, у той час як пад палітыкай зносу старых кварталаў хавалася не толькі ўтылітарная мэта (паляпшэнне ўмоў жыцця, падвышэне плошчы і аб’ёмаў забудовы і г. д.), але і прыхаваная, савецка-утапічная — барацьба з любой праявай прыватнага, уласнага.

Аднак адбудова Горада Сонца ва ўтапічным стылі (і з абавязковай адсылкай «как в Москве») ішла дужа павольна. Прымусовыя «суботнікі», «воскреснікі» мала дапамагалі справе — насельнікі спляжанага Мінска былі больш заклапочаны жыллёвай праблемай, чым станам горада, які для шмат каго з іх нават і не быў родным.

mal04.jpg
Сімвалічны здымак (В. М. Купчынаў, май 1953 г.) ва ўсіх сэнсах. На заднім плане аднаўляецца галоўны будынак Акадэміі навук, а на пярэднім — адзінокая хатка на месцы скапаных нямецкіх могілак часоў вайны. Таксама можна заўважыць «фірмовую» ліхтаровую мачту праспекта з раслінным арнаментам

Пакуль галоўная вуліца прымала сёняшнія абрысы параднага камернага «сталінскага ампіра», па ваколіцах вырасталі кварталы самабудаў, без электрычнасці, каналізацыі і вадаправоду. Часта такія жытлы размяшчаліся ў невыгодных месцах: ярах, паніззях, багністых поймах рэк. Няцяжка ўявіць, што там рабілася апасля снежнай зімы, вясенняга разліву рэк ці залеваў. Месцічы ж, якія мелі незарэгістраванае жытло, не лічыліся жыхарамі горада, бо не атрымалі прапіскі

mal05_samabudy.png
Бессістэмныя вуліцы з хібарамі, прыватныя сектары і былі сапраўдным тварам і сімвалам пасляваеннага Мінска да канца 1960-х гг. Уверсе — самабуды ў пойме р. Слепня; на заднім плане — забудова вуліцы Нахімава; унізе, ад левай — так выглядаў сённяшні прэстыжны жылы раён у цэнтры горада (трушчобы ў нізіне, уздоўж вуліцы Палярнай, цяпер — вуліца Пуліхава ад Смаленскай да Першамайскай). Унізе ад правай — халупіны на скрыжаванні вуліц Смаленскай і Палярнай (Смаленскай і Пуліхава). Крыніца: фонды БДАКФФД. Ансамбль Плошчы Перамогі (1954) назаўсёды стаў сімвалам савецкага эрзацу разумення Другой сусветнай вайны — штучна вызначанай з кантэксту гісторыі (у тым ліку і з беларускай) Вялікай Айчыннай вайны

Маштабы самабуду ў 1950-х гг. набылі такі размах, што гарадскія ўлады былі вымушаныя дэ-факта прызнаваць падобныя кварталы. Баракі і хібары ў сённяшнім цэнтры горада былі збольшага знесеныя ў 1970-х гадах, аднак перыферыйныя прыклады такога жылля захоўваліся і ў наступныя дзесяцігоддзі.

Чытайце па тэме: Мінск геральдычны і сімвалічны. Як за часамі Расійскай імперыі знішчаліся старадаўнія сімвалы горада

«Халодная вайна» з сімваламі Мінска

У часы абвастрэння «халоднай вайны» Мінск быў заняты праблемамі больш надзённымі, чым спаборніцтва з амерыканцамі ў космасе ці ўва ўзбраеннях (хаця, безумоўна, прадпрыемствы абарончага комплексу прысутнічалі). Рост горада вырваўся з-пад кантролю і прымаў пагрозлівыя тэмпы: Мінск 1960-х — 1970-х гг. быў самым хуткавырослым горадам Савецкага Саюза, і, магчыма, Еўропы. А вынікі хуткаснага і таннага будаўніцтва ў адпаведнасці з хрушчоўскай палітыкай спрашчэння і ўніверсалізацыі як жыллёвых, так і грамадскіх праектаў, засмучалі крытычна настроеных і разважаючых сучаснікаў.

mal06_Valgagradskaja.jpg
Панарама першай мікрараённай забудовы Мінска — вул. Валгаградская, 1960-я гг. З кнігі «Минск — послевоенный опыт реконструкции и развития» (Кароль, Воінаў, Заслаўскі, 1966)

Менавіта ў гэтыя паваенныя часы камуністычнымі ўладамі былі спляжаны найбольш каштоўныя помнікі архітэктуры Мінска: у 1950 г. узарвалі дамініканскі касцёл і кляштар, на аднаўленне якіх напярэдадні атрымалі кантрыбуцыю ад Нямеччыны, у 1951 г. — знявечылі езуіцкі касцёл і знішчылі вежу калегіума, у 1956 г. — канчаткова скапалі Замкавую гару, і на яе месцы пачалося будаўніцтва дома спорту «Трудовые резервы», у сярэдзіне 1960-х гг. — знішчылі бенедыктынскія касцёл з кляштарам, Халодную сінагогу і забудову вуліцы Нямігі.

mal07_dom_kastrawickaj.png
Прыватны прыклад зносу таго, што «проста замінала» — г. зв. дом Кастравіцкай на плошчы Леніна, насупраць Дома урада. Будынак выкарыстоўваўся да вайны, перажыў вайну і заставаўся цэлым ў 1960-х гг., калі было прынятае рашэнне яго разбурыць — афіцыйныя ўлады рыхтаваліся адзначыць 50-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Крыніцы: Wikimedia, crafta.ua

ЦК КПБ рэзалюцыяй аб «Увекавечанні подзвігу савецкага народа», прынятай у студзені 1966 г., заклала нарматыўны падмурак для горадабудаўнічага ўкаранення ідэі Мінска як сталіцы партызанскай рэспублікі, фактычна перакрэсліўшы ўсе шматстагоддзевыя сімвалы мінуўшчыны горада.

Старажытны. Горад-герой. Алімпійскі

Мы ўжо пісалі, што новым штуршком для «геральдызацыі» (калі такі выраз пасуе да стану «буржуазных» гістарычных дысцыплінаў у краіне марксізму-ленінізму) вобразу Мінска сталі тры буйныя падзеі: 900-годдзе горада (1967), наданне яму статуса горада-героя (1974) і Алімпіяда ў Маскве (1979/80).

mal08_noyja_simwaly.png
Перыяд 1967–1980 гг. можна лічыць першым у савецкай эпосе горада, калі Мінск займеў столькі адметных сімвалаў, успрынятых менавіта на ўзроўні эмблематычным, эмацыйным, не прывязаных да прасторавых сімвалаў. Крыніцы: Wikimedia, ay.by, crafta.ua

У «партызанскую эпоху» горада да абеліска на Плошчы Перамогі дадаліся шматлікія помнікі (да 1991 года іх налічвалася 179, у той час як прысвечаных перамозе рэвалюцыі толькі 23). Музей Вялікай Айчыннай вайны пераехаў на адну з галоўных плошчаў горада — Кастрычніцкую.

mal09_900_hod.png
Як ні хацелася камуністычным колам горада прыцягнуць увагу да свайго свята (50-годдзе Кастрычніка), значны юбілей старажытнага горада не прайшоў ціха — паштоўкі, значкі, маркі, артыкулы і выданні — былі скарыстаны ўсе спосабы, даступныя праз савецкую цэнзуру, каб нагадаць, што Мінск — гэта не эрзац з партызан і камуністаў. Крыніцы: Wikimedia, ay.by, crafta.ua

На аб’ектах для калекцыянавання — паштоўках, марках, запалкавых этыкетках, значках, медалях і нават савецкіх юбілейных манетах усё часцей пачалі з’яўляцца не толькі архітэктурныя дамінанты савецкага часу.

Яшчэ адна важная рыска да візуалізацыі коду горада — савецкія мазаічныя пано і барэльефы — дзесьці яны былі выкананыя у звышбрутальным стылі, дзесьці — і па сёння лічацца ўпрыгожаннем кварталаў і раёнаў.

mal010_panno.png
Мазаікі, пано, барэльефы. Іх можна разглядаць і як візуалізацыю спробаў прабіцца чагосьці нацыянальнага, адметнага, «тутэйшага» скрозь аднатыпныя ўніфікаваныя сімвалы савецкай улады, «барацьбы пралетарыяту» і герояў вайны. Здымкі ў калажы ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц

Таксама неацэненымі застаюцца і скульптуры савецкага часу — часта праз свой празмерны гігантызм і матэрыял выканання. Напрыклад, выдатна выкананы помнік Якубу Коласу, а таксама фігуры персанажаў ягонай творчасці добра заўважныя ў агульнай кампазіцыі плошчы, цудоўна ўпісаныя ў яе ансамбль, выгодна і дакладна заўважныя на сувенірных паштоўках, але зблізу, у межах зоны адпачынку, вуглавыя памеры кампазіцыйнай задумы напроўст «прыдушваюць» сваёй маштабнасцю, маналітнасцю, пагрозлівымі памерамі і цьмянымі колерамі.

