«Мо’а і Мінск наш цяпер не такі,
Як, дзеткі, калісьці, у прошлыя вякі?»
В. Дунін-Марцінкевіч. «Вечарніца» (1855), урывак з Песні 3
Горад-гігант, горад-мегаполіс, горад-вулей, горад індустрыяльнага вірлівага жыцця, горад непадступных безаблічных камяніц, горад шырокіх праспектаў і маштабных плошчаў — якімі вершамі можна апісаць сённяшні Мінск? А якім ён бачыўся паэтам у ранейшыя часы? Хто і як апяваў ягоныя вуліцы і кварталы, прадмесці і ваколіцы? Ці магчыма зарыфмаваць Камароўку? А знайсці трапныя радкі для Лошыцы? Ці адгадаеце верш-загадку напрыканцы гэтага артыкула? Пра тое, як адлюстраваны Мінск у паэзіі, піша Змітро Пілецкі.
Незаўважаная лірычнасць горада
Сяргей Грахоўскі — бадай што адзін з нешматлікіх прадстаўнікоў беларускай савецкай паэзіі, здольных на «чыстую лірыку», без абавязковай прысутнасці ў радках і строфах бадзёрых першамаяў, шчаслівай савецкай радзімы, лязгу варожай тэхнікі і дасягненняў прамысловасці. Цеплыня, інтымнасць верша «Ноч над Мінскам» (1956) нікога не пакіне раўнадушным, кожны адгукнецца на цудоўныя, шчымлівыя радкі:
Галоўныя героі фільма «Любовью надо дорожить» (рэж. Сяргей Сплашноў, 1960 г., стоп-кадр са стужкі) ідуць наўпрост па начным праспекце. На даляглядзе бачныя вежы-«глушылкі» ў раёне Залатой Горкі
Ясныя, зорныя ночы над Мінскам.
Што ж ты блукаеш адзін уначы?
Чуеш, спявае каханая блізка,
Мабыць, насустрач табе ідучы.
Сад закіпае ружоваю пенай,
Зоры плывуць у вясновай вадзе.
I па завулку, закончыўшы змену,
Тая, што сэрца трывожыць, ідзе.
Ціха ідзе i кагосьці шукае,
Кліча i, мабыць, яму аднаму
Песню ад шчырага сэрца спявае,
Толькі не ведае добра, каму.
Лёгкі туман праплывае над Мінскам,
Быццам пялёсткамі сыплюць сады.
Ты не хвалюйся — каханая блізка,
Хутка яе напаткаеш i ты.
Яшчэ адзін стоп-кадр са стужкі «Любовью надо дорожить» (рэж. Сяргей Сплашноў, 1960 г.): асвятляльны шар аднаго з ліхтароў на начным вакзале патрапіў у кадр пад такім вуглом, што падаецца, нібы гэта гіганцкі Месяц...
Таленту Грахоўскага таксама належыць верш «Няміга» (1981) — адсылка да лёсу летапіснай рэчкі, як прыхаваная алюзія на лёс старадаўняга Менска, а, верагодна, — і ўсёй Беларусі.
Праект комплексу жылых дамоў і гандлёвага цэнтра 1970-х — 1980-х гг. архітэктара Сяргея Мусінскага, вядомага аўтара ўдалых аб’ектаў у ансамблі Ленінскага праспекта (Незалежнасці), а таксама ўплывовага натхняльніка на руйнаванне гістарычнага цэнтра горада
Іду па Нямізе. Нямігі няма:
Глыбока ў бетоне булькоча рачулка.
Увесну яна не раскоціцца гулка,
Яе не зашкліць, не заснежыць зіма.
I зоры ў Нямізе сябе не пазнаюць,
Праз брук не праб’юцца чарот і аер,
Напіцца не прыйдзе спалоханы звер,
Ліні на глыбокіх вірах не зліняюць.
На дне іржавеюць тупыя мячы,
Пустыя шаломы, каляныя стрэлы:
Тут некага доля ліхая сустрэла,
А нехта адбіцца не мог і ўцячы.
Крывёю курыліся поймы Нямігі,
У прорву ляцелі чаўны і стругі,
Пякельны пажар папяліў берагі,
I толькі на свеце нятленныя кнігі
Як вечныя сведкі пакутнай зямлі
Расказваюць горкую праўду сурова,
Што брамы і замкі знікалі, а слова
Чужынцы павек спапяліць не змаглі.
...Іду па Нямізе адзін уначы
У замеці лютай, калючай і белай,
I чую, як свішчуць каляныя стрэлы
I глуха грымяць аб кальчугі мячы.
Май Данцыг. Дахі старой Нямігі. 1966 г. Палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музей
Экспрэсіўны і адначасова лірычны верш Аляксея Зарыцкага «Лебедзі» (1947) адрасаваны знакамітаму фантану ў Аляксандраўскім (Цэнтральным) скверы, пастаўленаму ажно ў 1874 г. у гонар адкрыцця гарадскога водаправода, і, адначасова, — Новаму Мінску, які паўстае з пасляваенных руінаў і пажарышчаў, падкрэсліўшы гэтым векавую пераемнасць старадаўняга горада, што кожны раз адраджаецца з попелу, нібы Фенікс...
Фантан «Хлопчык з лебедзем» — копія твора берлінскага скульптара Тэадора Эрдмана Калідэ. Здымак міжваенных часоў
Шуміць каля вуліцы Энгельса сад,
Там ліпа, таполя, каштан,
Там пад аховай цяністых прысад
Плюскоча фантан.
I лебедзь высока ўзнімае крыло
На крушні, замшэлай ледзь-ледзь,
Ды птаха рукой хлапчанё абняло,
Яго не пускае ўзляцець.
Той хлопчык каменны,
Той лебедзь каменны
Ніяк не абсохнуць за дзень:
Цурчыць з лебядзінае дзюбы праменны
Крынічны струмень.
..........................
За сквер пазіраю: ля самых галін
Даўгі экскаватар відзён.
Варочае груды рудыя руін
Са скрогатам сківіцай ён.
Прасторную плошчу раўнуе жалезам,
А мы яе клёнам засадзім і бэзам,
I будуць фантаны і возера там,
I прыляцяць раннім чэрвенем к нам
Жывыя, лясныя, нясмелыя
З Немана,
З Прыпяці,
З Беседзі
Белыя,
Белыя
Лебедзі,
Лебедзі!
Мабыць, для мастацкага і эмацыйнага параўнання тут варта прыгадаць, ува што ператвараецца паэзія (ды й сам паэт), калі творы складаюцца па замове зверху, «на злобу дня» і ў рамках «сацыялістычных рэалій». Верш Кандрата Крапівы «На Менскім скверы» (1922 г.), прысвечаны той жа лакацыі, цалкам адлюстроўвае тагачасныя асаблівасці літаратурнага і грамадскага жыцця горада.
Цэнтральны сквер, відарыс з боку вул. Карла Маркса. Фота 1930-х гг.
Хто гуляў на Менскім скверы,
Ці мо блізка хаця йшоў,
Той без ліку і без меры
Мог там бачыць гультаёў, —
Труцца ўсе, як рыба ў нераст,
Аб чужых і аб сваіх...
Давялося нек і мне раз
Досыць наглядзецца на іх.
Там усеўся я пад дрэвам
(Не ахотнік вандраваць)
І направа, і налева
Стаў па «скверы» разглядаць.
Вось пад руку на буксіры
Нэпман нэпманку вядзе,
Пра гешэфты нэпман шчыра,
Пра чырвонцы ёй гудзе.
...Вось дзяцей сабралася куча,
Крык паднялі, як гракі.
Вабяць хлопцаў вось, ідучы,
Ужо «начныя матылькі».
Пасядзеў я з паўгадзіны,
Але болей-то не мог:
Грак нацэліўся з асіны
Мне на шапку, каб ён здох!
З той пары (кажу я верна,
Ты, чытач, хоць вер не вер),
Аж вантробы з мяне верне,
Як уздумаю пра «сквер».
Верш Анатоля Астрэйкі «Плошча Свабоды» напісаны ў хуткім часе пасля вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі. У гэтым узвышаным прысвячэнні найстаражытнейшай плошчы Мінска ёсць некалькі цікавых (і на першы погляд — загадкавых) радкоў, дзе ўпамінаецца «ратуша наша», якую ўзарвалі «ворагі».
Выгляд на Плошчу Свабоды ў 1944 г. У левым ніжнім куце здымка — пашкоджаная верхавіна вежы калегіума езуітаў, якая стала асацыявацца з «ратушай»
Плошча Свабоды!
Ты ў цэнтры сталіцы,
Плошча Свабоды,
Ты ў сэрцах людскіх.
.............................
Ратушу помнім.
Яна нас склікала
Боем гадзінніка
У жудасны час
Біцца з суровай
Чужацкай навалай,
Што налятала
На Мінск наш не paз.
Ворагі ратушу
Нашу ўзарвалі,
Плошчу Свабоды
Ўзарваць не маглі.
Мы яе ў сэрцы
Сваім зберагалі,
Мы для нашчадкаў
Яе збераглі.
Плошча Свабоды,
Плошча ты Волі,
Нашы к табе
Скрыжаваны пуці.
Знаем упэўнена мы,
Што ніколі
Нашай Свабодзе
Не быць у няволі.
Вечна Свабодзе
І жыць і цвісці!
Як вядома, ратуша была знішчана за стагоддзе да верша: афіцыйна — па загадзе расійскага імператара (1857), але па факце — праз хадайніцтва тагачаснага губернатара, які імкнуўся схаваць факты фінансавых злоўжыванняў падчас рэканструкцыі гэтага важнага для месцічаў будынка. Пасля таго, як вежам калегіума езуітаў на ўскрайку той жа плошчы на пачатку ХХ ст. вярнулі першапачатковы выгляд, у тым ліку — і дах, а таксама гадзіннікавы механізм, яна паступова стала асацыявацца ў месцічаў з «ратушай» — прынамсі, у міжваеннай перыёдыцы яе толькі так і называлі.
Вежа езуіцкага калегіума ў міжваенныя часы стала сапраўдным архітэктурным сімвалам Мінска, яна прыцягвала фатографаў, мастакоў і адлюстроўвала горад на вокладках кніг. Вокладка зборніка вершаў Андрэя Александровіча (1930), Нацыянальная бібліятэка Беларусі
«Ратуша»-вежа перажыла абедзве вайны, праўда, другім разам вежа моцна пацярпела і ад яе фактычна ацалелі толькі сцены. Тым не менш вежу савецкія ўлады не сталі аднаўляць, а ў 1951/2 гг. яе ўвогуле разабралі...
Вежа калегіума дажывае апошнія дні... Здымак напярэдадні яе канчатковага знішчэння
Новаму Мінску — новыя вершы
«Новы Мінск» — як часта называюць сталіцу ў пасляваенных кінахроніках і кіначасопісах — гэта найперш мегаіндустрыяльны горад, цэнтр буйных прадпрыемстваў і вытворчасці, на які працуе і які абслугоўвае шматлікі чалавечы рэсурс, уліты новым струменем у жыццё Мінска, у ягоныя новыя кварталы і раёны. Адным з такіх прыкладаў стварэння «Новага Мінска», безумоўна, застаецца Трактаразаводскі пасёлак, атмасфера якога, стыль забудовы, планіровачныя ідэі і сёння вызываюць цікавасць як у краязнаўцаў, архітэктараў, урбаністаў, так і ў наведвальнікаў тэматычных экскурсій.
Cфарміраваны бульвар. Відарыс у бок Даўгабродскай. 9 чэрвеня 1956 г. З кнігі Віталя Кірычэнкі «Мінск. Гістарычны партрэт горада 1953–1959»
Пятро Глебка прысвяціў пасляваенны верш толькі распачатаму будаўніцтву пасёлка Мінскага трактарнага завода — «Мінскія ўрочышчы» (1947). Назва верша нясе ў сабе адсылку да гістарычнай назвы мясцовасці — Архірэйская Пустынь (Гай) і Антонаўскае ўрочышча — вялікі лясны абшар, маёмасць праваслаўнага архірэя Антонія Зубко, нацыяналізаваная з прыходам бальшавікоў і аддадзеная пасля Другой сусветнай вайны пад забудову маштабнага пасёлка для завадчанаў.
Двухпавярховыя шматсямейныя дамы на ўскрайку пасёлка Трактарнага завода (сёння — квартал паміж вул. Будзённага і Ванеева ), 1948. З фондаў БДАККФД
Па дарозе з Мінска на Калодзішчы,
З боку ад чыгункі і шасэ,
Размяшчаліся калісь урочышчы,
Розныя і роўныя усе.
