Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Прапануем наступны маршрут: Дзісна — Дарожкавічы — Галомысла — Язна — Мёры — Лявонпаль — Вята — Пруднікі — Ідолта — Дзедзіна — Ніўнікі — Пераброддзе — Камянполле — Кублішчына — Новы Пагост — Стэфанова — Ельня — Чарасы — Балота Мох. Сёння нас чакае заключная частка маршруту: вёска Стэфанова, дзе месціцца адна з найстарэйшых драўляных культавых пабудоваў Мёршчыны — капліца 1750 года, самае вялікае ў Беларусі верхавое балота Ельня, вёска Чарасы з цікавай царквой, узведзенай напрыканцы ХІХ стагоддзя, маляўніча размешчанай паміж двух азёраў, і гідралагічны заказнік «Балота Мох».
Фота: planetabelarus.by
Наступным прыпынкам на Мёршчыне прапануем зрабіць вёску Стэфанова. Тут знаходзіцца драўляная капліца, якая, паводле меркавання некаторых даследчыкаў, пабудаваная ажно ў 1750 годзе і амаль у аўтэнтычным выглядзе захавалася да нашых дзён.
Фота: planetabelarus.by
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Пра сам маёнтак Стэфанова інфармацыі няшмат, вядома, што ў ХVIII стагоддзі ён належаў роду Шаўманаў. І сёння вёска не з’яўляецца асабліва цікавым месцам для турыстаў ды звычайна застаецца ўбаку ад асноўных маршрутаў, якія, як правіла, на Мёршчыне вядуць да знакамітага балота Ельня. Але ўсё ж настойліва раім трошку збочыць ды заехаць у Стэфанова, бо мясцовы храм св. Міхала Арханёла — помнік народнага дойлідства, сапраўды варты ўвагі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Апроч вялікай колькасці маляўнічых краявідаў, чысцюткіх вазёраў, унікальных архітэктурных помнікаў, поўнач Беларусі і Мёршчына ў прыватнасці вядомая сваімі балотамі. Бадай, самым знакамітым з іх з’яўляецца верхавое балота Ельня. Гэтай экасістэме каля дзевяці тысячаў гадоў. Вядома, што Ельня забяспечвае кіслародам усю Еўропу.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Кожны год спрычыніцца да непаўторнага свету Ельні прыязджаюць сотні арганізаваных і індывідуальных турыстаў. У нетры балота, непралазныя мясціны непадрыхтаваным вандроўнікам лазіць не раім, але адмыслова для пешых шпацыраў на Ельні створана некалькі камфортных экасцежак. Самы просты маршрут — прабегчыся па экасцежцы ў паўтары кіламетры, што пачынаецца ля вёскі Канахі. Ёсць і больш складаныя маршруты, каля шасці і чатырнаццаці кіламетраў. Пачатак гэтых экасцежак ля вёскі Сухавержжа. Шпацыраваць па іх можна бясплатна.
Фота: planetabelarus.by
Фота: walktofolk.by
Заночыць можна ў Мёрах ці непасрэдна побач у адной з аграсядзібаў. Адна з іх знаходзіцца зусім побач з вёскай Канахі, дзе пачынаецца самая лайтовая экасцежка. Заночыць у будні дзень тут будзе каштаваць ад 40 BYN за дом, на выходныя ад 140 BYN. Таннейшы варыянт начлегу ў Мёрах, каля 40 BYN з чалавека за ноч у двухмесным нумары.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Пра непаўторную прыроду Ельні не пісаў толькі лянотны. Але і мы адзначым некалькі адметных момантаў. Узрост балотаў зазвычай вызначаюць па таўшчыні тарфянога слою, адзін метр торфу адкладаецца за тысячу год, то-бок прыблізна па міліметры ў год. Адпаведна, узрост Ельні вымяраецца такім жа чынам. Слой торфу тут у некаторых месцах больш за восем метраў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У Беларусі Ельня — самае вялікае верхавое балота, а ў Еўропе — пятае па велічыні. Пад класіфікацыяй «верхавое» маецца на ўвазе, што балота сілкуецца выключна з атмасферных ападкаў. З Ельні выцякаюць тры ракі, але ніводная ў балота не ўпадае. Там, дзе вада застойваецца, утвараецца слой сфагнуму, адпаведна, цэнтр балота выпуклы — уздымаецца па-над краем на 5–6 метраў.
Рэспубліканскі заказнік Ельня быў заснаваны на Мёршчыне ў 1968 годзе, а ў 2002 годзе атрымаў міжнародны статус. Ствараўся ён для абароны гэтага ўнікальнага прыроднага помніка. Нягледзячы на тое, што балота часткова было закранута меліярацыяй, там сустракаюцца шматлікія прадстаўнікі рэдкіх відаў жывёльнага ды расліннага свету. Найбольш прыцягвае Ельня назіральнікаў за птушкамі. Тут можна сустрэць чорнаваллёвага гагача, залацістую сеціўку, куліка-селянца, сярэдняга кулона. А ўвосень тут збіраюцца тысячы шэрых журавоў ды іншых мігруючых птушак.