Сімволіка гвалту і аднаўлення

У гісторыі горада «эра Мусінскага», архітэктара, прозвішча якога для сапраўдных, улюбёных у свой горад месцічаў, застаецца імем архітэктурнага гвалту, нігілізму і нонкамфармізму, — гэта эпоха знікнення Старога горада, ягонага сэрца і складвання той безгустоўнай будаўніча-архітэктурнай дысгармоніі, наступствы якой мы назіраем у грамадскіх аб’ектах горада і па сёння. Мінская спадчына расійскага архітэктара, пераехалага ў БССР, — гэта індустрыяльны гігантызм, памкненне да рэалізацыі гмахавых, хмарачосных аб’ёмаў і дамінант у даволі невысокай забудове горада. Будынкі, узведзеныя апошнімі гадамі ў наваколлі былога Замчышча і Траецкага прадмесця, фактычна паўтараюць абрысы даўніх праектаў Сяргея Мусінскага.

mal011_Musinski.jpg
«Я не гісторык архітэктуры. Але нават не будучы ім, магу з вядомай ступенню аб’ектыўнасці меркаваць пра каштоўнасці падманныя і сапраўдныя. Па-мойму, кожнаму непрадузятаму чалавеку ясна, што ўзводзіць у ранг гістарычных помнікаў старыя сараі, адна- і двухпавярховыя дамы, размешчаныя паміж вуліцамі Няміга і Рэвалюцыйная, проста несур’ёзна. Цяжка нават уявіць, як могуць гэтыя руіны, у прамым і ўскосным сэнсе, гарманізаваць з сучасным комплексам заходняга боку», — так у свой час напісаў у часопісе «Строительство и архитектура Белоруссии» С. Мусінскі. На здымку — адзін з праектаў па знявечванні Нямігі (з фондаў БДАНТД)

Рашэнне пра знос гістарычнай часткі ўсхвалявала не толькі патрыятычную інтэлігенцыю горада, але і іншых архітэктараў (С. Багласаў). Грамадскасць звярталася і да партыйнага кіраўніцтва, пісала ў газету «Праўда» — але дарма...

Прычын, па якіх наступным этапам фармавання сімвалічнага аблічча горада стала не разбурэнне, а аднаўленне, маецца некалькі. Па адной краязнаўчай легендзе, задумацца пра выгляд горада мясцовыя ўлады нібыта змусіла пытанне па прыезду ў Мінск савецкага генсека наконт таго, дзе можна пабачыць гістарычны цэнтр. Не апошнюю ролю адыграў погаласак з руйнаваннем Нямігі — фактычна, гэта адбылося ў парушэнне некаторых нормаў закона СССР «Аб ахове помнікаў культуры» (1969). Таксама важным дакументам стала пастанова ЦК КПБ і СМ БССР «Аб стане і мерах паляпшэння аховы помнікаў гісторыі, мастацтва і архітэктуры ў БССР» (1978). Да таго ж і ў Маскве, на якую ўвесь час аглядваліся, таксама распачаліся рэстаўрацыйныя працы.

26 сакавіка 1980 г. была падпісана знакавая пастанова «Аб рэканструкцыі гістарычнай часткі горада Мінска». Дакумент меркаваў «рэканструкцыю на базе існуючай старадаўняй забудовы» Траецкага прадмесця, Верхняга горада, вуліц Інтэрнацыянальнай, Рэспубліканскай, Рэвалюцыйнай, Леніна і Астроўскага.

mal012_Trajeckaje.jpg
 У 1982 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Траецкага прадмесця (зацемка з газеты «Вечерний Минск»). Аднак ужо хутка на аўтараў (Левін, Градаў, Багласаў) пасыпаліся прэтэнзіі ў «негістарычнасці» праведзенай рэканструкцыі. Самі ж аўтары не адмаўляліся, што ў некаторых месцах прыйшося запаўняць аб’ёмы няіснымі будынкамі, а некаторыя — даводзіць да эстэтычнага выгляду. Аднак, як справядліва заўважаў С. Багласаў, прадмесце страціла прасторава-функцыянальную сувязь са Старым горадам, і адзінае выйце — упісаць яго ў новую гарадскую рэчаіснасць з захаваннем каштоўнасных пластоў

Рэстаўрацыя Траецкага прадмесця не спыніла спробаў знішчыць гістарычнае аблічча і прасторавы сімвалізм Мінска, але паказала, што нават у такіх умовах, у якіх апынулася сталіца, мажліва знайсці свой шлях адраджэння сімвалізму горада. Наступныя гады — перабудовы, галоснасці, распаду СССР і ўтварэння незалежнай Рэспублікі — на некаторы час запаволілі тэмпы знішчэння гістарычнай прасторы, нават удалося вярнуць ці аднавіць некаторыя страчаныя дамінанты — Архікафедральны збор, ратушу, Святадухаву царкву і інш.

mal013_herby.png
Першыя маркі незалежнай Беларусі

Паказальна, што першымі маркамі, якія былі выпушчаныя ў незалежнай Беларусі, сталі марка з выяваю крыжа Ефрасінні Полацкай і марка з гістарычным гербам Мінска ў кампазіцыі з нацыянальнай сімволікай.

Пакуль месцічы будуць жыць не проста «ў горадзе», а менавіта — сваім горадам, «Горад Панны Марыі» будзе паўставаць раз за разам, сапраўды, нібы птушка Фенікс з попелу...

Змітро Пілецкі, budzma.org