Пахавальная палітыка Рурыкавічаў. Дзе спачылі беларускія князі часоў Старажытнай Русі?

Як выбіралі месцы для княжацкіх некропаляў дынастыі Рурыкавічаў, чым унікальныя пахаванні ў Полацку і чаму менскага князя ў Кіеве пахавалі асобна ад усіх іншых — пра гэта ў новым выпуску падкаста «Так склалася гістарычна» расказаў беларускі гісторык Юрый Кежа. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».

Smierć mienskaha kniazia Hlieba Usiaslaviča
 Смерць менскага князя Глеба Усяславіча. Фрагмент адной з мініяцюр Ліцавага летапіснага збору

Кежа даследуе пахаванні Рурыкавічаў канца X — першай паловы XIII стагоддзя ў кантэксце дынастычных стратэгій і сімвалічнай рэпрэзентацыі ўлады гэтага княжацкага роду. У першую чаргу даследчыка цікавіць, як месца пахавання было звязана з асобай пахаванага князя і наколькі выбар месца быў свядомым.

Адзіная дынастыя Усходняй Еўропы

Станаўленне роду Рурыкавічаў звязана з пранікненнем у IX стагоддзі на землі ўсходніх славян, балтаў, фіна-уграў, шматлікіх скандынаўскіх груповак ваяроў, гандляроў, рамеснікаў. Адна з такіх груповак — «русь» — на працягу другой паловы IX і ўсяго X стагоддзя распаўсюджвае сваё палітычнае панаванне на большую частку Усходняй Еўропы.

Ужо да канца X стагоддзя можна казаць пра паўнавартасную княжацкую дынастыю, якая вядзе свой род ад легендарнага Рурыка і складаецца з вялікай колькасці князёў-сваякоў. На працягу XI-XII стагоддзяў велізарны княжацкі род падзяляецца на асобныя княжацкія лініі, названыя па імёнах найбольш вядомых родапачынальнікаў: Манамашычы, Ольгавічы і полацкіх князёў Рагвалодавічаў — нашчадкаў першага вядомага полацкага ўладара Рагвалода, што вельмі важна, па мацярынскай лініі.

Паводле слоў Кежы, вялікае значэнне ў панаванні дынастыі меў культ княжацкіх продкаў, які ў першую чаргу праявіўся ў асаблівым іменаслове дынастыі, пэўным наборы імёнаў, характэрных толькі для прадстаўнікоў княжацкага роду, а таксама з пазначэннем прасторы праз будаўніцтва хрысціянскіх храмаў, якія павінны былі стаць своеасаблівымі цэнтрамі прыцягнення для пэўных прадстаўнікоў дынастыі.

У адрозненне ад сённяшняга часу, само паняцце дзяржавы ў разуменні чалавека сярэднявечча хутчэй за ўсё атаясамлялася з кіруючай дынастыяй.

Пахавальні Рурыкавічаў

Каб забяспечыць уладарам найбольш частыя і клапатлівыя памінанні, іх астанкі, як правіла, хавалі ў храмах ці манастырах, якія былі заснаваны або самімі князямі, або з’яўляліся магільнымі склепамі прадстаўнікоў пэўнай дынастычнай лініі, адной з адгалінаванняў Рурыкавічаў.

Праз гэта ў дамангольскай Русі адсутнічае адзінае месца пахавання, дзе была б сканцэнтраваная большасць парэшткаў памерлых прадстаўнікоў дынастыі.

Fiodaraŭski manastyr z Safijskaj bramaj u Kijevie
Фёдараўскі манастыр з Сафійскай брамай у Кіеве. Рэканструкцыя Юрыя Асеева

Кожная асобная княжацкая лінія стварае ўласныя храмы ці манастыры, дзе хаваюць яе прадстаўнікоў. Найбольш вядомымі і ўплывовымі князямі ў XII стагоддзі былі Манамашычы, якія часцей за астатніх Рурыкавічаў кіравалі ў Кіеве. Адзін з найбольш магутных князёў гэтай дынастычнай галіны Мсціслаў Уладзіміравіч, сын Уладзіміра Манамаха, у 1129 годзе заклаў манастыр у гонар свайго нябеснага заступніка святога Фёдара Тырана. У гэтым Фёдараўскім манастыры, апроч самога заснавальніка Мсціслава, былі пахаваны яго дзеці, унукі і два праўнукі — тут, на думку Кежы, праяўляецца выразнае самаатаясамленне князя са сваёй дынастычнай лініяй.

Даследчык лічыць паказальным выпадак, калі пры смерці быў смаленскі і кіеўскі князь Расціслаў Мсціславіч, і паўстала пытанне пра яго пахаванне. Сястра раіла яму прыбыць у Смаленск, якім ён кіраваў 40 гадоў, і знайсці апошні спачын у заснаваным ім жа храме Барыса і Глеба, але той выбраў быць пахаваным менавіта ў Фёдараўскім манастыры Кіева, аргументуючы гэта тым, што тое месца з’яўляецца яго радавым магільным склепам.

Яшчэ адзін падобны прыклад — кіеўскі манастыр Архангела Міхаіла, заснаваны Святаполкам Ізяславічам у гонар свайго нябеснага апекуна. У ім 1113 годзе быў пахаваны ён сам, а пасля таксама праўнук і прапраўнук — тураўскі князь Глеб Юр’евіч.

У час феадальнай раздробленасці на Русі з’яўляецца шэраг асобных зямель-княстваў і з’яўляюцца лакальныя радавыя месцы пахаванняў у розных гарадах: у Чарнігаве, Пераяслаўлі, Смаленску, Разані, Уладзіміры-Валынскім.

Наўгародскія асаблівасці

Safijski sabor u Noŭharadzie
Сафійскі сабор у Ноўгарадзе — месца пахавання прадстаўнікоў розных ліній Рурыкавічаў, епіскапаў і мясцовых пасаднікаў. Фота: Wikimedia Common

У Ноўгарадзе была асаблівая сітуацыя, бо на працягу XI-XII стагоддзя ў ім не зацвердзілася ні адна з галін Рурыкавічаў, сумесна кіравалі запрошаны князь і мясцовы пасаднік. У горадзе было пахавана восем князёў Рурыкавічаў, чацвёра знайшлі спачын у Сафійскім саборы, трое — у Георгіеўскім саборы Юр’ева манастыра. У адрозненне ад іншых гарадоў Русі, у наўгародскіх некропалях часта хавалі і ноўгарадскіх епіскапаў, пасля архіепіскапаў, а таксама пасаднікаў.

Прадстаўніка дынастыі Рурыкавічаў, які не кіраваў у Ноўгарадзе, курскага князя Ізяслава Уладзіміравіча, аднаго з малодшых сыноў Уладзіміра Манамаха, перапахавалі ў Сафійскім саборы, але асобна ад астатніх князёў. Наўгародскіх князёў звычайна хавалі ў асобным прыдзеле, але Ізяслава ж пахавалі ў паўночна-заходнім куце паўночнай галерэі, у спецыяльна збудаваным аркасоліі.

Пахаванні полацкай дынастыі

На землях беларускага Падзвіння ў другой палове X стагоддзя быў створаны прэцэдэнт прыходу да ўлады Рагвалода, які не быў звязаны з родам Рурыкавічаў. Паводле летапісу, прыйшоў з-за мора і, хутчэй за ўсё, быў скандынавам. Улада яго ў Полацку пратрымалася некалькі дзесяцігоддзяў, але, як адзначае Кежа, гэта стала ідэйнай асновай для фарміравання ў першай палове XI стагоддзя асобнай галіны полацкіх князёў. У сэнсе генеалогіі яны былі Рурыкавічамі, бо Рагнеда, дачка Рагвалода, нарадзіла сына ад князя Уладзіміра Святаславіча. Але ў другой палове XI — XII стагоддзі полацкія князі былі адасоблены ад астатніх Рурыкавічаў і набылі фактычна манапольную ўладу над Полаччынай.

Rekanstrukcyja carkvy
Навукоўцы перакананыя, што ў Сафійскім саборы ў Полацку былі пахаваныя полацкія князі, але пахаванні так і не былі адшуканыя. Рэканструкцыя першапачатковага выгляду царквы. Фота: pridvinie.vlib.by

Летапісных апісанняў некропаляў полацкіх князёў з галіны Рагвалодавічаў не захавалася.

«Натуральна, што такія некропалі былі, — тлумачыць Кежа, — да пачатку XII стагоддзя гэта быў Сафійскі сабор у Полацку. І потым нам дакладна вядома, што некаторыя полацкія князі былі пахаваныя ў Бельчыцкім манастыры..

Polacki Bieĺčycki manastyr XII stahoddzia
Полацкі Бельчыцкі манастыр XII стагоддзя, нягледзячы на сваё гістарычнае значэнне, быў цалкам знішчаны за савецкім часам. Сёння беларускія ўлады не прадпрымаюць ніякіх спроб аднавіць, вывучыць ці хаця б абазначыць на мясцовасці гэты помнік старажытнасці. Фота: Wikimedia Commons

Адносна нядаўна, некалькі гадоў таму, археалагічныя раскопкі ў Спаса-Праабражэнскай царкве пацвердзілі, што існавала падземная крыпта, дзе таксама, магчыма, быў пахаваны адзін з прадстаўнікоў полацкай княжацкай дынастыі, хутчэй за ўсё, гэта быў сын Усяслава Святаслаў — Георгій. Толькі археалагічнымі даследаваннямі мы можам зрабіць нейкія высновы наконт княжацкіх некропаляў у Полацку».

Звычайна Рурыкавічаў хавалі ў храмах у саркафагах, якія маглі размяшчацца ці ў аркасоліях у спецыяльных памяшканнях, ці ва ўнутранай прасторы храма. Але прыклад пахавання ў крыпце Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, якая знаходзілася непасрэдна пад храмам, унікальны — падобных пахаванняў, паводле слоў Кежы, больш не знойдзена нідзе ва Усходняй Еўропе.

Spasa-Praabraženskaja carkva ŭ Polacku
Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку мае ўнікальны для Усходняй Еўропы прыклад пахавання прадстаўнікоў дынастыі ў крыпце пад храмам. Фота: Wikimedia Commons

Што тычыцца Сафійскага сабора ў Полацку, то даследчык мяркуе, што там быў пахаваны Усяслаў Брачыславіч, больш вядомы як Усяслаў Чарадзей. Але пахаванні ў саборы так і не былі выяўлены археалагічна.

Менскі князь, якога пахавалі ў Кіеве як ворага

У пісьмовых крыніцах, праўда, захавалася інфармацыя пра пахаванне аднаго з прадстаўнікоў полацкага княжацкага сямейства ў Кіеве. У Іпацьеўскім летапісе пад 1158 годам згадваецца пра смерць жонкі менскага князя Глеба Усяславіча і яе пахаванне разам з мужам у Кіева-Пячэрскім манастыры, а таксама аб вялікім ахвяраванні менскага князя і княгіні на патрэбы манастыра.

Smierć mienskaha kniazia Hlieba Usiaslaviča
Смерць менскага князя Глеба Усяславіча. Адна з мініяцюр Ліцавага летапіснага збору

«У гэтай згадцы звяртае на сябе ўвагу тое, што Глеб Усяславіч быў адзіным са свецкіх уладароў дамангольскай Русі, хто быў пахаваны ў Кіева-Пячэрскім манастыры. На мой погляд, галоўная прычына апошняга месца спачыну Глеба была звязана менавіта з яго дынастычным, родавым паходжаннем, а таксама ваеннай палітыкай, якую праводзіў ён і яго бацька, знакаміты полацкі князь Усяслаў Брачыславіч».

