У цэнтры Мінска ёсць маляўнічы паўвостраў, акружаны з трох бакоў лукавінай Свіслачы. Мясцовасць гэтая калісьці называлася Кашары. Менавіта тут улетку 1913 г. прайшоў першы ў Мінску футбольны матч. Якія яшчэ цікавосткі хавае гісторыя зніклага прадмесця, адзіным сённяшнім ускосным напамінам пра які служыць цяперашні Казарменны завулак (былы Кашарскі), распавядае даследчык Змітро Пілецкі.
Гістарычнае гарадское прадмесце Кашары знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага раёна ў межах вул. Ульянаўская — Леніна — Пуліхава. У пачатку XX ст. прадмесце ўваходзіла ў першую паліцэйскую частку горада і ўлучала Кашарскі пляц, Вакольную вуліцу, а таксама часткова Кашарскую (цяпер Чырвонаармейская, ад скрыжавання з Першамайскай (Вясёлай), Ягораўскую (Янкі Купалы) і Ніжнеляхаўскую (Ульянаўская) вуліцы. На сёння фактычна адзіная магістраль на паўвостраве — вул. Чырвонаармейская, уздоўж якой месціцца невялікі жылы квартал з паркам і маштабная прамысловая зона з заводскімі будынкамі, аўтамабільнымі базамі і складскімі памяшканнямі. У наш час тапонім Кашары ніяк не адлюстраваны ў тапаграфіі Мінска. Пра існаванне колішняга прадмесця ўскосным напамінам служыць цяперашні Казарменны завулак (былы Кашарскі).
Ад Кашарскай плошчы да іпадрома
У канцы XVIII — пачатку XIX ст. пачынаецца карэннае змяненне планіровачнай структуры горада Мінска. Дзеля гэтай мэты ўрад Расійскай імперыі выдаў указ «Аб стварэнні ўсім гарадам, іх пабудовам і вуліцам спецыяльных планаў для кожнай губерні асобна». Асноўнай задачай планавання было ўпарадкаванне хаатычнай забудовы горада: спрамленне і выпростванне галоўных вуліц, правядзенне водаправода і каналізацыі, стварэнне рэгулярнай забудовы вуліц, разбіўка паркаў і сквераў для адпачынку месцічаў.
«План расположения строения новых в городе Минске деревянных казармов» у Кашарах губернскага архітэктара Ф. Крамера (1795). Выява з кнігі: Чантурия Ю. Белорусское градостроительное искусство. Средневековое наследие, ренессанс, барокко, классицизм в системе европейского зодчества. — Мн.: Беларуская думка, 2017
З канца XVIII ст. на землях прадмесця размяшчаліся казармы мінскага гарнізона. Дзякуючы ваенным пабудовам раён і атрымаў сваю назву: казармы — «кашары». Ужо на плане Мінска 1858 г. гэтая мясцовасць пазначаная, як «Деревянные казармы, занимаемыя ныне Военнымъ Гошпиталемъ».
Прадмесце Кашары на гістарычных планах горада 1800, 1858, 1910 і 1934 гг. У цэнтры — фрагмент плана-рэканструкцыі дарэвалюцыйнага Мінска з выдання: Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада (1994)
На Кашарскай плошчы (яе паглынулі карпусы завода імя Кірава) мінскі губернатар прымаў ваенныя парады, праводзілася муштраванне войскаў, спартыўныя гульні, цыркавыя мерапрыемствы. Улетку 1913 года тут прайшоў першы ў Мінску футбольны матч, у якім гімназісты горада выйгралі ў каманды мінскіх службоўцаў з лікам 3:0.
Плошча, праўда, вылучалася антысанітарыяй і адсутнасцю добраўпарадкавання. Напрыклад, у 1906 г. мясцовыя газеты паведамлялі пра маштабны сезонны паводак на суседняй Ляхаўцы і ў Кашарах, настолькі небяспечны і глыбокі, што людзі вымушаны былі перамяшчацца на лодках.
Галоўная вуліца-вось мела розныя назвы: Батальённая вуліца ў 1866–1882 гг., Скобелеўская — у 1882–1919 гг. (у гонар героя расійска-турэцкай вайны генерала Скобелева). Дарэчы, на месцы сучаснай сярэдняй школы № 4 стаяў драўляны домік, дзе ў 1878–1982 гг. жыў генерал Скобелеў.
