14 траўня 1995 года ў Беларусі быў праведзены рэферэндум, на якім было ўзнятае пытанне аб наданні дзяржаўнага статусу рускай мове нароўні з беларускай. З нагоды гэтай падзеі юрыст Ігар Случак распавёў пра наступствы рэферэндуму для беларускай мовы, а таксама пра тое, чаму важна ўлічваць досвед 1995 года для выпрацоўкі моўнай палітыкі.
- На момант рэферэндуму для большасці насельніцтва Беларусі беларуская мова была роднай, калі абапірацца на статыстычныя дадзеныя. Як Вам падаецца, чаму ў 1995 годзе беларусы абралі дзяржаўнае двухмоўе?
- На жаль, пасля аднаўлення Беларуссю незалежнасці, моўнаму пытанню не ўдзялялася належная ўвага. Нацыянальна-арыентаваная апазіцыя ў Парламенце знаходзілася ў абсалютнай меншасці, а закон «Аб мовах» рэалізоўваўся катастрафічна павольнымі тэмпамі. Беларусы, якія яшчэ не адышлі ад палітычных і культурных «абдымкаў» БССР-СССР не паспелі напоўную асэнсаваць, што можна жыць і без рускай мовы, тым больш, што руская мова ўсё яшчэ была на кожным кроку і фактычна пераважала ў публічнай сферы. Таму для людзей не было нейкай дылемы пра выбар на рэферэндуме — яны былі не супраць, каб фактычнае больш-менш роўнае двухмоўе было зафіксаванае і на паперы. Галасаванне было не за рускую мову, а каб зрабіць беларускую і рускую мовы роўнымі. Людзі былі падманутымі: калі да 1995 года мовы сапраўды былі роўнымі, то пасля дзяржаўная моўная палітыка была накіравана на тое, каб руская мова дамінавала ва ўсіх сферах, а беларуская была дзяржаўнай толькі дэ-юрэ, а дэ-факта адбывалася дыскрымінацыя па прыкмеце беларускай мовы.
- Як Вам падаецца, што будзе спрыяць пашыранаму выкарыстанню беларускай мовы?
- Адэкватная для незалежнай краіны дзяржаўная моўная палітыка зможа палепшыць стан беларускай мовы.
Большасць беларусаў усё яшчэ ведаюць беларускую мову, а тыя, хто не ведае, або ведае дрэнна, змогуць яе без цяжкасцяў вывучыць, калі выкарыстанне беларускай мовы стане актыўным у паўсядзённым жыцці.
Або хаця б не будзе небяспечным, бо сёння любы беларускамоўны чалавек з’яўляецца па сутнасці падазроным у нелаяльнасці да дзеючага палітычнага ладу. І гэта таксама вынік дзяржаўнай моўнай палітыкі, калі беларуская мова свядома стыгматызуецца як мова «ворагаў народу».
- Ці магчыма, на Ваш погляд, абарона нашай мовы ў краіне без істотных заканадаўчых зменаў?
- У сённяшняй сітуацыі выпраўленне моўнага дысбалансу без заканадаўчай падтрымкі можа зацягнуцца, а сёння гэта немэтазгодна, бо моўная сітуацыя і так далёка не самая лепшая — без беларускамоўнай Беларусі можна страціць незалежнасць без шанцаў на яе аднаўленне.
Беларускамоўным беларусам варта зразумець, што без іх штодзённай працы на карысць беларускай мовы сітуацыя толькі будзе пагаршацца. Таму праца неабходна штодзённая і сістэмная, усімі законнымі сродкамі. Проста размаўляць па-беларуску ўжо недастаткова.
- Якія высновы можна зрабіць з моўнага рэферэндуму?
- Пытанні пра мову, іншыя важныя для народа пытанні нельга выносіць на рэферэндум, бо гэта тыя рэчы, якія не належаць аднаму пакаленню. Сёння звычайны шэраговы школьнік мае больш ведаў, чым сталы чалавек узору 1995 года. Але гэты школьнік вымушаны жыць па тым устаноўкам, што стварылі яго дзяды. Абсалютны разрыў пакаленняў, дзе старое дамінуе над новым, праз што новае губляе сэнс і вартасць. Гэта тое ж, што паставіць сучасную душавую кабіну ў дом без каналізацыі, або заліць бензін у дызельны трактар.
Таксама важна памятаць, наколькі важна, каб народ быў адукаваны і культурны. Цёмнаму і абмежаванаму ў інфармацыі чалавеку можна навязаць любыя ідэі, сярод якіх адмова ад роднай мовы будзе выглядаць яшчэ як не самае горшае зло, што мы і бачым сёння ў няпросты для нашай краіны час.
- Як Вы лічыце, ці важна ўлічваць досвед 1995 года для таго, каб выпрацоўваць моўную палітыку цяпер?
- Досвед 1995 года відавочны зараз кожнаму. Сярод краін Усходняй Еўропы толькі ў Беларусі і ў меншай ступені ва Украіне не надавалася належная ўвага развіццю нацыянальнай мовы, не было адэкватнай нацыянальнай моўнай палітыкі. І цяпер у абедзьвюх краін праблемы. Ва Украіне зараз моўнае пытанне вырашана назаўсёды на карысць украінскай мовы, але кошт разумення апынуўся вялікі.
Хацелася б, каб Беларусь і беларусы зрабілі слушныя высновы і зразумелі, што родная мова — найлепшая зброя для абароны культурнай, дзяржаўнай і палітычнай незалежнасці.
Гутарыла Ганна Бурштын, budzma.org Фота з асабістага архіва Ігара Случака