Вядома пра канфлікт менскага князя Глеба ў часы кіравання з Уладзімірам Манамахам, які хадзіў паходамі на Менск. За 40 гадоў да гэтых падзей, у 1070-1080-я гады ўсё той жа Уладзімір Манамах выступаў адным з галоўных супернікаў Усяслава Брачыславіча, бацькі Глеба. У першы паход у 1116 годзе Глебу ўдалося дамовіцца з кіеўскім князем, але ў наступны паход Манамаха, які адбыўся 1119 годзе, менскі князь быў адпраўлены ў зняволенне ў Кіеў, дзе і памёр у тым жа годзе.

«Захоплены пасля паходу Глеб памёр менавіта ў перыяд кіравання ў Кіеве Уладзіміра Манамаха, свайго галоўнага суперніка, а таксама аднаго з галоўных супернікаў Усяслава, Усяслава Брачыславіча.

І паколькі Глеб памёр удалечыні ад родавых земляў, ён не мог быць пахаваны ні ў адным з храмаў Полацка. Таксама не знайшлося месца для пахавання Глеба ні ў адным з княжых манастыроў ці храмаў Кіева», — тлумачыць даследчык.

Ёсць яшчэ два падобныя з пахаваннем Глеба выпадкі: валынскі князь Давыд Ігаравіч пахаваны ў Клоўскім манастыры Кіева і ноўгарад-северскі князь Ігар Ольгавіч пахаваны ў Сімяонаўскім манастыры. Давыд быў пазбаўлены спадчыны і стаў ізгоем, а таксама праславіўся нечуваным злачынствам — асляпленнем церабоўльскага князя. Ігар — забіты ў час знакамітага Кіеўскага паўстання.

«Тры князя — наш Глеб, таксама Давыд, Ігар — былі адзінымі са старажытнарускіх князёў, якія былі пахаваныя ў Кіева-Пячэрскім, Клоўскім і Сімяонаўскім манастырах», — заўважае Кежа.

На яго думку, выбар месцаў для пахавання гэтых трох князёў могуць аб’ядноўваць наступныя абставіны. Па-першае, усе тры князі не належалі да княжых ліній, родавыя некропалі якіх знаходзіліся ў Кіеве. Па-другое, кожны з трох князёў у перыяд сваёй ваенна-палітычнай актыўнасці так ці інакш варагаваў, канфліктаваў з князямі, якія кіравалі ў Кіеве, або — як Давыд Ігаравіч — з’яўляўся парушальнікам прынцыпаў міжкняжацкіх адносін унутры роду Рурыкавічаў.

Kijeva-Piačerski manastyr
Менскі князь Глеб Усяславіч з княжацкага дому Рагвалодавічаў стаў першым з Рурыкавічаў, які быў пахаваны ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Фота: Wikimedia Commons

«Глеб Усяславіч належаў, як вядома, да асобнага ад Яраславічаў полацкага княжацкага дому Рагвалодавічаў. Адпаведна, для яго пахавання не знайшлося месца ні ў адным з родавых манастыроў Кіева. І сам гэты манастыр — Кіева-Пячэрскі — мае свае адметныя асаблівасці на фоне астатніх манастыроў Кіева. Да пачатку 12 стагоддзя ён набыў значны аўтарытэт, што вызначыла незалежную пазіцыю духавенства манастырскага ў адносінах да кіеўскіх князёў.

Вядомыя канфлікты манастыра з некаторымі кіеўскімі князямі, і дадзеныя акалічнасці маглі стаць непасрэднымі прычынамі ігнаравання Рурыкавічамі Кіева-Пячэрскага манастыра як месца княжых пахаванняў. То-бок Глеб Усяславіч — асобны ад Яраславічаў, ад іншых Рурыкавічаў, князь. Давайце яго пахаваем там, дзе мы нікога не хавалі», — тлумачыць даследчык.

Юрый Кежа лічыць, што тое, што Кіева-Пячэрскі манастыр выбралі як адзінае прымальнае месца пахавання менскага князя, гаворыць пра дынастычную адасобленасць і дыстанцыяванне асноўных княжых ліній, якія кіравалі ў Кіеве — Манамашычаў і іншых князёў, — ад полацкіх князёў Рагвалодавічаў.