У Расеі шануюць Мусаліні?

09.01.2020 Замежжа

Досыць цікавая гісторыя адбываецца ў суседняй краіне. Днямі расейскій пісьменнік і журналіст Ігар Молатаў змясціў у сваім тэлеграм-канале кампліментарны допіс пра лідара італьянскіх фашыстаў Беніта Мусаліні.

Яго перапосціў сабе тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў. Відаць таму, што ў тым пасце развагі маладога пісьменніка адносна асобы дучэ падмацоўваюцца дакументальным фільмам “Мусаліні. Закат”, які быў зняты Салаўёвым у далёкім 2013 годзе. На гэта імгненна адрэагавалі расейскія дэмактары і лібералы, у тым ліку і топавыя фігуры – напрыклад, Аляксей Навальны, якія абурыліся публікацыяй.

А ўчора на партале “Russia Today” з’явілася калонка Дзмітрыя Пятроўскага пад назвай “Дучэ напужаў лібералаў”, у якой аўтар распавядае, што не ўсё толькі дрэннае было звязана з постаццю Мусаліні, а таксама коратка выкладае гісторыю фашысцкага руху і ягонае прынцыповае адрозненне ад гітлераўскіх нацыянал-сацыялістаў.

Калі б падобная дыскусія разгарнулася ў Італіі, гэта не выклікала б здзіўлення. Там да асобы Мусаліні дагэтуль няма адназначнага стаўлення. І, пэўна, не будзе ўжо ніколі. Больш за тое – там ёсць людзі, якія ганарацца “Чорным дваццацігоддзем”, калі дучэ знаходзіўся ва ўладзе, а па вуліцах італьянскіх гарадоў маршыравалі фашысты. Але ж Расея – не Італія.

30805_900.jpg

Кур’ёзнасць сітуацыі ў тым, што Салаўёў і кампанія з усіх сілаў, на тых жа самых рэсурсах, мінулую пяцігодку толькі і займаліся тым, што выкрывалі фашысцкую сутнасць украінскай ўлады. Уласна кажучы асноўная фішка расейскай прапаганды апошняга часу – гэта мантра пра змаганне апалчэнцаў з украінскімі фашыстамі і карнікамі на усходзе Украіны. Тут ужо, як той казаў, або крыжык здыміце, або …

КК



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!