Калі Мінск упершыню выгукнуў: «Жыве Беларусь!»

Напрыканцы 1980-х ў Беларусі нацыянальна арыентаваныя суполкі моладзі арганізоўвалі эфектыўныя грамадскія кампаніі. Сярод іх вылучаюцца акцыі супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС і ў абарону Верхняга горада Мінска, пішуць «Свободные новости».


5.jpg

Змаганне супраць ГЭС

У красавіку 1987-га Алесь Бяляцкі прапанаваў мне далучыцца да ўдзельнікаў экалагічнана воднага ралі «Дзвіна-Даўгава» супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС.

Доўга дабіраліся да Друі. Там да нас далучыліся ўдзельнікі гомельскай «Талакі», іншыя ўдзельнікі. Памятаю Алеся Яўсеенку, які вельмі эмацыйна абураўся занядбаннем архітэктурных помнікаў у Друі. З Алесем Бяляцкім узняліся на хоры абсалютна закінутага і разбітага касцёла. Пад скляпеннямі — анёлы без галоваў, адбітых вандаламі. Муры абмазюканыя мацюкамі...

6.jpg
Удзельнікі беларуска-латышскага экалагічнага ралі Дзвіна-Даўгава, супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС, красавік-травень, 1987 год. Аўтар фота: Святлана Радкевіч

Плылі мы на чаўнах Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», пад сцягам, намаляваным Сяргеем Харэўскім. Эмблема на ім — маска, дзе вочы плачуць, а рот смяеецца. Падчас ралі вялі дзённік — кожны апісваў частку дня: хто што больш адчуваў. Зялёны той сшытак цяпер невядома дзе. Але над астатнімі чоўнамі луналі сцягі з сімвалам ралі .

Стартавалі мы 29 красавіка 1987 года.

Святлана Радкевіч згадвае:

«Пра ралі я даведалася ад сястры Ірыны, яна тады вучылася ў Акадэміі мастацтваў на кераміцы. А я жыла ў Вільні.

Вельмі перажывала, што спазнюся і паплывуць без мяне.Запомнілася доўгая, пустая вуліца ў Друі апоўдні. І раптам выйшла да вялікай ракі, на беразе якой сабралася шмат вясёлай, рухавай моладзі! Усе былі занятыя справай: рыхтавалі чаўны, надзьмувалі гумавыя плыты, малявалі эмблемы... Знайшла сваіх і далучылася да іх.

Наш човен быў мастацкі, кіраваў ім Алесь Костка. У Друі мы намалявалі на белай тканіне чырвонай фарбай знак-сімвал дзяўчыны-Дзвіны. Плыў тады і мастак Алесь Цыркуноў, ён маляваў эцюды на кожным прыстанку! Мне было 23 гады, я вучылася ў Віленскім універсітэце на прыродазнаўчым факультэце і займалася веславаннем у віленскім спартыўным клубе «Дынама».

7.jpg
Аўтар фота: Святлана Радкевіч

Згдадвае удзельніца ралі Марына Сідаровіч:

«На водным ралі «Дзвіна-Даўгава» незалежныя патрыятычныя суполкі маладых беларусаў і латышоў разам пратэставалі супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, што мела знішчыць не толькі палеткі, але і старадаўнія паселішчы, унікальныя краявіды».

Ну а які плён? Пражэкт гідраэлектрастанцыі лёг урэшце пад сукно. І тое ралі сыграла ў гэтым сваю вялікую ролю.

Змаганне за Верхні горад

Лідар «Талакі» Сяржук Вітушка распавёў мне, калі і як упершыню ў найноўшай гісторыі ў Мінску публічна прагучаў вокліч «Жыве Беларусь!» — 20 сакавіка 1988 года на Плошчы Свабоды.

«У прынцыпе, гэта быў першы мітынг у горадзе. Спантанны абсалютна. Ніякіх заявак мы нікому не падавалі. Не існавала ніякога заканадаўства пра мітынгі і дэманстрацыі.


Тады не трэба было надта моцна агітаваць: кожны вышукваў, што б гэта такое пачытаць, што б зрабіць, куды б схадзіць, з кім бы пазнаёміцца... Атмасфера была наэлектрызаваная. І мы знайшліся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. На мітынг прыйшлі свядомыя талакоўцы і людзі старэйшага веку з інтэлігенцыі.

8.jpg
Сакавік 1988 года. Сяржук Вітушка і Сяргей Харэўскі. Мітынг суполкі «Талака» у абарону Верхняга Горада, падчас пракладкі 2-ой лініі метрапалітэна. Аўтар фота: Мікола Крывальцэвіч

На тым мітынгу ўпершыню ад Анатоля Сыса прагучала «Жыве Беларусь!» Я быў страшэнна злосны на яго за гэта.

Дакладна памятаю той момант, бо перад зборам мы разам абмяркоўвалі, што рабіць, як, пра што гаварыць. Была прыдуманая вельмі простая канцэпцыя: я скажу ўступнае слова і запрашу людзей да дыскусіі. За мной меўся выступаць Сяргей Харэўскі, ён прафесійную архітэктурна-археалагічную даведку даў бы, нібыта экскурсію... А пасля — вольны мікрафон.

Тады ў «Талакі» меўся такі маленькі хрыпаты мегафончык, набыты ў спартовай краме за грошы, якія ўдалося зарабіць на адной з талокаў.

Атрымалася класна: чалавек 50 выступілі. Напачатку «талакоўцы», а пасля выпадковыя людзі, якія падышлі на гэты мітынг. Выступалі эмацыйна. І Анатоль Сыс выступаў, чытаў верш, калі не памыляюся — «Маналог Апанаса Філіповіча», сваім акторскім, трыбунным голасам. І скончыў выступ заклікам «Жыве Беларусь!» Натоўп, з падагрэтым настроем, дружна адказаў: «Жыве!» Гэта пасля і прыпомнілі нам...

9.jpg
Сакавік 1988 года, акцыя ў абарону Верхняга гораду. Удзельнікі Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» Алесь Бяляцкі і Уладзімір Сцяпан. Аўтар фота: Мікола Крывальцэвіч

А мы потым сварыліся з Сысам, я крычаў: «Як ты мог... Мы ж дамаўляліся! Ты ж нам сапсаваў усё, паглядзі...» А Сыс толькі пасмейваўся, маўляў, так і трэба, маўляў, яшчэ і мала я сказаў. А мы дамаўляліся на паседжанні папярэднім, што «палітыку» ніякім чынам закранаць ня будзем. Неяк мы гэта ўсё прытарможвалі...«

Згадвае мастацвазнаўца Сяргей Харэўскі:

«Акцыю каардынаваў Віктар Івашкевіч. З камсамола мяне, на той час, ужо выключылі. А вось камуністамі мы ніколі не былі і не збіраліся імі станавіцца. Гэтая знакавая падзея вывела дыскусіі пра праблемы гістарычнага цэнтра сталіцы на публічны ўзровень. А ўскосна — засведчыла пачатак публічнай палітычнай актыўнасці, што ўрэшце прывяла нашую краіну да незалежнасьці! Так усё і пачыналася. Мы крочылі там, дзе яшчэ ніхто не хадзіў. Наш доўгі несупынны шлях...»

Паліна Качаткова, sn-plus.com