Саснякі густыя з пералескамі,
Хмызнякі, парослыя лазой,
Толькі і выдатныя пралескамі,
Верасам, куп’ём і дзеразой.
Але ў нас ужо спрадвеку водзіцца,
Што кавалак роднае зямлі —
Родзіцца там нешта ці не родзіцца —
Мы заўсёды дбайна бераглі.
Тым і гэтыя славутыя ўрочышчы
Паміж нашых гарадоў і сёл,
Што фашысцкія ліхія полчышчы
Тут калісьці трапілі ў «кацёл».
Каб яшчэ глыбей былі завораны
Косці іхнія на самы спод,
На урочышчах даўнейшых створаны
Першай маркі трактарны завод.
Трактары плугамі шматлямешнымі
Уздзіраюць рэшты цаліны,
І наўсцяж над нівамі бязмежнымі
Гінуць страшныя сляды вайны.
І былыя мінскія урочышчы
Новай славай надзяліў народ:
Дзе варожыя каналі полчышчы,—
Вырас мірны трактарны завод.
Сучасны «Трактарагорад» усё яшчэ дбайна захоўвае рысы першаснай забудовы і атмасферы кварталаў — свой «камуністычны шарм». Сучасны здымак
Як бы падключыўшыся да тэмы, дадае свой верш і Пятрусь Броўка — «Трактарагорад» (1947). Сапраўды, сістэмны і ўдумлівы падыход да будаўніцтва фактычна першага «мікрараёна» Мінска, уражваў. Забудова ішла ў адпаведнасці з усімі санітарна-гігіенічнымі нормамі, такімі як нармальная шчыльнасць забудовы і шчыльнасць засялення, спрыяльная арыентацыя будынкаў і ўчасткаў добраўпарадкавання. Дамы будаваліся так, каб паміж імі было дастаткова вольнай прасторы, пакінутай пад азеляненне. Прастора двароў дазваляла максімальна адмежаваць жылыя пабудовы ад вуліцы. Дваровыя тэрыторыі ўпрыгожваліся разнастайнымі скульптурамі.
Пасёлак трактарнага завода. Вуліца Алега Кашавога. Здымак з альбома «Мінск у фотаілюстрацыях», 1958
Рассунуўшы сосны
Плячамі, што волат,
Пад Мінскам ўздымаецца
Трактарагорад.
Высока кавальскія цэхі
Пасталі
На месцы, дзе немцаў
Ў кацёл заціскалі.
На новай будове
Працуюць заўзята
Са ўсёй Беларусі
Хлапцы і дзяўчаты.
Хоць многія з іх
Маладыя гадамі,
Але ўжо выдатнымі
Сталі майстрамі.
Слухмяна ім кельма,
I цесля,
I молат...
Тут будзе збудованы
Трактарагорад.
Ўзнімецца горад
У працы няспыннай,
I трактары пойдуць
Шляхамі краіны.
I будуць на полі
Калгасным гадамі
Ад Мінска-сталіцы
Яны пасланцамі.
А вось верш Еўдакіі Лось «Вуліца Берасцянская» — «добры» прыклад таго, як гісторыя тапанімікі Мінска, як і сама гістарычная тапаніміка, у пасляваенныя часы знікалі ці выціраліся з гарадской памяці, а іхняе месца займалі савецкія або фальклорныя міфалагемы. Прычым працэс гэты толькі паскараўся дзякуючы неамінчанам, якой, у сутнасці, і была паэтка (нарадзілася на Віцебшчыне). Насамрэч вуліца Берасцянская (на якой, дарэчы, і жыла сама Еўдакія Лось) атрымала назву ў канцы ХІХ ст., хутчэй за ўсё, ад старажытнай назвы горада Брэста — Бярэсце, Берасце.
Вуліца Берасцянская захоўвае сваю атмасферу малапавярховай забудовы. Сучасны здымак з Wikimapia
Вуліца Берасцянская
Гула тут калісьці
труба-берасцянка,
пастух сустракаў
свае росныя ранкі.
Рыкалі рагулі,
бляялі ягняткі —
тупалі ў пыле
сонныя статкі...
Вулку таму
Берасцянскай назвалі,
хоць тут машыны
даўно зарыкалі
і збудавана
многа падрад
высокіх дамоў
і садоў дашкалят...
А што, раскажы,
на тым месцы было,
дзе твайго дома заззяла святло?
Мінскую музу клічуць «Камароўка»
Не кожнаму мінскаму прадмесцю надаецца столькі ўвагі, як Камароўцы. Яе вобразы натхняюць не толькі паэтаў, але і пісьменнікаў і мастакоў — пра гэта мы ўжо пісалі раней. А сёння паглядзім на камароўскія краявіды вокам мінскай музы, сястры Эўтэрпы.
Камароўка, занядбаная ўскраіна горада, яшчэ якіхсьці семдзесят гадоў таму ўспрымалася зусім па-іншаму, чым сёння.
Міхась Філіповіч. Дамкі на Камароўцы. Да 1947 г. Палатно, алей
Камароўка... Ох і Камароўка!
Чорная сцяна. Сатлелы дах.
Паказаць гасцям яе нялоўка:
З дапатопнай эры Камароўка
З чысцінёю яўна не ў ладах.
Рой крывенькіх хатак. Гул машынны.
Тут усё спяшыць, кіпіць, гудзе.
Пекла забягайлавак мушыных,
Штурхатня базарная людзей.
Не цвітуць тут цыніі і флоксы,
Цяжка шыны пыл гарачы мнуць.
I плануюць хітра гіды з БОКСа,
Як бы Камароўку абмінуць...
Я з праспектаў новых сам дзіўлюся,
Як ты харашэеш, горад мой.
Ў спадчыну сталіца Беларусі
Нам не дасталася вось такой.
Ды і Камароўкі мне не сорам,
Хай глядзяць, як мы раней жылі.
Яшчэ многа-многа ёсць за морам
Камаровак горшых на зямлі.
Тут-жа кранаў працавітых рокат,
Светлы ўзлёт агромністых муроў.
Тут і пахаванне Камароўкі,
Тут і нараджэнне Камароўкі,
Толькі без гразі і камароў.
Я б узняў гасцей абавязкова
На будоўлю, дзе сцяна к сцяне:
— Ёсць адносна вашых камаровак
Планы адпаведныя ці не?
I не пасміхацца, а зайздросціць
Камароўцы нашай будуць госці.
За апошнія сто гадоў Камароўка цалкам змяніла сваё аблічча. Калаж з тэлеграм-каналу «Куфар старажытнасцяў»
Верш Пімена Панчанкі «Камароўка» быў напісаны ў 1954 годзе, у час, калі камароўскія абшары чакалі вялікія змены — архітэктурныя, будаўнічыя, сацыяльныя — і, падобна, аўтар нібы пярэчыць тону старой сатырычнай эпітафіі, размешчанай нашмат раней, у газеце «Минский голос», ад 29 снежня 1912 года:
Под хладным камнем сим почил
Муж, уважения достойный.
Он в жизни искренно любил
Жену, детей и кров спокойный.
Он рано вечным сном уснул,
Он жить хотел — но жил по-свински:
В грязи несчастный утонул
На Комаровке в славном Минске.
Будоўля Мінскай балотнай станцыі на Камароўскім балоце. 1911 г. З фондаў БДАККФД
Так яно і было — доўгі час Камароўскае балота, Камароўскі лес і Камароўскі выган былі трыма «стаўпамі», найважнейшымі «славутасцямі» гэтай мясцовасці, якіх дапаўнялі, безумоўна, тагачасныя пляцы камароўскіх рынкаў. Засяленне камароўскіх абшараў ішло павольна, Мінская балотная станцыя прыкладала вялікія высілкі для асушэння ландшафту.
Нібы паспрачаўшыся з мінулымі аўтарамі або жадаючы дапоўніць іх, у 1969 г. Рыгор Барадулін выдае ў зборніку «Лінія перамены дат» (1969) верш зусім іншая танальнасці — не без іроніі, але з большай спагадай і прыязню, назваўшы яго «Багатая Камароўка». Дастаткова працытаваць толькі пачатак доўгага твора, каб адчуць захапленне аўтара Камароўскім рынкам і ягонымі гандлёвымі маштабамі ў той час:
Камароўскі калгасны рынак у 1960-х гг.
У жонкі ахвотна камандзіроўку
Бяру я ў нядзелю на Камароўку.
Вароты склыгочуць. Ні шуму, ні даўкі.
Яшчэ заінелыя, стынуць прылаўкі.
На іх дагараюць пад стогн галубіны
I кропу прадвесьне, і прыпар рабіны.
Агонь языкаты у бочках жалезных.
Люблю, Камароўка, тваю незалежнасьць!
Тут з даўніх часоў аддаецца даніна
Законнай павагі рукам селяніна.
З захапленнем, гордасцю, спагадлівай іроніяй аўтар апісвае свае камароўскія прыгоды, яе людзей, «упаляванне» сваіх пакупак.
Што праўда, паэт звяртаўся да вобраза Камароўкі і раней — напрыклад, у зборніку «Нагбом», які выйшаў у 1963 г. — у невялічкім вершыку-нататцы, пакінутым без назвы. У гэтым фрагменце — уся сутнасць Камароўкі, што не змянілася да дзесяцігоддзі і да нашых дзён:
Таргуецца, лаецца, жмурыць вочы
Гандлярка бойкая — Камароўка.
Тая самая, дзе аднойчы
Разгавеўся мядзведзь скамарохам.
Барыс Казакоў. Дары зямныя (На Камароўцы). 1977 г. Палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музей
Увогуле вобраз Мінска ніколі не пакідаў паэзію Рыгора Барадуліна — чаго толькі вартая цэлая балада са зборніка «Горад і гады» (1967), прысвечаная легендарнаму заснавальніку горада — млынару Менеску!
Усходняя частка Камароўскага лесу, што яшчэ да вайны пайшла пад тэрыторыю Парка Чалюскінцаў, на пачатку ХХ ст. насіла неафіцыйныя назвы «Лес Ваньковіча» або «Сляпянскі лес» — па прозвішчы буйнога землеўласніка Мінскай губерні і ўладальніка прыгараднай сядзібы Вялікая Слепня, захаванай да нашых дзён на сутыку сучасных вуліц Філімонава і Парніковай.
Аўтамабільная прагулка ў Камароўскі лес, жнівень 1916 г.
На жаль, з прыходам бальшавікоў Сляпянскі лес усё часцей усплываў у людской памяці ў сувязі з цьмянымі і жудаснымі падзеямі, якія разгортваліся на працягу многіх гадоў у ім: падчас савецкай-бальшавісцкай вайны тут знаходзілі забітых польскіх жаўнераў і цывільных каталікоў, а ў гады масавых рэпрэсій 1930-х гг. тут хавалі расстраляных (вызначанае месца пахаванняў сёння пазначана крыжом і знаходзіцца ў межах парка), а ў гады нацысцкай акупацыі — тут расстрэльвалі і закопвалі савецкіх ваеннапалонных і грамадзян... Гэтую малавядомую старонку «сляпянскіх курапатаў» агучыў у сваім даўнішнім вершы Зянон Пазьняк — «Сьляпянскі лес» (1988).
Палякі-каталікі, забітыя бальшавікамі ў лесе Сляпянка пад Мінскам (здымак з часопіса Tygodnik Ilustrowany, Nr. 37, 13 верасня 1919 г.)
Асеньні сьнег хавае лес заслонай
А думаю не аб зіме.
Хутчэй хай лета настае.
Ды толькі цяжка будзе мне
Пад шэлест цвыркуноў
У цішы начной Варфаламея
Глядзець, як сохнуць хвоі на касьцях
Людзей пад лесам расстраляных,
Дзе атлусьцелы, як пітон,
Крыві напіўшыся навек
Чырвоны зьвер гуляе.
Паэзія ўдалечыні ад цэнтра
Так, паэтычнае слова дасціпнае не толькі гістарычнаму цэнтру сталіцы або ягоным папулярным прадмесцям. Мінская муза здольная дацягнуцца амаль да любой гарадской ускраіны. Што праўда, некаторыя з гэтых ваколіц патрапілі ў гарадскія межы адносна нядаўна, але з гэтага не вынікае, што раней аддаленыя мясцовасці ніяк не былі звязаныя са сваёй «метраполіяй».
