Музей Вольнай Беларусі пачаў набор творчых праектаў на 2026 год

Музей Вольнай Беларусі распачынае прыём заявак на рэалізацыю творчых, культурніцкіх і адукацыйных праектаў у 2026 годзе. Заяўкі прымаюцца з 12 студзеня да 10 лютага 2026 года.

Ужо трэці год запар Музей Вольнай Беларусі праводзіць адкрыты набор ініцыятыў, якія могуць быць рэалізаваныя на музейнай пляцоўцы ў Варшаве. Да ўдзелу запрашаюцца творцы, культурніцкія і адукацыйныя ініцыятывы, грамадзянскія супольнасці і нефармальныя групы, а таксама ўсе, хто мае ідэю праекта і гатовы падзяліцца ёю ў публічнай музейнай прасторы.

музей-вольнай-беларусі.jpgФота з інстаграма Музея Вольнай Беларусі

Музей адкрыты да новых фарматаў і тэм, што спрыяюць развіццю беларускай культуры, захаванню гістарычнай памяці, адукацыі і грамадскаму дыялогу. У межах набору разглядаюцца заяўкі на выставы і арт-праекты, літаратурныя клубы і сустрэчы, дыскусійныя і адукацыйныя серыі, гістарычныя і міждысцыплінарныя ініцыятывы, а таксама доўгатэрміновыя праекты і асобныя імпрэзы.

Аўтарам і аўтаркам адобраных праектаў Музей Вольнай Беларусі прапануе шматфункцыянальную музейную прастору ў цэнтры Варшавы, арганізацыйную, тэхнічную і інфармацыйную падтрымку, а таксама — пры неабходнасці — ментарскую супрацу на этапах падрыхтоўкі і рэалізацыі праекта.

Для ўдзелу ў наборы неабходна запоўніць анлайн-заяўку. У заяўцы просяць коратка апісаць канцэпцыю праекта, яго мэты і задачы, меркаваныя тэрміны рэалізацыі, а таксама пазначыць, ці мае праект фінансавую падтрымку.

Каманда Музея Вольнай Беларусі разгледзіць усе атрыманыя прапановы і абярэ праекты ў розных напрамках.

Прыём заявак: з 12 студзеня да 10 лютага 2026 года.

Пытанні па ўмовах удзелу можна накіроўваць на e-mail: freebelarusmuseum@gmail. com