Як зазначыў аўтар перакладу, Мойшэ Кульбак вяртаецца на радзіму апошнія 100 гадоў. Першае вяртанне ў Мінск адбылося вясной 1918 года. У 1923 годзе ён вяртаецца з Еўропы ў Вільню. А адтуль у 1928 годзе — зноў у Мінск, і гэтае вяртанне каштавала яму жыцця — ён быў забіты ў «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. На 20 гадоў з таго часу імя Кульбака было выкраслена з літаратуры, яго кніжкі былі забароненыя да 1956 года. Потым адбылася яго рэабілітацыя. Неўзабаве ў Маскве выйшаў пераклад раману Кульбака «Зэльманцы» на рускую мову, і ў 1960 годзе выходзіць гэты пераклад па-беларуску аўтарства Віталя Вольскага. Але ўсё роўна імя Кульбака не набывае шырокай вядомасці.
Сам Сяргей Шупа прыйшоў да Кульбака праз віленскага ідышыста Довіда Каца, які на любы выпадак жыцця цытаваў Кульбака, як таджыкі цытуюць Амара Хаяма. Ён вёў летнія курсы ідышу, якія заключаліся ў тым, што падчас іх радок за радком чыталася паэма Кульбака «Райэн» («Беларусь»).
«Схаваным» пісьменнікам Кульбак быў і для Адама Глобуса. Ён прачытаў яго ў перакладах 1960-х гадоў, і вырашыў, што яго трэба вывесці з ценю.
Па словах Сяргея Шупы, паэзія Кульбака яшчэ не дайшла да нас у поўным складзе. Мы маем толькі адзін зборнік у беларускім перакладзе, дзе «ад Кульбака амаль нічога не засталося». Пры тым, што пісьменнік нават у «маленькіх раманах» сваіх застаецца перадусім паэтам.
Рэдактарка кнігі і выкладчыца ідыш Ася Фруман прызналася, што для яе было важна не нашкодзіць, не разбурыць кульбакаўскае вар’яцтва. Яна зачытала некалькі вершаў рэпрэсаванага аўтара на ідыш.
А паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч ачытаў паэзію Кульбака ў перакладзе на беларускую мову. Бадай, адзін з найбольш вядомых і шчымлівых вершаў — «Зорачка»:
Падчас прэзентацыі аўтар ідыш-беларускага слоўніка Алесь Астравух распавёў, што ўяўляў сабой ідыш у Мінску 1920-х, калі на ім у гэтым горадзе размаўляў Мойшэ Кульбак.
Адзін з першых чытачоў перакладу — пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Прачытаўшы «Панядзелак», ён прыйшоў да высновы, што Кульбак роўны, а то і пераўзыходзіць такіх аўтараў, як Кафка ці Набокаў.
Мы, як і героі «Панядзелка», жывем у часы рэвалюцыі. Як і ў той час, пад вокнамі нашай краіны гучыць страляніна. І тая самая вялікая маса спрабуе адвучыць нас чытаць. Раман складаны, і ніколі ён не зробіца масавым чытвом. У гэтай кнізе галоўнае — музыка тэксту, якую Сяргей перадаў з уласцівым яму майстэрствам. Мова Кульбака вельмі экспрэсіўная, там ёсць свая гармонія. Таму раман лепш прачытаць за адзін раз — а потым адкласці і думаць.
Сяргей Шупа спадзяецца, што цягам наступнага года выйдзе зборнік Кульбака ў серыі «Паэты Планеты». Выдавецтва «Вясна» плануе выдаць другі раман Кульбака «Месія з роду Эфраіма». Напачатку 2019 года выйдзе новы пераклад «Зэльманцаў» аўтарства Андрэя Дубініна.
Фота аўтаркі