Далучыцца можа кожны. У дачыненні да заняткаў новага курса «Мова нанова з Варшавы» гэтыя тры словы – не пусты гук. Прысутнічаць, хай нават віртуальна, выконваць практыкаванні і ўдзельнічаць у дыскусіі тут будзе магчымаць для ўсіх. Бо асноўную стаўку арганізатары робяць не на саму сустрэчу (спатканні праходзяць у Варшаве, у Цэнтры Беларускай Салідарнасці штопанядзелак а 18.30), а на яе анлайн-трансляцыю.
Хто будзе гасцямі? Ці можна стаць валанцёрам праекта? Як навучылі Мікіту Мелказёрава размаўляць па-беларуску для таго самага выпуска youtube-праекта «Жыццё – маліна» – карацей, пра ўсё самае важнае – наша гутарка з вядоўцамі і арганізатарамі курсаў Алесяй і Антосем.
– Давайце пачнём з галоўнага. Прайшлі першыя заняткі «Мова нанова з Варшавы». Вы задаволеныя тым, што атрымалася?
Антось: Мы ў цэлым задаволеныя тым, што робім, не зважаючы на тое, колькі людзей прыходзіць на заняткі. Галоўнае, каб у іх была цікавасць і ахвота даведвацца новае пра беларускую культуру і мову. Калі ёсць запыт, то чаму гэтым не займацца? Але рана казаць пра нейкія глабальныя высновы, бо мы пакуль што тэсціруем розныя фарматы, правяраем, які з іх найбольш падыдзе нашым наведнікам. Так, самы першы занятак-знаёмства правялі ў фармаце ток-шоў, зладзілі вялікую сустрэчу з музыкам, а другі, калі ўжо пачалася непасрэдная практыка мовы з практыкаваннямі і ўрокам, арыентавалі на дыскусію, каб атрымалася двухбаковая зацікаўленая размова госці і ўдзельнікаў. Наступным разам праверым неша яшчэ, пакуль не знойдзем залатое рашэнне, якое падыдзе анлайн-гледачу з Беларусі.
Алеся: І я цалкам задаволена. Таму што мы ўжо зрабілі добры аб’ём працы. Дамовіліся з Цэнтрам Беларускай Салідарнасці наконт памяшкання і абсталявання. Гэта, падаецца, першы такі важны момант. Па-другое, сабралася крутая каманда. Ну, і трэцяе – нашы слухачы, якія даверыліся нам і прыйшлі на заняткі. Было бачна, што ў іх розны ўзровень валодання мовай, але галоўнае, што ў іх ёсць запыт на вывучэнне беларускай мовы і яны прыйшлі да нас, каб скарыстацца гэтай цудоўнай магчымасцю.
– Анлайн-глядач у Беларусі – асноўная мэтавая аўдыторыя праекта?
Антось: Так, мы імкнёмся рабіць асноўны акцэнт і стаўку не столькі на мерапрыемства афлайнавае, сустрэчу беларусаў Варшавы, колькі на тое, што анлайн-трансляцыя будзе запатрабавана нашымі землякамі, якія жывуць у іншых гарадах, у тым ліку беларускіх, дзе сёння няма магчымасці праводзіць сустрэчы падобнага кшталту. Пакуль што атрымліваецца 50 на 50. Першую сустрэчу курса ў Цэнтры беларускай салідарнасці наведала крыху больш за 20 «студэнтаў» і прыкладна столькі ж далучылася да заняткаў анлайн.
Мы толькі пачалі працу па распаўсюджаванні інфармацыі пра нашы сустрэчы, старонкі ў сацыяльных сетках толькі нядаўна створаныя, таму зразумела, што актыўнасць гледачоў у інтэрнэце яшчэ не такая высокая. З цягам часу ўсё выправіцца. Яшчэ раз падкрэслю: мы адмыслова робім акцэнт на тых, хто сёння жыве ў Беларусі. З Варшавы сёння прасцей і бяспечней зладзіць імпрэзу беларускай скіраванасці, таму яшчэ раз акцэнтую важнасць прыназоўніка ў назве нашых сустрэч. Мы менавіта «Мова нанова З Варшавы», бо спадзяемся трансляваць відэа адсюль у вялікі беларускі свет.
