На пачатку красавіка 2022 года на тэрыторыі завода «Лідскае піва» адкрыўся музей піваварства. Ён размясціўся ў гістарычным будынку бровара, які існуе з 1876 года. Гэта другі такі музей у Беларусі, першы — музей піваварства на заводзе «Аліварыя». Зараз установа працуе ў тэставым рэжыме. Пра музей лідскага бровара і гісторыю пеннага напою не толькі ў Беларусі распавядае Budzma.org.
Інтэрактыўны музей пра гісторыю не толькі напою
Музей складаецца з 4 паверхаў, экспазіцыі прапануюць вялікую колькасць інтэрактыву і розных экспанатаў.
Першы і другі паверхі выкананыя, як копіі сапраўднага бровара, дзе дэманструюцца ўсе этапы працэсу стварэння пеннага напою і эвалюцыю захоўвання піва: ад амфары да сучаснай бутэлькі.
Тут можна пазнаёміцца з сусветнай гісторыяй піва і дазнацца, якое месца гэты напой займаў у паўсядзённым жыцці менавіта нашых продкаў.
Ёсць зала, прысвечаная пахам, якія ўжываюцца падчас распрацоўкі і прыгатавання новых гатункаў піва. Там жа можна даведацца, які пах мае напой, калі ён сапсаваны і яго не варта ўжываць. Ёсць зала з экспазіцыяй піўных бутэлек і этыкетак з розных краін Усходняй Еўропы канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
Адна з залаў прысвечана асноўным гатункам піва і куфлям пад гэтыя гатункі, гісторыі эвалюцыі посуду для тых ці іншых гатункаў напою.
У музеі ёсць міні-кінатэатр, дзе паказваюць фільм пра гісторыю лідскага бровара, і дэгустацыйная, дзе можна пакаштаваць у тым ліку і безалкагольную прадукцыю завода.
Піва пілі ўжо ў часы неаліту
Гісторыя піваварства бярэ свой пачатак у эпоху неаліту, бо піва з’яўляецца адным з самых старажытных напояў, нароўні з віном, квасам, брагай, мёдам. Першымі пачалі варыць піва старажытныя шумеры прыкладна 6 тысячагоддзяў да нашай эры, потым традыцыю перанялі егіпцяне. Спачатку піва выраблялі, пакідаючы ў вадзе збожжа, маглі так жа замочваць кашы ці хлеб, а неўзабаве пачалі дадаваць солад. Людзі пілі піва штодзённа і шмат па ўсім свеце не дзеля эфекту захмялення, а таму, што большасць крыніц вады былі непрыдатнымі для піцця.
Піва ў даўнія часы займела папулярнасць у Еўропе і Афрыцы, а вось у азіятаў пенны напой не набыў папулярнасці. З ісламізацыяй Афрыкі піва там стала забароненым прадуктам. У Сярэднія вякі сэрцам піваварства становіцца Еўропа, дзе зараджаецца новы спосаб варыць піва — з дадаткам хмелю, які служыў прыродным кансервантам. І калі раней людзі пілі толькі элі — кіславатыя піўныя напоі верхняга закісання, то еўрапейцы прыдумалі лагер — піва нізавога закісання, якое папулярна і сёння. У Заходняй Еўропе цэнтрамі піваварства пачалі станавіцца абацтвы і манастыры. З XV стагоддзя пачынаюць прымаць законы аб чысціні піва. У другой палове ХІХ стагоддзя піваварэнне пераходзіць на прамысловыя рэйкі, пачалі паўставаць буйныя заводы, а маленькія прыватныя браварні з-за неканкурэнтаздольнасці пачалі зачыняцца. Прыватнае піваварэнне пачало вяртацца ў 1980-я гады ў ЗША, потым гэтую моду падхапіла Еўропа, на пачатку ХХІ стагоддзя гэтая тэндэнцыя дайшла і да Беларусі.
Ліда — адзін з «піўных» цэнтраў ВКЛ
У дакументах часоў Вялікага Княства Літоўскага бровары ўпершыню згадваюцца ў XVI стагоддзі. Піваварэнне было асабліва распаўсюджана на Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі. У тыя часы нашыя продкі дзялілі піва на два гатункі: манастырскае і шляхецкае, а варылі напой і давалі назвы гатункам згодна са святамі народнага календара. Варылі і прадавалі піва ў асноўным карчмары.
У Лідзе дазвол на будаўніцтва свайго завода па вытворчасці піва гараджане атрымалі на прыканцы ХVI стагоддзя, а праз амаль стагоддзе ў горадзе ўжо было каля двух дзясяткаў корчмаў, дзе можна было выпіць мёду, піва ці гарэлкі. У 1876 годзе лідскі мешчанін Носель Пупко на ўласным участку пабудаваў браварню: двухпавярховы завод з канторай і асобныя будынкі сушыльнага і брадзільнага цэхаў.
Свой завод прадпрымальнік увесь час перабудоўваў і пашыраў. Прадукцыя завода была запатрабаваная не толькі сярод мясцовага насельніцтва, а вядомая па ўсёй Расійскай імперыі і за яе межамі. Пасля смерці прадпрымальніка ў 1900 годзе прадпрыемства пераходзіць у спадчыну чатыром сынам Носеля.
Завод працягвае працаваць у часы Першай сусветнай вайны: у 1920 годзе з’яўляецца першая згадка пра тое, што на Лідскім бровары вырабілі безалкагольны саладовы напой і хлебны квас. За «польскім часам» завод выпускаў піва і газаваную ваду. У 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі Савецкім Саюзам, завод быў нацыяналізаваны, ранейшыя гаспадары Пупко засталіся працаваць на заводзе ў якасці служачых. Пасля Другой сусветнай вайны сям’я Пупко назаўсёды пакінула краіну. Сам завод працягвае існаваць і працаваць па сённяшні дзень.
Рэдакцыя Budzma.org нагадвае, што празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю!
АМ, Budzma.org