Скобелеўская (пазней — Чырвонаармейская вуліца) з паштоўкі пачатку ХХ ст. Фота раскалеравана пры дапамозе нейрасеткі
Пасля смерці генерала маскоўская газета «Русь» выйшла з прапановай (у № 29 за 1882 г.) перайменаваць Мінск у «Скобелев»! У той жа карэспандэнцыі гаварылася, што ў гонар Скобелева прапануецца назваць вуліцу, школу для салдацкіх дзяцей, а ў Губернатарскім садзе паставіць бюст Скобелева. На шчасце, бурная імперская дзейнасць па ўшанаванні свайго героя супакоілася на стадыі надання генеральскага імя адной з мінскіх вуліц.
30 мая 1925 года Кашарская плошча аказалася поўнасцю запоўненая мінчанамі. У той дзень урачыста адкрылі новае спартовае збудаванне — іпадром імя Сямёна Будзёнага. Ён быў даволі простым: драўляныя трыбуны з лаўкамі, бегавы круг, паласа перашкод і падстрэшак для скакуноў. Военачальнік асабіста прыязджаў глядзець на коннаспартыўныя выступленні чырвонаармейцаў у 1934-м і выглядаў вельмі ўзрушаным і ўражаным.
На іпадроме ў Кашарах. Міжваенныя здымкі з фондаў БДАКФФД. Запрошаны на адкрыццё мінскага іпадрома С. Будзёны высока ацаніў узровень падрыхтоўкі кавалерыстаў, а таксама якасць мясцовых коней-брабансонаў (так піша газета «Звязда» ў № 112 ад 25 мая 1934 г.).
Месцічы з задавальненнем хадзілі на іпадром глядзець «конскія гонкі». Там жа ладзіліся лёгкаатлетычныя спаборніцтвы і канцэрты. Ваенны аркестр граў вальсы. Увосень на іпадроме праходзілі выставы ўраджаю, якія суправаджаюцца выступамі самадзейнасці.
У сістэме мер, накіраваных на ўмацаванне абароназдольнасці СССР у 1930-я гады, асаблівае значэнне надавалася фізічнаму выхаванню моладзі і шырокай прапагандзе ваенна-прыкладных відаў спорту. Наколькі гэта мела важнае значэнне — можна меркаваць па вершыку Петруся Броўкі з дзіцячага ілюстраванага часопіса «Іскры Ільліча» (1941, № 1)
Ад партызанскага параду — да ціхага парку і... у нябыт
На Кашарскім іпадроме 16 ліпеня 1944-га адбыўся парад партызан, у якім удзельнічалі больш за 30 тыс. чалавек. Да вечара 15 ліпеня ў горад прыбылі 30 партызанскіх брыгад і 2 асобна дзейнічаючыя атрады, у тым ліку 20 брыгад Мінскай, 9 брыгад Баранавіцкай і 1 брыгада Вілейскай абласцей, агульнай колькасцю больш за 30 тысяч чалавек. Гарадскі іпадром да гэтага часу быў ужо размініраваны і пастаўлены пад ахову партызанскай брыгады «Буравеснік». Распрацаваны былі і мерапрыемствы па прыкрыцці мітынгу-парада з паветра: падрыхтаваны знішчальная авіяцыя і супрацьзенітныя сродкі. Для правядзення ўрачыстасці былі дастаўлены вайсковыя радыётрансляцыйныя ўстаноўкі і аркестры.
Удзел у партызанскім парадзе ў Кашарах узяло каля 50 тысяч чалавек. Людзі рухаліся за народнымі мсціўцамі святочнымі калонамі. За дэманстрацыяй працоўных на рысаках праскакала зводная конная група ў складзе 900 вершнікаў. У калажы выкарыстаны здымкі з фондаў БДАКФФД.
...Да позняга вечара ўсхваляваныя жыхары Мінска і партызаны не разыходзіліся — сустракаліся і абменьваліся навінамі і ўражаннямі франтавікі, сваякі, знаёмыя. Аднак не ўсё было так узнёсла-святочна.
Сведкі з абурэннем распавядалі, што да самай плошчы з трыбунамі (на якіх, дарэчы, быў і сам «галоўны партызан БССР» (а па сумяшчальніцтве — і сталінскі кат) Панцеляймон Панамарэнка), партызанскія калоны пільнаваліся байцамі НКВД. Пасля славутага параду ўсім партызанам загадалі здаць зброю. Хто не дасягнуў прызыўнога ўзросту, і тых, хто выйшаў з прызыўнога ўзросту, адправілі дадому. Большасць жа пераапранулі ў гімнасцёркі і боты і... адправілі ў рэгулярныя часткі, бо да канца вайны яшчэ заставаўся год...
Хаця палатно Зайцава 1947 года выканана па ўсіх канонах сацрэалізму, яно вартае ўвагі, бо, па-першае, на заднім плане бачым відарыс Мінска, дзе толькі скончыліся ваенныя дзеянні, а па другое — як вядома, партызанскі парад адбываўся на былым іпадроме ў Кашарах. Так што гэта бадай што адзінае палатно, адлюстравалае мясцовы рэльеф і напісанае з гэтай тапаграфічнай кропкі. Крыніца: Wikimedia
Са знікненнем кавалерыйскіх частак у пасляваеннай арміі знікла неабходнасць і ў іпадроме. У 1957 г. на яго месцы разбілі парк імя 40-годдзя Вялікага Кастрычніка, які стаў папулярным месцам адпачынку мясцовых жыхароў. Аднак да таго, як гэтыя мясціны перайшлі цалкам да мірнага жыцця, тут адбылася апошняя драма Другой сусветнай вайны...
30 студзеня 1946 года ў 14 гадзін 30 хвілін на іпадроме горада Мінска быў прыведзены ў выкананне вырак Ваеннага трыбунала Мінскай ваеннай акругі над нямецка-фашысцкімі злачынцамі Рыхертам, Герфам, Эрмансдорфам, Вайсігам, Фалькам, Кохам, Айкам, Лангутам, Мітманам, Бурхардам, Бітнерам, Фішэрам, асуджанымі да смяротнага пакарання праз павешанне за жахлівыя злачынствы, учыненыя імі ў Беларускай ССР. Больш за сто тысяч працоўных, якія прысутнічалі на іпадроме, сустрэлі прывядзенне прысуду ў выкананне аднадушнай ухвалой (так піша «Советская Белоруссия» ў нумары ад 1 лютага 1946 г.).
Фотаздымкі часоў нямецкай акупацыі (перш. палова 1940-х гг.). Крыніца: Wikimedia. На верхнім здымку: злева — прамысловая зона, справа, за ракой — плошча. На правым здымку — Кашарскі мост праз Свіслач. На левым, унізе — відарыс Кашараў у бок іпадрому
Цікава, што парк 40-годдзя Кастрычніка фактычна знаходзіцца ў незразумелым стане: па-першае, яшчэ ў 2012 г. Мінгарвыканкам запэўніў у адным з інтэрв’ю сталічным СМІ, што парк з такім імем ужо не існуе, а па-другое — маштабы і захаванасць парка набліжаюць яго хутчэй да сквера, хаця ў апошняе дзесяцігоддзе парк атрымаў новае жыццё, калі ўзвялі гасцініцу «Пекін». У сувязі з гэтым добраўпарадкавалі і зялёную зону: замасцілі дарожкі, паставілі лаўкі, ліхтары, уладкавалі спускі да вады, арганізавалі дзіцячую пляцоўку, абнавілі футбольны стадыён, зрабілі веладарожку.
Прамысловае аблічча Кашараў
Значную частку былога прадмесця займае станкабудаўнічы завод імя сталінскага партыйнага дзеяча С. М. Кірава. Само прадпрыемства бярэ пачатак з двух заводаў канца ХІХ — пачатку ХХ стст. Машынабудаўнічы і чыгуна-меднаметалургічны завод (Кашарскі — па лакалізацыі ў прадмесці), заснаваны на базе невялікай кузні прадпрымальнікам Якабсонам у 1881 г., у хуткім часе зрабіўся адным з найбуйнейшых прамысловых аб’ектаў дарэвалюцыйнай Беларусі. Тут выраблялася абсталяванне для млыноў, вінакурных прадпрыемстваў, чыгуначныя буксы, тармазныя калодкі і кастылі; да 1891 г. асвоены выпуск земляробчых прылад, абсталявання для гутаў, лесапілак, гарбарных заводаў, пажарных помпаў, да 1900 г. — паравых машынаў, чыгуначных і медных адліваў. Машынабудаўнічы кацельны завод Янішэўскага вырас з кавальска-слясарнай і чыгуналіцейнай майстэрні, заснаванай у 1901 г. прадпрымальнікам Шышлам. Была наладжана вытворчасць паравых машын, турбін, нафтавых і газагенератарных рухавікоў, помпаў, трансмісій. У 1921 г. завод Янішэўскага быў рэарганізаваны ў сельскагаспадарчыя майстэрні, якія ў сваю чаргу ўвайшлі ў склад завода «Камунар» у 1928 г. Абодва згаданыя прадпрыемствы стаялі на няіснай сёння вул. Вакольнай.
