Некалькі месяцаў таму ў Варшаве з’явіўся Inclusive Barista Social Club — прастора для людзей, якія маюць інваліднасць. Праз некаторы час адчынілася школа інлюзіўнага барыста, а цяпер каманда рыхтуе цэлы фестываль кавы. Што будзе адбывацца на гэтым фестывалі? Ці складана распачаць інклюзіўны бізнес у Польшчы? Што варта зрабіць, каб палепшыць становішча людзей з інваліднасцю ў Беларусі? Паразмаўлялі пра гэта са стваральнікам праекта «Інклюзіўны барыста» Аляксандрам Аўдзевічам.
— Распавядзі пра Social Club, як узнікла ідэя стварыць яго ў Польшчы?
— У Беларусі ў мяне было пяць кавярняў, дзе працавалі людзі, якія маюць інваліднасць. Праект я пачаў распрацоўваць яшчэ ў 2017 годзе. Але пачалася вайна, і гэты скарб я вымушаны быў пакінуць, на жаль. Там яшчэ засталіся працаваць людзі, якія не маюць магчымасці рэлакейту, але я з’ехаў.
Доўгі час я вандраваў на хэнд-байку, потым прыехаў у Польшчу і зрабіў невялікую імпрэзу, дзе распавядаў пра сваё падарожжа. Да мяне падышоў адзін хлопец, які страціў руку, і расказаў, што хацеў бы стаць барыстам. Так з’явілася ідэя сабраць людзей, якія маюць інваліднасць, і зрабіць сваю кавярню. Мы купілі за свае грошы каву, самае таннае абсталяванне і мэблю з «Ікеі» — усё рабілася фактычна з нуля.
Спачатку мы ўдзельнічалі ў кэйтэрынгах на розных мерапрыемствах. Потым з’явілася думка, што можна таксама адчыніць школу інклюзіўнага барыста, дзе людзі маглі бы навучыцца рабіць каву. Нас падтрымала нідэрландская арганізацыя «Матра»: нам далі грошы на каву-эксперс і стол. Такім чынам наш узровень стаў вышэйшы. Мы сталі ездзіць па імпрэзах, знаёміцца з людзьмі і арганізацыямі. І зараз ужо плануем стварыць сваю франшызу.
Мне хочацца сабраць беларусаў з інваліднасцю ў розных краінах і зрабіць інклюзіўны стартап.
— Складана было пачаць свой інклюзіўны бізнес у Польшчы?
— У Польшчы спачатку было цяжка, бо патрэбна была легалізацыя. Гэта доўгая бюракратычная справа. Пакуль ты не зробіш усе неабходныя дакументы, у тым ліку не пацвердзіш сваю інваліднасць, то ты нават не маеш права сваё аўто паставіць на месца для вазочнікаў.
Цяпер я нарэшце легалізаваўся, атрымаў неабходныя даведкі і магу адкрываць ІП як чалавек з інваліднасцю. Гэта дае мне пэўныя бонусы: у першую чаргу магчымасць атрымаць спрыянне ад дзяржавы. Напрыклад, нам змогуць дапамагчы купіць неабходнае абсталяванне.
Мы плануем адчыніць сваю інклюзіўную кавярню, спадзяюся, гэта здарыцца бліжэйшым часам. Ужо знайшлі памяшканне нават, але не хочацца пра гэта шмат казаць, хочацца хутчэй запрасіць туды папіць кавы.
— А як справы з адкрыццём бізнесу ішлі ў Беларусі?
— У Беларусі трэба было шмат каго ведаць, размаўляць, грукацца ў розныя дзверы.
У Польшчы нашмат лягчэй займець падтрымку, знайсці грошы на інклюзіўны бізнес. Калі б я тут укладаў столькі ж сілаў і энергіі, як у Беларусі, то я б, напэўна, ужо ездзіў бы на «Фэрары» і пасміхаўся.
— Распавядзі пра «Інклюзіўны кава-фэст», што там будзе адбывацца?