Фота: planetabelarus.by
Далей прапануем наведаць аграгарадок Чарасы. Паселішча з такой назвай упершыню сустракаецца ў пісьмовых крыніцах у 1505 годзе. У часы Вялікага Княства Літоўскага Чарасы належалі роду Сапегаў, пасля Радзівілаў.
Фота: planetabelarus.by
Самі Чарасы размяшчаюцца на берагох возера Чэрас, а каля аграгарадка знаходзяцца чысцюткія азёры Трубінец і Грэцкае. Па маляўнічыя краявіды варта заехаць і сюды. Паміж двума азёрамі ў другой палове ХІХ стагоддзя з замест знішчанага грэка-каталіцкага храма XVIІІ стагоддзя, ад якога сёння застаўся толькі падмурак, была ўзведзена цагляная царква св. Мікалая Цудатворца. Царква ў Чарасах — помнік сінадальнага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. Унутры царквы варта звярнуць увагу на абразы ХVIII—ХІХ стагоддзяў «Мікалай Цудатворца» і «Цуд Георгія аб змеі».
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Апроч царквы тут варта звярнуць увагу на могілкі, дом святара і царкоўную школку ХІХ стагоддзя пабудовы. Хтосьці скажа, што царква ў Чарасах — тыповая «мураўёўка», але за кошт нетрывіяльнага размяшчэння і маляўнічых краявідаў навокал яна з’яўляецца цалкам самадастатковай турыстычная лакацыяй, вартай увагі.
Фота: planetabelarus.by
Апошнім прыпынкам на Мёршчыне раім зрабіць яшчэ адзін унікальны прыродны помнік рэспубліканскага значэння — гідралагічны заказнік «Балота Мох», які шмат хто з вандроўнікаў па Мёршчыне несправядліва абмінае ўвагай, бо знаходзіцца ён у ценю знакамітай Ельні. Балота Мох у разоў пяць меншае за Ельню, але ж тут таксама ёсць чаго паглядзець. Не дзіва, Мох, хаця і меншае, але старэйшае за Ельню амаль у два разы балота. Слой торфу ў некаторых месцах дасягае шаснаццаці метраў, адпаведна, балоту не менш за шаснаццаць тысяч гадоў.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ адным адрозненнем балота Мох ад Ельні з’яўляецца тое, што тут засталося менш незабалочаных азёрных «выспаў», усяго восем. На Ельні, для параўнання, каля ста васемнаццаці.
Фота: planetabelarus.by
Гідралагічны заказнік тут створаны ў 1981 годзе, каб зберагчы ў натуральным стане тарфяны масіў балота Мох — аднага з самых вялікіх верхавых балотаў у нашай краіне, якое рэгулюе водны рэжым прылеглых азёраў Абстэрна, Важа, Укля і Набіста. З Набісты выцякае рака Хараброўка са шматлікімі прытокамі. У заказнік уключана тэрыторыя непасрэдна самога балота Мох з мінеральнымі «выспамі», субалаткамі і вазёрамі. Па ўсім балоце раскіданыя так званыя «Цікіны выспы», якім дадаюць экзатычнага выгляду старыя ясені, клёны, якія растуць на іх.
Фота: planetabelarus.by
Адна з асаблівасцей верхавога балота ў тым, што з дрэваў тут растуць сосны, бярозы, але амаль няма елак ды дубоў, часткова яны захаваліся толькі на «Цікіных выспах». Даследчыкі тлумачаць гэта залішняй кіслотнасцю мясцовай глебы. Натуральна, што ў звычайных умовах дрэвы растуць хутчэй, але на балоце вельмі марудна, да пяці сантыметраў на працягу года.
Фота: planetabelarus.by
З ахоўнай чырванакніжнай флоры і фаўны на тэрыторыі заказніка «Балота Мох» сустракаюцца чатыры віды раслінаў, два віды казюркаў і шэсць відаў жывёлаў.
Фота: planetabelarus.by
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Для вандроўнікаў тут распрацаваны водны маршрут па маляўнічай рацэ Хараброўка, абсталявана некалькі месцаў адпачынку. У вызначаныя тэрміны нават дазволены збор ягад, грыбоў ды паляванне. На ахоўнай тэрыторыі растуць дурніцы, журавіны, чарніцы. Настойліва раім замовіць правадніка па тэрыторыі заказніка, як правіла, гэта захопленыя месцічы, якія дасканала ведаюць і неймаверна любяць сваю справу.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, Budzma.org