Уверсе — завод Якабсона з дарэвалюцыйнай рэкламы; справа — вароты завода пасля 1934 г.; унізе — стан апошніх гадоў, калі закінутыя карпусы паспрабавалі прыкрыць графіці і банерамі. На тэрыторыі сучаснага завода аматары «заброшак» яшчэ ў 2010-х гг. фіксавалі асобныя цэхавыя пабудовы першых уладальнікаў, якія да апошняга моманту эксплуатаваліся. Крыніцы: Wikimedia, foursquare.com
За сваю гісторыю завод неаднаразова мяняў назву і профіль дзейнасці: у 1925 г. створаны чыгуналіцейны і машынабудаўнічы завод «Метал», у 1928 г. ён аб’яднаўся з заводам «Усход» і Цэнтральнымі сельскагаспадарчымі майстэрнямі ў завод «Камунар», з 1934 г. заводу было прысвоена імя Кірава і ён цалкам перайшоў на станкабудаванне. У апошнія дзесяцігоддзі ХХІ ст. завод прыйшоў у заняпад і ўжо не функцыянуе на поўную магутнасць. Частка цэхаў разбурана і закінута, але не забыта — кінематаграфісты аднаго часу здымалі тут сцэны для розных фільмаў. Было некалькі спробаў з 2013 г. прадаць заводскую зямлю (а гэта больш за 5 га!) інвестарам, аднак доўгі час аўкцыёны праходзілі няўдала. У 2019 г. стала вядома, што значную частку тэрыторыі выкупіў нейкі інвестар, імя якога чамусьці не разгалошваецца, таксама не вядомыя канчатковыя планы па пераносе заводскіх магутнасцяў і забудове кварталу...
Кашары мінскай памяці
На жаль, да сёння фактычна нічога не захавалася ад гістарычнай забудовы Кашараў. Аднак і зараз мімаволі прыцягвае вока адметны лапік шчыльнай забудовы на рагу Першамайскай і Чырвонаармейскай, фактычна — памежжа, адкуль пачынаецца ўласна прадмесце. Па гэтых дамах можна ўявіць, як жыла найбольш заможная частка месцічаў — афіцэры, дактары, сярэднія гарадскія чыны. На тэрыторыі Кашараў месцамі захавалася атмасфера савецкай архітэктуры пасляваенных часоў. Жылыя двух — пяціпавярховыя дамы ўзводзілі ў 1950-я, яны ўяўляюць сабой комплексы сталінскай забудовы. Некаторыя маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Збудаванні дэкараваны кветкавымі і расліннымі арнаментамі, ляпнінай, барэльефамі. Прыцягвае ўвагу сваімі эркерамі дом № 16 на вул. Чырвонаармейскай. У доме № 34 — элегантныя калоны аздабляюць цэнтральны ўваход. У завулку Казарменным фасад дома № 5А ўпрыгожваюць барэльефы з вазамі, а на даху ўстаноўлены скульптурныя кампазіцыі.
Рэшткі старой забудовы Кашараў і адноўленая паркавая зона. Крыніцы: Wikimedia, foursquare.com
Цяпер новай дамінантай раёна зрабіўся кітайскі гатэль «Пекін». Пакуль вакол яго існуе зялёная зона, навабуд, выкананы з іншых матэрыялаў і ў іншай стылістыцы, хаваецца значную частку года ў зеляніне і не надта кантрастуе з рэшткамі сталінскага ампіра і шараговай невысокай забудовай... Упарадкаванне парку-сквера з арганізацыяй месцаў адпачынку, і роварнай трасы, аднаўленнем старога моста і ўзвядзеннем новага, роварнага, ажыўляе гэты ціхі куток шумлівага мінскага цэнтра, робіць яго больш прывабным для адпачынку месцічаў. Застаецца спадзявацца, што па запушчанай апошнія 15 гадоў пазітыўнай традыцыі вяртання гістарычнай старой тапанімікі сталіцы, у Мінгарвыканкаме пагодзяцца надаць парку лепшае і правільнае імя — Кашары.
Змітро Пілецкі, budzma.org