Два тыдні таму пры вроцлаўскай суполцы Беларускага Саюза Салідарнасці з’явіліся дзіцячыя моўныя курсы.
Курсы створаныя «з мэтай далучыць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбіць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі і фальклорам» — распавялі арганізатары для Budzma.org.
Моўныя курсы толькі пачаліся, адбыліся першыя заняткі для чатырох узроставых катэгорый. Дзеці былі размеркаваныя па групах у адпаведнасці з узростам і з узроўнем падрыхтоўкі: першая група — гэта дзеці 6-7 гадоў, другая група — дзеці 8-9 гадоў, у 3 групе сабраліся 10-гадовыя, а ў 4 групе вучні 11-12 гадоў. Больш за ўсё жадаючых у першай узроставай катэгорыі.
Выкладае на курсах прафесійны педагог беларускай мовы і літаратуры, якая вельмі любіць сваю працу і імкнецца перадаць дзецям любоў і павагу да мовы і культуры. Як адзначылі арганізатары, на занятках «выкарыстоўваюцца яе асабістыя дыдактычныя напрацоўкі, якія адаптуюцца да ўзроставых патрэбаў і ўзроўню ведаў у кожнай групе. Настаўніца ўключае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, элементы гульні, стварае ўмовы для творчасці. Мяркуючы па першых водгуках, дзеці і бацькі засталіся задаволеныя заняткамі».
У хуткім часе плануюць уключаць элементы гісторыі Беларусі, культуры і літаратуры, каб не абмяжоўвацца толькі моўнымі заняткамі.
«Наўрад ці гэта падобна на заняткі ў беларускіх школах — дзеці сядзяць разам за агульным сталом, яны камунікуюць і знаёмяцца паміж сабой. Мы спадзяёмся, што першыя два месяцы дазволяць найлепш адчуць патрэбы ў нашай мэтавай аўдыторыі — сем’і, якія жадаюць захаваць і развіваць беларускую мову, нават знаходзячыся ў эміграцыі. Таксама мы імкнемся дапамагчы настаўнікам, якія за мяжой хацелі б падтрымліваць сваю кваліфікацыю», — распавядае адзін з арганізатараў курсаў.
Знайсці жадаючых паўдзельнічаць для арганізатараў не стала праблемай, бацькі нават гатовыя аплочваць невялікую суму за заняткі. «Нам пашанцавала прайсці адбор у праграме дафінансавання малых ініцыятыў ад Нацыянальнага Інстытута Свабоды — Цэнтра Развіцця Грамадскай Супольнасці, таму першыя два месяцы навучанне беларускай мове для дзяцей будзе бясплатным. Адначасова іх бацькі могуць наведваць заняткі польскай мовы, што і прадугледжвалася праектам, таксама без аплаты на гэты перыяд», — дзеліцца добраю навіною прадстаўнік вроцлаўскай суполкі беларусаў.
Як зазначаюць арганізатары, задача польскіх моўных курсаў — даць бацькам базавыя практычныя веды. Вымушаны і часта раптоўны пераезд у іншую краіну не спрыяе хуткаму вывучэнню замежнай мовы. Нават калі беларусы даволі добра разумеюць польскую мову, стаіць камунікатыўны барʼер. Такія заняткі дапамагаюць знаходзіць патрэбныя размоўныя формулы ў бытавых сітуацыях.
«Праект мае доўгатэрміновую арыентацыю, таму мы будзем шукаць усе магчымасці, каб зрабіць яго карысным, удалым, насычаным і запатрабаваным», — рэзюмуюць арганізатары моўных курсаў.
Алесь Масевіч, Budzma.org