XXVII Міжнародны музычны фестываль імя І. Салярцінскага пройдзе ў Віцебскай абласной філармоніі 1-18 снежня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА адзін з арганізатараў дацэнт кафедры тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі умзыкі Нэлі Мацаберыдзэ.
Уверцюрай стане канцэрт арганнай музыкі лаўрэата міжнародных конкурсаў італьянца Эўджэніа Фаджыяні. “Маэстра выступае ў Еўропе, Расіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе. У гэты час у яго, можна сказаць, гастрольны тур па Беларусі: канцэрты на фестывалях у Мінску, Полацку і ў нас у Віцебску. У праграме прагучаць кампазіцыі Баха, Франка, Малера, Гендэля і самога Эўджэніа Фаджыяні. Арганныя канцэрты вось ужо некалькі гадоў надзейна прапісаліся ў праграме фестывалю, таму што ў нас цудоўны інструмент, які выклікае інтарэс у вядомых выканаўцаў”, – адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ.
На адкрыцці форуму 3 снежня, у дзень нараджэння Івана Салярцінскага, трыа салістаў з Расіі – Аляксандр Чарноў (скрыпка), Алег Бугаёў (віяланчэль) і Наталля Багданава (фартэпіяна) – дасць канцэрт камернай музыкі. У праграме сярод іншых прагучыць кампазіцыя Шастаковіча – трыа “Памяці І.І. Салярцінскага”.
Рэдкім падарункам для віцебскай публікі стане канцэрт старадаўняй музыкі. У выкананні інтэрнацыянальнага дуэта пецярбуржца Дзмітрыя Зубава і мінчанкі Галіны Мацюковай будзе гучаць музыка эпохі барока на гістарычных інструментах – клавесіне і флейце траверс. Арганізатары фестывалю імкнуцца кожны раз адкрываць для слухачоў новыя імёны. Акрамя вышэйназваных, у Віцебск па спецыяльным запрашэнні ідэйнага натхніцеля форуму Дзмітрыя Салярцінскага прыедзе лаўрэат міжнародных конкурсаў Майкл О’Рурк з Ірландыі. На яго фартэпіянным канцэрце “Музыка ночы”, дзе прагучаць накцюрны, санаты, прэлюдыі, калыханка, слухачы адчуюць усю гаму настрояў і адчуванняў гэтага часу сутак. Асаблівай падзеяй стане канцэрт камернай музыкі ансамбля салістаў “Класік-Авангард” – да 25-годдзя калектыву і 180-годдзя з дня нараджэння польскага скрыпача і кампазітара Генрыка Вяняўскага. “Класік-Авангард” з’яўляецца адным з ініцыятараў зараджэння віцебскага фестывалю і яго практычна пастаянным удзельнікам.
Гонар закрываць музычнае свята прадастаўлена даўняму сябру форуму – народнаму артысту Расіі Аляксею Любімаву. Ён прыхільнік аўтэнтычнага выканання музыкі XVII – XIX стст., у чым слухачы пераканаюцца на фартэпіянным канцэрце, дзе прагучаць кампазіцыі Моцарта, Бетховена, Скрабіна, Пярта.
Традыцыйна фестываль уключае і навуковыя чытанні, у якіх прымуць удзел вучоныя-музыказнаўцы з Бельгіі, Латвіі, Італіі, Ірландыі, Расіі і Беларусі.
Кацярына Князева, БелТА