— На фестываль мы запрасілі розных людзей з інваліднасцю, якія цікавяцца кавай. У нас ёсць дамоўленасць з фірмамі-пастаўшчыкамі абсталявання для кавярняў, яны выступаюць спонсарамі мерапрыемства. Фестываль пройдзе 24–26 жніўня. Мы будзем вучыць 10 інклюзіўных барыстаў гатаваць розныя віды кавы, рабіць альтэрнатыву. Яшчэ ў праграме запланаваны воркшопы і лекцыі. Вучоба будзе праходзіць у закрытым рэжыме, а вось 26-га ўдзельнікі будуць гатаваць каву ўжо для гасцей фэсту. Таксама плануюцца розныя спаборніцтвы: напрыклад, па альтэрнатыўных спосабах заварвання кавы.
Важна, што мы хочам забяспечыць нашых вучняў неабходнымі рэчамі — фільтрамі, вагамі, прэсамі для кавы. Каб яны не проста паспрабавалі адзін раз і з’ехалі, а маглі працягваць трэніравацца дома. Я спадзяюся, што некаторыя з гэтых людзей змогуць стаць часткай нашага клубу і адчыніць свой бізнес, або працаўладкавацца ў Inclusive Barista.
— Ці цяжка было запрасіць людзей з Беларусі, у тым ліку зрабіць ім польскія візы, у цяперашніх умовах?
— Так, гэта было вельмі няпроста, мы спачатку думалі, што гэта ўвогуле немагчыма. Але ж мы ўпартыя: пачалі пісаць лісты ў пасольства, у розныя структуры. І ў нас атрымалася, прычым удзельнікам фэсту зрабілі візы за два тыдні. Галоўнае патлумачыць, чаму гэта сапраўды важна для гэтых людзей.
Вядома, што многія людзі з Беларусі баяцца прыехаць, хаця гэта зусім не палітычная імпрэза, а навучанне інклюзіўнай прафесіі, атрыманне новага досведу.
— Я заўважыла, што ў Беларусі людзей на вазочках вельмі рэдка можна сустрэць на вуліцы, у параўнанні з многімі еўрапейскімі краінамі. Чаму так адбываецца, на тваю думку?
— На гэта шмат прычын, і яны ўсе ўзаемазвязаны. Як чалавек, які да 27 гадоў жыў без інваліднасці, а потым разбіўся на спартыўным байку, я добра разумею, што такое жыццё без вазка і ў вазку. Вось выязджаеш ты ў горад: дзесьці на цябе накрычалі, дзесьці ты не можаш праехаць ці сесці ў транспарт. Таму людзі застаюцца дома. І з гэтым трэба працаваць.
Павінна быць нейкая праграма адаптацыі ў грамадства, у тым ліку псіхалагічная, бо ў людзей з’яўляецца страх выходзіць на вуліцу. Таксама неабходна ўзаемадзеянне з дзяржавай, каб горад рабіўся больш інклюзіўны.
Напрыклад, Варшава, я лічу, добра прыстасавана для людзей з інваліднасцю. Я шмат дзе падарожнікаў па еўрапейскіх гарадах і магу сказаць, гэта горад у спісе лепшых.
Другая прычына — гэта грошы. Калі ў цябе з’яўляюцца грошы, для цябе адкрываецца нашмат больш магчымасцей, нават калі ты маеш інваліднасць. У Еўропе часта можна пабачыць людзей на вазках на імпрэзах, у барах, кавярнях. І ўладальнікам бізнесу гэта таксама робіцца выгадным: навошта ім губляць кліентаў, калі можна проста зрабіць прастору, адкрытую для інклюзіі?
А ў Беларусі ў людзей з інваліднасцю проста няма грошай. Яны не з’яўляюцца на вуліцах, і пра іх ніхто не думае. Людзі жывуць настолькі кепска, што калі дзяржава робіць нейкі паблажкі, напрыклад выдае інтэрнат, то яны часам гатовыя ўсхваляць уладу. Бывае і такое, на жаль. Яны не ўяўляюць, як жывуць у іншых краінах, не бачылі іншага ўзроўню жыцця.
І мне вельмі хацелася б стварыць такое кам’юніці, каб людзі з інваліднасцю далучаліся, маглі нармальна зарабляць, падарожнічаць, мець якасныя швейцарскія ці шведскія вазкі. Гэта мая мэта.
Марта К., budzma. org