Алеся: На жаль, Беларусь зараз перажывае чарговы этап пераследу ўсяго беларускамоўнага і нацыянальнага. І калі, напраклад, у мінулым стагоддзі людзям, якія хацелі валодаць мовай, было даволі цяжка гэта ўвасобіць, то цяпер мы маем інтэрнэт-пляцоўкі, якія дазваляюць ладзіць анлайн-сустрэчы з любой кропкі свету. Таму мы выкарыстоўваем напоўніцу ўсе магчымасці.
– Як выбіраеце гасцей заняткаў? Каго запрашаеце выступіць перад аўдыторыяй і падзяліцца сваім досведам беларускамоўнасці?
Алеся: Канечне, першы паказчык, каб госць валодаў беларускай мовай і сваім прыкладам натхняў слухачоў часцей і актыўней выкарыстоўваць мову. Акрамя таго, перыядычна нашы заняткі супадаюць з рознымі гістарычнымі падзеямі, святамі і таму намагаемся запрашаць людзей, якія спецыялізуюца на адпаведнай тэме, каб закрануць не толькі моўныя аспекты, але і гісторыю, культуру, мастацтва і іншыя сферы нашага жыцця. Тым больш, калі госць, напрыклад беларускамоўны шахцёр ці бортнік, ці арнітолаг, то гэта яшчэ больш уражвае слухачоў. Таму што такія людзі «бліжэйшыя да народа».
Антось: Для вечарыны-знаёмства мы адмыслова абралі Алеся Дзянісава, каб першы занятак выклікаў шмат шуму, каб на сустрэчу прыйшлі тыя, хто проста хацеў пабачыцца з землякамі, зноў пабыць на канцэрце знаёмага музыкі.
А ўжо другая вечарына сабрала менавіта тых, хто хоча падвучыцца, падцягнуць свой узровень валодання беларускай мовай. Паэтка, даследчыца беларускай літаратуры з Іспаніі Анхела Эспіноса Руіс, якая была госцяй другой вечарыны, дазволіла матываваць нашых удзельнікаў на больш блізкае і дасканалае знаёмства з беларушчынай. Мы паспадзяваліся на тое, што спрацуе звычайны стэрэатып: раз за мяжой нешта прызнаецца як вартае ўвагі, то і нам самім трэба пільней у гэта ўглядацца. Падаецца, усё атрымалася, і гутарка з Анхелай сталася сапраўды карыснай, цікавай для ўсіх. Плынь пытанняў, рэплік як ад удзельнікаў самой сустрэчы ў Цэнтры беларускай салідарнасці, так і ад гледачоў трансляцыі была бясконцай!
Анхела Эспіноса Руіс
– А хто наступны?
Антось: А гэта пакуль сакрэт! Гасцей стараемся не анансаваць вельмі загадзя: жыццё надта непрадказальнае. Тут усё зразумела, мы пакуль кіруемся такім прынцыпам: запрашаем тых, хто фізічна прысутнічае ў Варшаве, не баіцца адкрыта выступіць на камеру і мае вольны ад спраў вечар панядзелка. Заняткі ладзяцца на валанцёрскай аснове, таму неяк фінансава заахвочваць гасцей мы пакуль не можам. Спадзяёмся, гэта наперадзе.
– Хто працуе ў камандзе «Мова нанова з Варшавы»? Да вас можна далучацца актыўным беларусам?
Антось: Нас каля 10 чалавек, усе раней былі задзейнічаны ў арганізацыі курсаў «Мова нанова» ў Бярэсці, Маладзечне, Ваўкавыску, ёсць нават людзі з Масквы. Асноўнымі матэрыяламі сталі напрацоўкі з нашага сайта, але дадаём і новае. Самі арганізатары не ўпершыню ладзяць такія курсы, ужо неаднаразова праводзілі заняткі па такіх тэмах, таму робім іх цікавымі ў тым ліку для сябе, каб не засумаваць. Скажу шчыра: калі б я не быў вядоўцам, то і сам бы хадзіў на заняткі. Гэта ж так цікава! Мы нават кантэнт у сацсетках распрацоўваем так, каб ён быў цікавы найперш нам самім. Бо як можна зацікавіць іншых тым, што цябе не чапляе?
Алеся: Антось забыўся яшчэ Віцебск прыгадаць. Каманда вельмі крутая. Але пакуль не ўсіх можам афішыраваць. Мяне ўражвае, як мы камунікуем паміж сабой, дзелім абавязкі, падстрахоўваем адно аднаго. Падаецца, адзін з важных паказчыкаў – гэта як арганізавана праца ў камандзе. І магу сказаць, што мы добра спраўляемся. Мы адкрытыя для актыўных беларусаў. Таму, калі нехта хоча да нас далучыцца і дапамагчы, асабліва ў вядзенні анлайн-заняткаў, будзем вельмі ўдзячныя.
