У нядзелю 21 жніўня ў музеі-запаведніку Заслаўя адкрылася выстава інструментаў этна-трыа “Троіца” ды прэм’ерны паказ монаспектакля “Варажбіт. Працяг”. Цікавасць да імпрэзы была настолькі вялікая, што Івану Кірчуку дзею давялося паўтараць тройчы, бо самая вялікая зала музея не магла змясціць усіх ахвочых.
Іван Кірчук
На цэнтральнай, Савецкай, вуліцы Заслаўя ўдзень у нядзелю рэдка сустрэнеш чалавека, затое як завернеш да Рынкавай, пабачыш немалы натоўп. Пэўна, што выстава інструментаў этна-трыа “Троіца” ды монаспектакль “Варажбіт. Працяг” уразілі найперш супрацоўнікаў музея. Яны рыхтаваліся да гэтай дзеі больш за месяц і разлічвалі на немалы наплыў народу. Дзеля гэтага сваімі сіламі нават нарыхтавалі пачастунак для меркаваных наведнікаў выставы – на 40 асобаў. Якім жа было іх здзіўленне, калі яны пабачылі ў музеі ў пяць разоў болей людзей. Але нічога – справіліся: нарабілі дадатковых канапак ды ўпрасілі Івана Кірчука паўтарыць спектакль, бо ахвочых проста фізічна немагчыма было змясціць у самай вялікай зале музея. Лідару “Троіцы” давялося паўтараць імпрэзу тры разы. Зрэшты, рабіў ён гэта з непадробным імпэтам.
Як толькі сціхаюць размовы і шэпт, у зале выключаецца святло, імправізаваную сцэну асвятляюць толькі два міні-пражэктары. У цэнтры сядзіць Кірчук у белым ільняным адзенні. Яму дапамагае аспірантка з педагагічнага ўніверсітэта Кацярына Баброўская, апранутая ў льняную сукню, увешаная пацерамі ды амулетамі. Чатыры промні з тканіны сыходзяцца да чашы з зернем. Кацярына пераходзіць па промнях, кожны з якіх сімвалізуе стыхію – ваду, паветра, агонь, зямлю. Яна рухамі цела перадае характар стыхіі ды звяртаецца да кожнай, каб дамагчыся іх спрыяння. Падчас гэтага Кірчук, змяняючы маскі на твары ды інструменты, спявае пра часы, калі людзі “не веравалі Госпаду Богу, а веравалі лютаму цмоку”. “З сённяшніх навінаў бачна, што стыхіі нібы помсцяць нашай зямельцы, дык чым не нагода залагодзіць іх”, – патлумачыць потым аўтар ідэю пастаноўкі “Варажбіта-2”. Першую частку ён прадставіў на вялікай сцэне КЗ “Мінск” восем гадоў таму і ўрэшце вырашыў паказаць працяг монаспектакля, уклаўшы ў 25 хвілін дзеі ўсё жыццё чалавечае.
Пасля спектакля Кірчук расказаў пра экспазіцыю. Музыкі з “Троіцы” выставілі 250 інструментаў, сабраных імі падчас экспедыцый, канцэртаў і паездак за мяжу. Гонгі з Непала, сас з Турцыі, украінскі інструмент буська, аўстралійская труба, нямецкая цытра, расійскія гуслі, а таксама рог, варган, дуда, акарына ды яшчэ безліч выстаўленых інструментаў без выключэння гучалі на альбомах этна-трыа. Яшчэ з дзясятак “экспанатаў” музыкі не выставілі, бо пастаянна выкарыстоўваюць іх падчас канцэртаў. Кірчук выглядаў калі не шчаслівым, дык прынамсі ў гуморы: “Вельмі добра, што мы ўрэшце змаглі паказаць усё гэтае багацце, якое гадамі ляжала ў скрынях”. Дырэктар музея Мікалай Паграноўскі выглядаў не менш радасным: “Іван Кірчук прынёс свята ў Заслаўе!” – заявіў ён і пажадаў доўгіх гадоў усім праектам музыкі. А супрацоўніца музея Алена Рыдзеўская, якой належыць ідэя зрабіць такую дзею ў Заслаўі, выдыхнула пра канцы ды паведаміла прысутным: “Тут загучаў цэлы сусвет, і ў аснове гэтай гармоніі апынуўся беларускі спеў”. Як можа гучаць цэлы сусвет, яшчэ кожны можа адчуць – выстава інструментаў этна-трыа “Троіца” будзе працаваць да 30 верасня.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановчіа