«Трэба выпрацаваць алгарытм, які дапаможа ратаваць рэчы з краіны»: Наталля Задзяркоўская пра Музей Вольнай Беларусі і стварэнне прафесійнай асацыяцыі

Музей Вольнай Беларусі ў пачатку лета адзначыць трохгоддзе сваёй працы ў Варшаве. Тэрмін не настолькі вялікі, каб справаздачыцца вялізнай калекцыяй, але дастатковы для таго, каб падвесці пэўныя вынікі. Да таго ж нядаўна музей спрычыніўся да правядзення музейнай лабараторыі з мэтай стварэння асацыяцыі адмыслоўцаў, якія аб’ядналі б свае высілкі па абодва бакі мяжы. А таксама правёў сацыялагічнае апытанне, каб высветліць цікавасці наведнікаў і такім чынам скарэктаваць напрамкі працы. Дарэчы, вынікі апытання, праведзеныя лабараторыяй Вардамацкага, могуць быць карысныя ўсім культурніцкім інстытутам у выгнанні.

Natallia Zadziarkoŭskaja
Наталля Задзяркоўская

Reform.news паразмаўляў з кіраўніцай Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве Наталляй Задзяркоўскай пра чарговы этап развіцця інстытуцыі і новыя выклікі эміграцыі.

Sciah z imionami bielaruskich palitviazniaŭ
Сцяг з імёнамі беларускіх палітвязняў. Аўтар канцэпцыі і выканаўца — Марыя Грыц. Фота: Музей Вольнай Беларусі


«Паступова ўзнікне асобная культурная ініцыятыва для музейшчыкаў і пра музейшчыкаў»

— Ініцыяваная вамі беларуская музейная лабараторыя стане пляцоўкай для каардынацыі і супрацы адмыслоўцаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Ідэя правесці музейную лабараторыю з’явілася менавіта пасля сацыялагічнага апытання?

— Апытанне паказала, што неабходна шукаць не толькі нішу для саміх сябе, але і тую аўдыторыю, якая адпавядае нашай спецыялізацыі. І мы прапанавалі сабрацца і пачалі працаваць, каб стварыць у замежжы музейную супольнасць.

Такая супольнасць змагла б, па-першае, прыцягваць рэсурсы і даваць тым музейшчыкам, якія тут знаходзяцца, магчымасць рэалізавацца ў прафесіі.

Па-другое, музейшчыкі з Беларусі, атрымалі б праз нас доступ да актуальных музейных практык і інавацый.

І па-трэцяе, праз доступ да еўрапейскіх антыкварных рынкаў, музейных калекцый, архіваў мы можам клапаціцца пра захаванне нашай гісторыка-культурнай спадчыны.

Вось такія задачы. Да лабараторыі далучыліся і людзі з іншых краін.

Majka z vyjavaj karciny Chaima Sucina «Jeva»
Майка з выявай карціны Хаіма Суціна «Ева» ва ўласнай інтэрпрэтацыі актрысы і рэжысёркі Беларускага свабоднага тэатра Юліі Шаўчук. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Цяпер рыхтуем дакументацыю і абмяркоўваем план далейшых дзеянняў. Думаю, што з’явіцца асобная культурная ініцыятыва для музейшчыкаў, пра музейшчыкаў, якая паступова будзе набываць рысы сваёй суб’ектнасці.

Трэба яшчэ вырашыць такое пытанне, як суадносіны з ІСОМ — міжнароднай арганізацыяй музейшчыкаў, як, напрыклад, у ІСОМ можна прадстаўляць дэмакратычную Беларусь, калі самі знаходзімся ў замежжы. Ёсць яшчэ пытанні перспектыў супрацы з іншымі міжнароднымі арганізацыямі і кансорцыумамі, пакуль мы сам не легалізаваны.

Што да кантакту з беларусамі, то тут варта наладзіць бяспечны канал камунікацыі з імі, трэба прадумаць дэталі пратаколу бяспекі.

Viasieĺnaja sukienka «BČB-niaviesty» Iny Zajcavaj
Вясельная сукенка «БЧБ-нявесты» Іны Зайцавай. Фота: Музей Вольнай Беларусі

«Пачынаем збіраць артэфакты, звязаныя з барацьбой за вольнасць»

— Калі вы стваралі Музей Вольнай Беларусі каля трох гадоў таму, зразумела, мелі пэўны канцэпт, нейкія планы. За ўвесь гэты час наколькі змяніўся канцэпт музея?

— Ад моманту ўзнікнення ідэі і да сённяшняга дня наша стратэгічная місія, якую мы закладалі, наш магістральны напрамак не змяніліся. Мы стварылі ўстанову для музеефікацыі беларускага пратэсту 2020 года і наступнага перыяду. Гэтая частка працы застаецца, аднак надышоў час пашырыць храналагічныя рамкі, бо падзеі 2020-га не паўсталі на пустым месцы. Многія людзі, якія далучыліся да пратэсту, удзельнічалі ў іншых формах барацьбы за незалежнасць Беларусі. Удзельнічаюць і цяпер, змагаючыся супраць расійскага нападу на Украіну.

Калі музей ствараўся, галоўнай місіяй яго было забяспечыць захаванасць, выратаванне тых прадметаў і артэфактаў, якія іначай бы зніклі або былі мэтанакіравана знішчаны рэжымам.

Таксама мы цяпер плануем выпрацаваць алгарытм, які дапамог бы нам ратаваць рэчы з Беларусі, дзе яны знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Пакуль не хапае рэсурсаў, але калі атрымаецца такі алгарытм распрацаваць, то мы зможам забяспечыць канал для ратавання артэфактаў. Ад самых простых крокаў, напрыклад, захавання здымкаў і дакументаў у электронным фармаце, да ратавання фізічных прадметаў. Напрыклад, зараз у нас у працы адзін прадмет, які ў міжнародным крымінальным судзе можа сведчыць пра злачынствы супраць чалавечнасці падчас разгонаў дэманстрацый.

Halaŭny ŭbor i šaŭrony Miraslava Lazoŭskaha
Галаўны ўбор і шаўроны Міраслава Лазоўскага — байца Палка Каліноўскага і сузаснавальніка арганізацыі «Былы легіён». Надпіс на нашыўцы па-ўкраінску: «Пагалюся пасля перамогі». Фота: Музей Вольнай Беларусі

— Я так разумею, што артэфакты з 2020-га можна вывезці з Беларусі ў валізцы. Але як да вас трапляюць рэчы ранейшых перыядаў?

— Крыніцы могуць быць самыя розныя. Да нядаўняга часу самы стары прадмет, што нам перадалі, датаваўся 1996 годам. А зараз мы атрымалі кнігу ў нашу бібліятэку, якая адначасова з’яўляецца і музейным экспанатам, бо яна з ХІХ стагоддзя.

Я спадзяюся, што ў нас з’явіцца магчымасць набываць на аўкцыёнах рэчы, звязаныя з даўняй гісторыяй барацьбы беларусаў за вольнасць, напрыклад, з паўстаннем Каліноўскага. Бо гэта цяпер таксама наш профіль. Адпаведна будзе мяняцца і структура фонду.

Barabany ŭdzieĺnikaŭ pratesnych akcyj u Minsku i Varšavie ŭ 2020-2022 hadach
Барабаны ўдзельнікаў пратэсных акцый у Мінску і Варшаве ў 2020-2022 гадах. Фота: Музей Вольнай Беларусі

«Мы існуем у польскім культурным асяроддзі»

— Калі вы пачыналі працу ў Варшаве, верагодна, меркавалі, што гэты перыяд будзе нядоўгі. Аднак час ідзе, і трэба неяк упісвацца ў варшаўскае музейнае асяроддзе. Апытанне, якое вы нядаўна правялі, звязана з новымі выклікамі, якія перад вамі паўсталі? Напрыклад, ці варта працаваць і для польскай аўдыторыі таксама?

— Падчас працы заўсёды трэба трымаць руку на пульсе, ведаць, з кім ты працуеш, куды трэба рухацца. Імпульсы для развіцця не павінны быць дзесьці ў мінулым, а мусяць быць у сённяшнім дні.

Як музей мы павінны захоўваць тыя прадметы, якія іначай знікнуць. Аднак мы павінны працаваць і з людзьмі, якія жывуць побач, адгукацца на іх патрэбы.

Majka aktora Kupalaŭskaha teatra Siarhieja Čuba
Майка актора Купалаўскага тэатра Сяргея Чуба. Фота: Музей Вольнай Беларусі

І ў апытанні мы цікавіліся меркаваннем і беларусаў, і палякаў. Таму што мы існуем у польскім культурным асяроддзі.

Палякі вельмі мала ведаюць пра беларусаў. Мала намі цікавяцца.

А мы якраз такая пляцоўка, праз якую можна знаёміцца з беларусамі. Таму мы зацікаўленыя ў тым, каб зразумець інтарэсы палякаў і быць адкрытымі для гэтай аўдыторыі.

Kantrolier dydžeja Papy Bo
Кантролер дыджэя Папы Бо. Фота: Музей Вольнай Беларусі. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Ёсць другая прычына, чаму мы рабілі апытанне сярод польскіх рэспандэнтаў. Цяпер назіраецца відавочны адток беларускіх творцаў з беларускіх пляцовак. Беларусы малайцы: яны інтэгруюцца. Бо калі ў першыя гады дзеля творчай самарэалізацыі яны ішлі на беларускія пляцоўкі, то цяпер убачылі магчымасці іншых еўрапейскіх інстытуцый. З аднаго боку, яны запатрабаваныя і становяцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі еўрапейскага мастацкага працэсу. З іншага, у нас ёсць нагода задумацца, бо канкурыраваць з еўрапейскімі пляцоўкамі нам складана. То чаму нам на нашыя пляцоўкі не запрасіць тую ж самую польскую публіку, якую нашы творцы шукаюць па-за межамі беларускіх пляцовак?

У нас былі і польскія праекты, і беларускія праекты, аднак яны не перасякаліся.

Таксама ледзь не кожны тыдзень нас наведваюць нейкія замежныя госці — то амерыканцы, то італьянцы, то іспанцы. І для іх таксама трэба дэманстраваць Беларусь.

Humovaja kulia
Гумовая куля, частка боепрыпаса, якім 29 верасня 2020 года быў паранены Ягор Яўстратаў, беларускі палітзняволены. Дыяметр — 8 мм. Фота: Музей Вольнай Беларусі

— Як яны вас знаходзяць?

— Дзякуючы таму, што мы ёсць на Google Maps. І на турыстычных маршрутах у розных даведніках. Ёсць і выпадковыя людзі, якім трэба тлумачыць, што такое Беларусь. Таму мы становімся рэпрэзентантамі ўсёй краіны.

Karobka ad pieradačy palitzniavolienamu
Каробка ад перадачы палітзняволенаму Змітру Д. Пасылка была падрыхтавана і адпраўленая ў турму № 8 Жодзіна старшынёй Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай, але вярнулася адпраўніку нераспакаванай. Фота: Музей Вольнай Беларусі

— Які статус у вашай інстытуцыі?

— Мы — недзяржаўная арганізацыя. Падчас лабараторыі стала зразумела, што ўсе беларускія інстытуцыі, якія займаюцца музейным кірункам, знаходзяцца ў статусе некамерцыйных арганізацый. Нават Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, заснаваныя ў пяцідзясятых гадах мінулага стагоддзя.

Калісьці мы атрымлівалі прапанову стаць структурным падраздзяленнем польскай інстытуцыі. Аднак тут ёсць плюсы і мінусы.

З аднаго боку, калі, напрыклад, будуць не зусім спрыяльныя фінансавыя ўмовы для нас, то як мы зможам ратаваць гэтыя прадметы? Таму знайсці легальную пляцоўку, дзе польская дзяржава будзе адказваць за захаванасць гэтых прадметаў, варыянт нядрэнны.

З іншага боку, з перамогай дэмакратычных сілаў мы планавалі ўзяць гэтыя рэчы і завезці ў Беларусь, дзе яны будуць размешчаны як частка нейкага новага музея вольнай Беларусі. Ці частка Нацыянальнага гістарычнага музея.

Аднак калі мы легалізуемся тут у якасці структурнага падраздзялення, то з улікам патрабаванняў да захавання музейных фондаў, ці не будзе працэдурных перашкодаў, калі мы захочам іх забраць? Бо першае пытанне, якое адразу з’яўляецца, ці будзем мы вольныя распараджацца ўласнымі фондамі.

Гэта важныя пытанні для любога музея, прынцыповае пытанне для нас.

Listy palitviazniaŭ
Лісты палітвязняў. Фота: Музей Вольнай Беларусі. Фота: Музей Вольнай Беларусі

«Хочам быць бачнымі»

— Ці ў выніку апытання вы знайшлі адказы, куды рухацца, якія мерапрыемствы праводзіць у музеі?

— Так, было шмат пытанняў, звязаных з вывучэннем попыту на культурныя праграмы, пра тое, якія культурніцкія формы больш цікавыя людзям. Кагосьці больш цікавілі выставы, кагосьці спектаклі.

Мяне здзівіла тое, што для многіх рэспандэнтаў аказаліся запатрабаванымі дыскусійныя формы. Здавалася, што ўжо ўсе нагаварыліся, аднак патрэба застаецца.

Нам раілі больш выкарыстоўваць пляцоўку на свежым паветры.

Калі беларусы яшчэ ведаюць пра беларускія пляцоўкі, то польская аўдыторыя не надта. Акрамя некаторых прадстаўнікоў польскіх культурніцкіх арганізацый.

Найбольш мяне ўразіла рэкамендацыя ад палякаў, што нам трэба больш выразна абазначыць, што музей не звязаны з рэжымам Лукашэнкі.

Нам жа здавалася, што самой назвай — «Музей Вольнай Беларусі» — мы ўжо гэта неяк абазначылі.

Chalat žančyny-palitzniavolienaj
Халат жанчыны-палітзняволенай. Фота: Музей Вольнай Беларусі. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Палякі яшчэ казалі, што беларускіх культурніцкіх устаноў практычна не бачна ў Польшчы, асабліва, калі параўноўваць з украінскімі і грузінскімі праектамі, фактычна адсутнічае інфармацыя ў польскіх СМІ.

У палякаў ёсць інтарэс да беларускіх мерапрыемстваў, але інфармацыю пра іх яны не атрымліваюць.

Калі мы робім рассылку, то людзі адгукаюцца, калі на мерапрыемствы запрашаецца нейкі важны госць ад Польшчы, то тады камеры няма куды паставіць.

Таму мы хочам быць больш бачнымі.

— Можа, тады варта больш праводзіць сумесных праектаў?

— Так, у тым ліку. Так, цяпер пішучы праекты, мы закладаем гэты момант пра бачнасць музея і нашага музейнага кірунку.

Sciah Ukrainy
Сцяг Украіны, перададзены групай разведкі 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна Збройных сіл Украіны для кааліцыі «Каманда Латушкі і рух «За свабоду». Фота: Музей Вольнай Беларусі

«З’явіліся паўнавартасныя ўдзельнікі культурніцкага працэсу — беларусы»

— Яшчэ адзін важны вынік апытання: важна, каб інстытуцыі прапаноўвалі свой культурніцкі прадукт, з якім яны будуць патрэбныя не толькі беларусам, але і аўдыторыі той краіны, дзе пражываюць. Важна знайсці ўласны спосаб, каб паказаць Беларусь замежнікам. Гэта пытанне зараз разглядаецца і ў асяроддзі донараў — каго падтрымліваць.

Захоўваць баланс для сваіх, быць адкрытым знешняму свету.

Мяркую, што нам трэба больш актыўна паказваць нашы ўнікальныя культурніцкія прадукты і заводзіць сяброў, прыхільнікаў, якія будуць адвакаваць нашу беларускую культуру — бо нам ёсць што паказаць свету. Гэта мае галоўныя высновы.

Мяне вельмі натхнілі адказы аднаго польскага эксперта, які шмат супрацоўнічаў з беларусамі, дырэктара польскай інстытуцыі «Старамейскі дом культуры»

Ён шмат разважаў пра тое, што беларускія пляцоўкі патрэбны не толькі беларусам, але і польскаму грамадству. І ён супраць тэрміну «інтэграцыя», а прапанаваў выкарыстоўваць «адаптацыя». Напісаў, што беларусы — паўнавартасныя ўдзельнікі культурніцкага працэсу ў Польшчы. Беларусаў называе — «адукаванымі, ініцыятыўнымі, яны разлічваюць на ўласныя сілы і ўмеюць самаарганізоўвацца».

Šyĺda «Skvier Voĺnaj Bielarusi» dlia skviera ŭ Bielastoku
Шыльда «Сквер Вольнай Беларусі» для сквера ў Беластоку. Па гэтым адрасе размешчана консульства Рэспублікі Беларусь. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Натхняе тое, што ў нас вераць, у нас бачаць моц, патэнцыял. Нас лічаць роўнымі ўдзельнікамі культурніцкага працэсу.