Безумоўна, першым паэтам, які пачаў апяваць Мінск, быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У далёкім 1855 годзе выйшла паэма «Вечарніцы», пабудаваная на народных апавяданнях і фальклоры з Мінска і ягоных ваколіцаў. Але мала хто ведае, што лошыцкія краявіды і людзі прымусілі аўтара адвесці ім пачэснае месца ў сваёй паэме.
Лошыцкі парк праз стагоддзе — на мяжы ХІХ—ХХ стст. і ў 2010-я гг. За гэтае стагоддзе лошыцкія краявіды адзначацца не толькі ў паэме Дуніна-Марцінкевіча, але і ў мастацкіх стужках і на палотнах
Анекдатычны, але зусім праўдзівы выпадак з 1820-х гг., пра які потым яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў памятала ўся Міншчына, апісвае Дунін-Марцінкевіч у «Вечарніцах». Лянівы і дурнаваты селянін Зміцер з Лошыцы, прадаўшы ў Мінску на рынку цялушку і атрымаўшы за яе пяцірублёвую асігнацыю — «сіненькую», купіў у дарогу селядца, і не дадумаўшы нічога лепшага, паклаў яго ў тую самую кішэню разам з грашыма. Па дарозе дадому, у Лошыцу, завітаўшы ў карчму ў Серабранцы, Зміцер вырашыў «горла прамачыць» гарэлкай, ну і закусіць селядцом...
Тытульны аркуш віленскага перавыдання «Вечарніц» Дуніна-Марцінкевіча, 1909 г.
Як у Лошыцкім сяле, каля Мінска,
Гаспадарнага пана Прушынскага,
Жыў мужычок на імя Зміцёр;
Хоць дурань вялікі, да мужык хіцёр.
Як да работы — часта ён хвараў,
А на ігрышча — скора ачуняў;
Зміцер за цялушку як сіню ўзяў,
Рад з торгу, у кішэню зараз улажыў;
Пасля селядца за шаг як купіў,
Здуру, гдзе бумажка, туды ж яго ўклаў.
Сіня да мокрага селядца прыстала
Дый меж зубоў Змітра разам з ім папала,
А баш, як квацеркай мазгі задурэў.
Не глядзя, з селядцом бумажку ён з’еў.
Аднак на гэтым анекдатычным выпадку паэтычны бенефіс Лошыцы не скончыўся. Дунін-Марцінкевіч звярнуўся зноў да народных традыцый, ужо ў вершаванай аповесці «Купала. Народная аповесць», якая выйшла з мінскага друку ў 1856 г. у серыі «Ciekawyś? Przeczytaj!». Дacлeдчыкi aдзнaчaюць, штo ў вершах дacкaнaлa aпicвaюццa аўтарам aбpaдaвыя ўpaчыcтacцi, гicтopыя з’яўлeння cвятa Kyпaллe, але мacтaцкiя вapтacцi твopa знiжae мoцны мapaлiзaтapcкa-дыдaктычны элeмeнт.
Тытульны аркуш перавыдання «Купала» (менавіта так, а не «Купалле»!) Дуніна-Марцінкевіча, 1910 г.
Аўтар апісвае купальскае свята так, як яго адзначалі ў лошыцкай мясцовасці і як, без сумневу, ён мог бачыць на ўласныя вочы (што падкідвае, дарэчы, цікавую тэму для арганізатараў анімацый і фэстаў у Лошыцкім парку).
У Лошыцкім сяле гоман, крык, ахвота;
Як у вуллі пчолы, гудзяць Божы людзе,
Аслі не кірмаш там заўтрашнім днём будзе?
Чы яка нахальна прыспела работа?
Мо’а там вяселле? — чы вяліка свята?
А мо’а нядзелька настане багата?
Не кірмаш то, браткі! — работа дасужна,
Не чутно вяселля — нядзелька далёка.
Вось там за карчмою сабралася дружна
Малада грамадка — дзераўца глыбока
Пасярод далінкі ў зямлю ўкапала,
Цэлы стог сухога галля нанасіла,
Атопкамі яго кругом аблажыла,
Штобы паўстрэчаці ахвотай Купала!
