Міхась Скобла: Гэтыя лісты Геніюш нідзе не друкаваліся

Прэзентацыя кнігі пра беларуску з вялікай літары Ларысу Геніюш “Лісты з Зэльвы” ў серыі “Гарадзенская бібліятэка” адбылася ў горадзе над Нёманам 24 сакавіка.

Пра саму кнігу расказвае яе ўкладальнік Міхась Скобла:

“Серыя, у якой выйшла кніга, – шматспадзеўная і сябе ўжо апраўдала. І мая кніга падтрымае марку гэтай ініцыятывы. Гэтая кніга расказвае пра своеасаблівыя часы. Адразу згадаю пра тое, што на сённяшні дзень апублікавана ўжо амаль 1200 лістоў Ларысы Геніюш. І гэтая кніга – своеасаблівы летапіс, таму што Ларыса Антонаўна дзень пры дні сістэматычна фіксавала тое, што адбываліся вакол яе, і на Гарадзеншчыне і па ўсёй Беларусі. З гледзішча эпісталярнай дыктацыі падзей Беларусі Ларыса Геніюш не мае сабе роўных у нашай беларускай літаратуры, таму што, да прыкладу, з усёй спадчыны Янкі Купалы захавалася 149 лістоў, тэлеграмы, паштоўкі і г.д.

Захавалася ўсяго 17 лістоў Алеся Гаруна. Дзякуй богу ад Ларысы Геніюш засталіся і вершы, і лісты. Гэтыя лісты – таксама ўспаміны, яна не проста піша, якое надвор’е сёння ці колькі вершаў яна за гэты дзень напісала, яна цікава разважае пра нейкія культурныя падзеі і з’явы, пра людзей, што наведвалі яе ў Зэльве. Як бы прыватныя справы, але калі азірнуцца і пачытаць тыя сапраўдныя летапісы, што захаваліся, – гэта летапіс жыцця. У кнізе – лісты да Ларысы Жук-Грышкевіч, да Вітаўта Тумаша.

Міхась Скобла згадаў пра наведванне Зэльвы і пра рэчы, што засталіся ў хатцы Ларысы Геніюш.

Цікавым быў аповед пра знойдзенае крэсла з надпіcам ZB. “Гэтыя крэслы праляжалі ў Зэльве 27 і нават больш гадоў. На адным з іх – ZB. Менавіта такім чынам Ларыса Геніюш у сваіх лістах піша “Жыве Беларусь!” – кажа Міхась Скобла.

Прэзентацыя кнігі прайшла ў межах Агульнабеларускай дыктоўкі, якая ладзілася ў Горадні гарадзенскім ТБШ і выдавецкай ініцыятывай “Гарадзенская бібліятэка”.

Андрэй Мялешка

Тэгі: