Мінскія і вілейскія музыкі наладзілі вечарыну народнага танца

Віляйчане 20 лістапада маглі трапіць у атмасферу традыцыйнага беларускага свята.

Некаторыя ўдзельнікі прыйшлі на вечарыну касцюмах Вілейскага строю. Фота забяспечана Мікалаем Іваненкам.

У гімназіі №2 прайшла вечарына народнага танца. Яна аб’яднала прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры з Мінска і Вілейкі. Ігралі разам музыкі: Таццяна Матафонава, Аляксей Крукоўскі, Сяргей Лісіца, Міхаіл Ермаковіч і Уладзімір Версан.

У гімназіі і атмасферу адпаведную стварылі: упрыгожылі памяшканне выставай выцінанкі. Прыйшлі людзі рознага ўзросту: завіталі навучэнцы, настаўнікі і супрацоўнікі гімназіі, удзельнікі клуба ветэранаў Палаца культуры, іншыя госці. Так што ў народным танцы кружыліся і людзі шаноўнага ўзросту, і моладзь.  Сярод апошніх былі ўдзельнікі танцавальнага ансамбля “Карагод” і фальклорнога гурта “Чабарок”.

Маглі яны павучыцца розным танцам: польцы і шляхецкаму вальсу, кракавяку і кадрылі.

Госці з Мінска не толькі вучылі танцаваць. Але і самі здымалі на відэа майстар-клас вядомай у Вілейцы фалькларысткі Зінаіды Крупскай. Яна доўгі час вывучала танцавальную культуру Вілейшчыны.

–  Вечарына прайшла вельмі цікава, удзельнікам яна спадабалася, – дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Мікалай Іваненка. –  Разышліся з такім настроем, што трэба гэту справу працягваць.

Падобныя мерапрыемствы ладзяцца ў гімназіі не ў першы раз. Гасцямі ўстановы былі вядомыя ў Беларусі музыкі і фалькларысты, тут штогод праводзіцца фальклорны фестываль “Вясёлка”.

Алесь Высоцкі, rh.by

Тэгі: