Мінскі Форум ХІІІ адбыўся ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганеса Раў. Літаратурная секцыя прайшла 4 лістапада і была прысвечаная беларускай літаратуры і яе актуальным пытанням. Патлумачыць беларускі літаратурны ландшафт спрабавалі ў гэты вечар пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Дзмітры Дзмітрыеў і арт-мэнэджэрка Ірына Герасімовіч.
Уладзімір Арлоў
Прысутным паказалі відэа-матэрыял са зваротам славіста і перакладчыка твораў класічнай беларускай літаратуры на нямецкую мову Норберта Рандаў, які не змог прысутнічаць асабіста. Паводле яго прагнозаў беларускую літаратуру чакае светлая будучыня, пакуль будуць такія творцы як Уладзімір Арлоў і Алесь Разанаў. Найважнейшым беларускім пісьменнікам славіст назваў Максіма Гарэцкага.
Пасьля адбыліся чытанні прысутных беларускіх літаратараў.
Катрын Оствальд-Рыхтэр, дырэктарка Інстытута імя Гётэ
Катрын Оствальд-Рыхтэр, дырэктарка Інстытута імя Гётэ, якая мадэравала мерапрыемства, падагульняючы выступы літаратараў, выказала меркаванне, што беларуская літаратура сёння грае вельмі спецыфічную ролю ў сусветнай літаратуры.
Дзмітры Дзмітрыеў
Абмеркаванне, якое пачалося пасьля, кранулася і праблемы «невядомасці» беларускай літаратуры.
Ірына Герасімовіч
Паводле меркавання Ірыны Герасімовіч, беларуская літаратура будзе больш заўважнай, калі будуць выкананыя пэўныя ўмовы. Першая – прызнанне асаблівасцяў беларускага культурніцкага развіцця: няправільна лічыць, што ў нас усё было, як на Захадзе — і эпоха Рэнесансу, і эпоха Асветніцтва. Важна памятаць, што ў нас гэта адбывалася не ў класічным варыянце. Другая ўмова – прызнанне, што на дадзеным гістарычным этапе беларуская літаратура не з’яўляецца настолькі ж аўтэнтычнай, як ангельская альбо нямецкая. Але яна мае значны патэнцыял. І трэцяя ўмова – прызнанне беларускай літаратуры на Захадзе як літаратуры экзатычнай краіны».
Адказваючы на пытанне Катрын Оствальд-Рыхтэр, дзе беларускія творцы адчуваюць сёння сваю радзіму ў культурніцкім сэнсе, літаратары прызналіся пра пэўны сыход ва ўнутраную эміграцыю.
Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч выказаў спадзеў на развіцце літаратуры праз медыя: «Ёсць пэўныя колы, фундацыі, дзе робяць маладыя літаратары. З’явіліся пісьменнікі, якія працуюць з дыялектамі і так званай трасянкай. Варта сказаць пра магчымасці інтэрнету: стварыліся аўдыа і відэа-праекты — такія як старонка «Літрадыё» і відэа-праект «Чорна-белыя вершы». Замежнікам цяжка ўявіць, але доўгі час у Беларусі не было рэгулярнага часопісу замежнай літаратуры — цяпер сітуацыю спрабуе змяніць праект «ПрайдзіСвет».
Пётра Садоўскі