Брытана-аўстралійская актрыса Мірыям Маргуліс, якая здымалася ў Марціна Скарсэзэ і ў экранізацыі кніг пра Гары Потэра, распавяла ў інтэрв’ю шатландскай газеце The Sunday Post пра свае беларускія карані, паведамляе «Народная Воля».
У прыватнасці, яна распавяла, што яе дзядуля нарадзіўся ў Беларусі. Прыкладна ў 1870-м годзе ён з’ехаў і прыбыў у Літ — у той час невялікі самастойны партовы горад на беразе Паўночнага мора, які цяпер стаў раёнам Эдынбурга — сталіцы Шатландыі.
Па словах актрысы, дзядуля спачатку займаўся там разносным гандлем, а потым змог набыць невялікую аптовую краму ювелірных вырабаў у Глазга.
Мірыям Маргуліс здымалася ў мастацкіх карцінах, тэлевізійных серыялах, агучвала персанажаў у фільмах і мультфільмах. Таксама вядомая працай на тэатральнай сцэне, удзелам у радыёпастаноўках і запісам аўдыёкніг.
Напрыклад, у стужках «Гары Потэр і таемны пакой» (2002) і «Гары Потэр і Дары Смерці. Частка 2» (2011) яна сыграла Памону Спраут — прафесара зёлказнаўства і дэкана факультэта Пуфендуй школы чараўніцтва Хогвартс.
У партфоліо актрысы таксама фільмы і мультфільмы «Балта» (1995), «Джэймс і гіганцкі персік» (1996), «Рамэа + Джульета» (1996 год), «Мулан» (1998), «Канец свету» (1999), «Кошкі супраць сабак» (2001), «Мадыльяні» (2004) і іншыя.
У 1993 годзе за ролю місіс Мінгат ў фільме Скарсэзэ «Эпоха нявіннасці» яна атрымала прэмію Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў BAFTA, а ў 2001 годзе была ўзнагароджана ордэнам Брытанскай імперыі за ўклад у драматычнае мастацтва.