«Лошыцкі рэгіён» — як яго часам называюць археолагі і даследчыкі — гэта сапраўды значны кавалак сённяшняга паўднёвага Мінска: валоданні Любанскіх, Прушынскіх, Немаршанскіх прасціраліся далёка па-за межы сучасных лошыцкіх мікрараёнаў... У свой час чароўныя краявіды Свіслачы прывялі Янку Купалу на правы яе бераг, у вёску Карзюкі, якая ў XVIII–XIX стст. належала Прушынскім, а з 1972 г. увайшла ў склад Мінска.
На сёння ад вёскі Карзюкі засталася маленькая аднайменная вулачка па паўднёвым беразе Чыжоўскага вадасховішча і рэшткі прыватнага сектара, які спешліва зносяць, плануючы пераўтварыць у адзін з чыжоўскіх мікрараёнаў
Янка Купала. Над Сьвіслачай. У Карзюках. [1911–1912]
Плаўна Сьвіслач-рэчка
Удаль плыве, бяжыць;
Над крутым абрывам
Панскі дом стаіць.
Зелянеюць вольхі
Па краях ракі,
Высяцца над імі
Сумна Карзюкі.
Відзен горад здаля,
Горад Менск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
Гулка далятае
Дзікі сьвіст машын
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
Між прысад гасьцінцам,
Між палёў сялян
Едзе, пераходзе
То мужык, то пан.
Ўсю ж гэту мясьціну
Неба абняло,
Залацістым сонцам
Хараство ўпляло.
Рэчка, луг, гасьцінец,
Горад, Карзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
Сам сабой ня знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Карзюках сьніць?
Ці пайсьці гасьнінцам
Долі ў сьвет шукаць?
Ці рацэ, русалкам
Галаву аддаць?
Ужо ў часы ранняй паэзіі беларускага класіка, фактычна на ягоных вачах, Мінск вырас у некалькі разоў. Урбаністычны рост сталіцы працягваўся ўсё жыццё Янкі Купалы. Невядома, ці прысвяціў бы таленавіты паэт якіясь са сваіх вершаў аддаленым куткам сённяшняга Мінска, але вось ў газеце «Вечерний Минск» за 10 лютага 1968 г. з’явіўся свой самародак, паэт Віктар Шымук (1933–1998), прысвяціўшы радкі Зялёнаму Лугу («Зялёны Луг, зялёны друг, Сасёнкі белыя наўкруг»). Пакідаем гэты твор цалкам на крытыку і ацэнку нашым чытачам:
Верш пра Зялёны Луг у газеце «Вечерний Минск» (зіма 1968)
Верш-загадка
Верш Канстанцыі Буйло для сённяшніх мінчукоў і жыхароў сталіцы выглядае на сапраўдную загадку. Пра якую вуліцу вядзецца гаворка? Каб адгадванне не зацягнулася на доўгі час, пакідаем ілюстрацыйную падказку.
Сёння гэты відовішчны спуск у цэнтры горада пазбыўся часткі сваіх архітэктурных формаў, але ж месца ўсё роўна пазнавальнае. Фота 1950-х гг.
ВУЛІЦА Ў МІНСКУ
Яна ўгару ад парку йдзе —
Ляжаць каменныя ступені, —
Нібыта ў будучнасць вядзе,
У поўны шчасця дзень вясенні.
А па баках шумяць, шумяць
Насады, кветкі палявыя.
І статуі між іх стаяць,
Як бы не літыя — жывыя.
Напрогся хлопец і, гранату
Кідаючы, глядзіць удаль,
Жалезнай воляю узняты,
А воля гэта — нібы сталь.
Ён пераможа, ён прывык —
Дзе б ні вялі яго дарогі —
Ці ўзяўшы молат, а ці штык,
Дабіцца слаўнай перамогі.
Застыў імклівы ён, стаіць,
Свой Мінск вітаючы вясновы.
А вось па лесвіцы бяжыць
Хлапец жывы — не мармуровы.
К станку. У клас. На стадыён.
Ён той жа воляю абняты,
Бярэцца за работу ён,
Як гэты ўзяўся за гранату.
Як радасна, як добра жыць,
Спяваць пад шум вясны ў натхненні!
У кветках лесвіца ляжыць,
Бягуць, бягуць вышэй ступені...
Крыніцы ілюстрацый і тэкстаў вершаў — knihi.com, kamunicat.org, pastvu.com, wikimapia, Wikimedia
Змітро Пілецкі, budzma.org