Вітанкі! Даўно не чуліся, праўда? Думалі і гадалі, пра што б такое напісаць, і тут раптам, літаральна нам на галаву, зваліліся свежыя музычныя эксперыменты ад нашых землякоў. Сёння ў рубрыцы «Гітара Мулявіна» гаворка пойдзе аб экзістэнцыйным крызісе, року, што нарэшце вырваўся з нататак у тэлефоне на музычную прастору, і чароўным неасоўле па-беларуску. Гонім не марнуючы часу!
Самыя змрочныя куткі душы
Менавіта ў іх ты паглыбляешся, слухаючы ЕР постпанк-праекта Čužanica з зусім неіранічнай назвай «Ехіstencia». Першы сінгл «Смерць» адкрываецца для слухачоў павольнай і цягучай гітарнай партыяй у рытме вальсу «на раз-два-тры», і гэты рытм, дарэчы, з’яўляецца даволі рэдкім па выкарыстанні ў музычных кампазіцыях па ўсім свеце. Манатонны рэчытатыў зусім не збівае з панталыку, а толькі дадае атмасфернасці агульнаму меладычнаму малюнку.
Зусім незаўважна першы трэк пераходзіць у другі пад назвай «Ізаляцыя». Паўтараючы і перадаючы настрой першай песні, кампазіцыя набірае тэмп словамі «Ніхто не пачуе, ніхто не ўбачыць — ізаляцыя, ізаляцыя...».
Тое, што будзе шакаваць слухача і надалей — гэта гульня на кантрасце, паміж лёгка-танцавальнай мелодыяй і абсалютна суіцыдальнымі тэкстамі. Не будзем спойлерыць усе песні (а іх у зборніку 5) і проста раім паслухаць.
Асцярожна, можна злавіць дэпрэсіўны эпізод!
Ад школьных канцэртаў да рок-дэбюту
Для тых, хто шарыць за беларускі андэграўнд, назва гурта Passive Voice амаль не выклікае шчырага здзіўлення. Тое, што пачыналася з сяброўскіх тусовак і кавераў на школьных канцэртах, пакрысе пераўтвараецца ў сур’ёзную рок-музыку.
З пачатку 2023 года гурт някепска папрацаваў і выпусціў 3 сінглы на 3 розных мовах, адзін з якіх пад назвай «На жаль» выйшаў зусім нядаўна.
Дарослая, грунтоўная і моцная кампазіцыя як па тэкставых складніках, так і па гука-прадакшане вызначае рост усіх удзельнікаў «Пасіўнага голасу». Разам з развіццём прыходзіць і больш жорсткае вакальнае выкананне, якое нібыта напалмам праходзіцца па вушах тых, хто прывык да больш лагоднага вакалу выканаўцаў, бо ад куплету да прыпеву градус эмацыйнасці будзе толькі ўзрастаць. Кампазіцыя відавочна не для ўтульных вечароў з кубкам кавы на балконе, хаця... хто ж вам забароніць?
Беларускі блюзавы вайб
Файны дуэт сталічных хлопцаў з назвай Puaro робіць нязвыклую для нашых мясцін музыку пры сумесі джазу, блюзу і сучаснай электроншчыны.
Пару дзён таму дуэт выдаў сінгл «Не выпускной», але асабіста мяне больш зацікавіў іхны рэліз «Хвалі», які выйшаў ажно ў 2022-м і, па адчуваннях, атрымаў крытычна недастаткова ўвагі з боку слухачоў. Проста ўключайце гэты трэк, і вы зразумееце, што нічога падобнага па-беларуску вы і блізка яшчэ не чулі!
З першых нотаў хочацца як мінімум павольна танчыць з келіхам віна ў руцэ на тэрасе каля самага мора. Вакал зроблены па канонах жанру з якаснымі высокімі нотамі і прапрацаваным «нізам». Біт адчуваецца шчыльна, але ні ў якім разе не перашкаджае асноўнай гітарнай мелодыі, толькі дадаючы агню ўсёй кампазіцыі.
Акрамя песень, у дуо ёсць свой адменты візуальны стыль, які праяўляецца не толькі ў інстаграме, а і пры афармленні вокладкі трэкаў. Сапраўднае мастацтва і стыль ва ўсім! Мяркую, найлепшы трэк апошняга месяца лета.
Хатні Томпсан, budzma.org