«Купалле на Вісле»: як беларуская тэатральная студыя ў Варшаве стварае супольнасць праз культуру

21 чэрвеня на беразе Віслы ў Варшаве беларусы адзначаць Купалле — традыцыйнае свята летняга сонцастаяння, якое ўжо чацвёрты год яднае ўсіх, хто носіць у сэрцы айчынную культуру. Ладзіць свята з года ў год тэатральная студыя «Купалінка». З чаго ўсё пачыналася, як атрымалася зрабіць Купалле сімвалам яднання беларусаў Варшавы і што чакае ўдзельнікаў сёлетняга святкавання, распавялі заснавальнікі студыі «Купалінка».

Kupallie na Vislie
Купалле на Вісле, 2024 г.

Купалле, што стала сімвалам

Ідэя, як згадваюць заснавальнікі студыі, нарадзілася натуральна:

— Прырода, рака, спевы, вогнішча, вянкі — усе, што мы памятаем з дзяцінства. І прапусціць Купалле, калі мы займаемся захаваннем сваёй тоеснасці ў эміграцыі, неяк не выпадала...

Хацелі зрабіць для сваіх і зусім не чакалі столькі гасцей! У нацыянальных строях, з дзеткамі, з усмешкамі... Мы адчувалі гэта і раней, але тут канчаткова зразумелі: гэта патрэбна, гэта важна.

Свята пераўтварылася ў сімвал згуртавання беларусаў у польскай сталіцы. Праз танцы, спевы, абрады мы згадваем сваю адметнасць і пазіцыянуем сябе як частку еўрапейскай культуры.

Kupallie na Vislie
 Купалле на Вісле, 2024 г.

— На Купаллі мы не лічым сябе гаспадарамі, бо народнае свята немагчыма прысабечыць, і не варта тое рабіць, — смяюцца арганізатары. — 

Мы проста ствараем умовы — адкрываем карагод, працягваем руку. Мы кажам: «Прыходзьце і рабіце тое, што вам блізка». І марым, каб усе аб’ядналіся, хаця б на дзень.

Kupallie na Vislie
Купалле на Вісле, 2024 г.

Як усё пачыналася

Заснавальнікі студыі «Купалінка» бачаць у прыярытэце менавіта супольнасць і ў сваёй штодзённай практыцы дзеці, падлеткі, а цяпер і дарослыя атрымліваюць тут падтрымку, набываюць моц, кампетэнцыі, веды, а галоўнае — сяброў. У студыі амаль няма ратацыі — большасць груп трымаюцца разам з 2020-га.

Udzieĺniki teatraĺnaj studyi «Kupalinka»
Удзельнікі тэатральнай студыі «Купалінка»

— Мы выдатна памятаем гэтых высокіх падлеткаў дзецьмі. Яны пасябравалі тут, навучыліся размаўляць па-беларуску, узялі ўдзел у безлічы пастановак.

Пачыналі мы з адной групы, у 2020-м, калі дзецям была вельмі патрэбная падтрымка, а цяпер — груп у студыі шэсць, а заняткі (акторскае майстэрства, фізічны тэатр, танец, спеў і сцэнічная мова) выкладаюцца па-беларуску і па-ўкраінску.

— Так, часам удзельнікі размаўляюць міжсобку па-расейску. Але гэта не праблема. Як гэта было ў Шварца: «Мы не вінаватыя — нас так вучылі». Аднак мы верныя свайму прынцыпу: родныя мовы гучаць ад выкладчыкаў — у багатай, поўнай метафар і літаратурных адсылак мове.

Padčas repietycyi teatraĺnaj studyi «Kupalinka»
Падчас рэпетыцыі тэатральнай студыі «Купалінка»

Што будзе на Купаллі 2025 у Варшаве?

Па словах арганізатараў, будуць карагоды і супольныя спевы — ахвочыя змогуць вывучыць абрадавыя песні на адмысловым майстар-класе. Абяцаюць таксама забяспечыць танцы на любы густ — ад народных — пад дуды — і да жывой канцэртнай музыкі гуртоў «Няміга» і «Трава».

Вялікую ролю адыграе і сама «Купалінка» — артысты студыі будуць спяваць, танчыць, ладзіць паасобные элементы шоу, а таксама рыхтуюць некалькі чароўных сюрпрызаў. У плане і латарэя — з каштоўнымі прызамі ад партнёраў і сяброў свята.

Сёлета ўпершыню ганаровы госць Купалля — Украіна.

«З ініцыятывай выступілі нашыя ўкраінскія выкладчыкі, — гавораць арганізатары свята, — і нас гэта вельмі ўзрадавала: разам усё рабіць лягчэй. Таму будуць украінскія песні і абрады».

Купалле на Вісле-2024
 

Зноў, як штогод, будзе працаваць зона міні-Купалля — пра купальскую атмасферу для маленькіх задбае сёлета Маляваныч. Прадугледжаныя грыль, кірмаш, майстар-клас пляцення вяночкаў і абрад іх апускання ў ваду, ну а потым — вядома, скокі ды забавы аж да золку.

«Хто будзе весці сёлетняе свята — хай застанецца таямніцай. Гэта будзе сюрпрыз, які, верым, вас парадуе. Далучайцеся, прыходзьце ўсёй сям’ёй! Няхай гэтае Купалле стане вашым цудам і запомніцца надоўга!» — запрашаюць арганізатары.

Калі? — 21 чэрвеня, пачатак а 16:00
Дзе? — Варшава, бераг Віслы (Plaża Saska)
Хто? — Усе, хто любіць Беларусь, традыцыі, вогнішча і жыццё

В.К.

Фота з архіву студыі «Купалінка»