– У вас у капілцы ўжо ёсць надзвычай яскравы прыклад працы з журналістам Мікітам Мелказёравым, якога літаральна за некалькі тыдняў навучылі больш-менш добра размаўляць па-беларуску, прынамсі, у межах аднаго інтэрвʼю. Як гэтага ўдалося дасягнуць?
Антось: Мелказёраў і сам крыху ведаў беларускую мову, з ім займаліся дзяўчаты, ён глядзеў кіно па-беларуску і меў вялікую матывацыю, сурʼёзна паставіўся да справы. Але мы ўжо падумваем пра тое, што фразу «навучым беларускай мове любога чалавека за два тыдні» варта дадаць у наша партфоліа (смяецца).
– Вы ўжо казалі, што «Мова нанова з Варшавы» – гэта пакуль што цалкам валанцёрскі праект. Якую ролю гэтая справа адыгрывае ў вашым уласным жыцці?
Антось: Па шчырасці, калі я сам упершыню прыйшоў на занятак «Мова нанова» ў Беларусі, то нават не ведаў, што гэта за ініцыятыва. Пазнаёміўся з Глебам Лабадзенкам, паездзіў па розных гарадах, дзе гэтыя курсы праводзіліся, і зразумеў: гэта класная справа, я хачу тут быць. Лічу, што няма беларуса, які не разумее беларускай мовы. Трэба толькі даць яму тое асяроддзе, дзе гэтая мова будзе арганічнай. «Мова нанова з Варшавы» – месца, дзе можна паразмаўляць па-беларуску, хоць насамрэч тут такіх мясцін цяпер намнога больш. Я ў Варшаве жыву з 2015 года і раней, калі сустракаў земляка, гэта было неверагоднае шчасце. Той чалавек адразу станавіўся сябрам. Цяпер такіх сяброў тут шмат, і гэта радуе. Раней не было такога запыту на беларускую музыку, канцэрты, мы і раней сустракаліся з сябрамі, якія жывуць тут, але гэта была менавіта свая тусоўка, без выхаду на шырокія масы. А цяпер запыт на культурніцкія імпрэзы ёсць, у тым ліку цікавасць да беларускай мовы.
Алеся: Мяне ў свой час на «Мова нанова» ў Менску прывёў мой выкладчык. Я чула пра гэтую ініцыятыву, але чамусьці не прыходзіла. А тут запрасілі – і я прыйшла. Глеб Лабадзенка вельмі харызматычны і літаральна заражае сваёй беларускамоўнасцю. Аднойчы Глеб расказваў сваю гісторыю пра атрыманне правоў кіроўцы па-беларуску. Я акурат у гэты час вучылася ў аўташколе і так натхнілася, што дастала ўсіх у школе і ДАІ, каб мне таксама зрабілі па-беларуску. Аказалася ўсё вельмі проста. Пасля ўніверсітэта я вярнулася працаваць у Маладзечна, дзе таксама існавалі курсы. Стала туды прыходзіць. Дзесьці праз год ці два, у «Мовы нановы Маладзечна» ўзніклі пытанні наконт памяшкання, і я дапамагла трохі. Такім чынам, курсы пераехалі ў памяшканне ў Музычны каледж, дзе я і працавала. А яшчэ праз год выкладчыца «Мовы нанова» нарадзіла дзіця і больш не магла выкладаць, таму Глеб прапанаваў мне далучыцца. Я трохі павагалася, але пагадзілася.
Таму што беларуская мова – гэта мы. І калі будзе ў людзей запатрабаванне ў ёй, як мы бачым зараз, то я буду ахвяраваць часам, сродкамі дзеля беларускай мовы. Асабліва калі мы ў іншай краіне, дзе вельмі проста згубіцца як нацыя. І, як сказаў адзін мой добры знаёмы: «Галоўнае – не страціць сваю ідэнтычнаць».
Марына Весялуха, budzma.by
Фотаздымкі прадастаўленыя арганізатарамі «Мова нанова з Варшавы»
Падпісвайцеся на старонкі «Мова нанова з Варшавы» ў сацсетках, каб не прапусціць цікавае:
https://www.facebook.com/MovaNanovaVava
https://www.instagram.com/movananovavava/
і ў тэлеграме і ціктоку @MovaNanovaVava