Працягваем вас знаёміць з цікавымі гістарычнымі падзеямі мінулых тыдняў! Апошні тыдзень верасня таксама аказаўся багатым на даты, тым ці іншым чынам важныя для гісторыі нашай краіны. А што менавіта тады адбывалася – чытайце далей!
25 верасня 1921 (паводле некаторых крыніцаў, 26-га) адбылася вельмі цікавая падзея – у Празе прайшла Першая Усебеларуская канферэнцыя. Там былі прадстаўлены дэлегаты шэрагу беларускіх партый і арганізацый з Літвы, Польшчы, Заходняй Беларусі, Латвіі, Германіі і Чэхаславакіі. Асноўныя тэзы збольшага мелі яскрава сацыялістычны кірунак, але негатыўна скіраваныя ў бок і СССР, і тагачаснай Польшчы. Хаця шэраг прадстаўнікоў з гэтым не пагаджаўся, адзначаючы асноўную пагрозу толькі з боку Расіі. А вось з палякамі, маўляў, наадварот, нягледзячы на пэўныя палітычны памылкі, можна супрацоўнічаць. Таксама, на з’ездзе заявілі аб адсутнасці падтрымкі з боку прысутных арганізацый дзейнасці Булак-Булаховіча, назваўшы яго “ўзурпатарам”. Наконт Слуцкага паўстання меркаванні таксама падзяліліся. Адна частка дзякавала палякам за яго падтрымку, а другая прыняла рэзалюцыю, што перасцерагала беларусаў ад залішняга праліцця крыві. Ну, і самае галоўнае, на чым сышоўся з’езд: адзіны легітымны ўрад Беларусі – Рада БНР.
Дарэчы, тагачасная Чэхаславакія моцна імпанавала дысідэнтам-беларусам, даючы ім магчымасць атрымліваць адукацыю, а таксама дапамагала прытулкам і іншымі рэчамі. Хаця потым, ужо ў межах сацлагера, усё стала не так адназначна…
А ў 1971 годзе савецкі Брэст урачыста адкрыў сваю і дагэтуль самую вядомую славутасць – мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Адкрыццё праводзіў асабіста сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў.
26 верасня важнае для нас 1629 годам, які часова прыпыніў вайну Швецыі і Рэчы Паспалітай. Але вынік быў даволі спрэчны. З аднаго боку, Швецыя замацавалася ў Лівоніі і атрымала перспектывы для саюза з Прусіяй супраць РП. А з іншага, Прусія на той момант была васалам Польшчы, адтуль сышлі ўсе шведскія войскі і ў дадатак спынілі мыт з гандлю РП.
Другая падзея звязаная з беларускім турызмам. У гэты дзень у 1964 годзе быў заснаваны шмат каму вядомы курортны горад Нарач.
27 верасня таксама звязанае з вайной Швецыі і Рэчы Паспалітай. У 1605 годзе войска РП меншымі сіламі і стратамі разбіла шведаў у бітве пад Кірхгольмам. І гэта тая бітва, дзе крылатыя гусары мелі ключавую ролю ў нашай перамозе.
У дадатак, гэта дзень народзінаў Стэфана Баторыя – караля Польшчы і вялікага князя літоўскага. Нарадзіўся ён у 1533 годзе ў княстве Трансільванія. Менавіта Баторы змог выцягнуць Лівонскую вайну на спрыяльны для РП фінал. А ў якасці бонусу прыкладаем карціну вядомага польскага мастака Яна Матэйкі “Стэфан Баторый пад Псковам”. Дарэчы, на ёй паказаны эпізод, дзе паслы Івана Грознага просяць перамір’я ў караля і вялікага князя. Гэта адбылося падчас штурму Пскова.
Далей у нас 28 верасня. Тут, апроч сканчэння вышэйзгаданай Першай Усебеларускай канферэнцыі, усяго адна, але трагічная падзея. У 1708 годзе Пётр І загадаў спаліць Віцебскі замак і пасад. Замак быў вельмі прыгожы, але цяпер мы можам яго пабачыць толькі на працах беларускага мастака Ігара Дурава.
29 верасня у нашай гісторыі, як медаль, мае два бакі. З аднаго боку – прыняцце ў 1529 годзе 1-га статута ВКЛ – першага сапраўднага юрыдычнага збору законаў.
А з другога боку – першы падзел Рэчы Паспалітай, які прыняў тагачасны сойм. Адбылося гэта ў 1772 годзе. На мапе вы можаце пабачыць, наколькі моцнымі былі страты тэрыторыі, а таксама даведацца, што каму адышло.
30 верасня, на жаль, нічога глабальнага і цікавага ў нас не адбылося. Нават у гісторыі бываюць выходныя!
Таму мы пераходзім у пачатак месяца і канец нашага гістарычнага агляду – 1 кастрычніка. А гэтая дата вельмі важная! У 1817 годзе ў Вільні было заснаванае патаемнае Таварыства філаматаў. Яно мела даволі вялікі ўплыў на землях былога ВКЛ. Асноўнай задачай было развіццё сяброў арганізацыі ў навуках, а таксама асвета. Таксама сярод філаматаў была папулярнай ідэя аднаўлення Рэчы Паспалітай. Але з адным “але” – без феадальнага прыгнёту, супраць якога большасць філаматаў прынцыпова выступала. Навучаннем і прапагандай сваіх ідэй яны займаліся праз спецыяльныя ланкастаркія школы, які мелі філіялы на тэрыторыях сучасных Беларусі, Літвы і Украіны.
Багдан Сакалоў
Глядзіце таксама: