Музею Вольнай Беларусі ў Варшаве спаўняецца 4 гады. Да свайго 4-годдзя Музей падыходзіць у статусе намінанта на прэстыжную еўрапейскую музейную прэмію, трапіўшы ў лонг-ліст Прэміі «Еўрапейскі музей года» і Музейнага прыза Савета Еўропы (EMYA-2027).
З нагоды дня народзінаў Музей Вольнай Беларусі ладзіць дабрачынны аўкцыён з унікальнымі лотамі — маркамі Музея з аўтографамі Алеся Бяляцкага, Святланы Алексіевіч, Мацея Радзівіла.

Па замове Музея Вольнай Беларусі Пошта Польшчы выдала калекцыйныя паштовыя маркі з выявамі знакавых прадметаў з музейнага фонду. Маркі надрукаваныя вельмі абмежаваным накладам, кожная з іх існуе толькі ў некалькіх экзэмплярах.
У Дзень нараджэння Музей Вольнай Беларусі дае старт дабрачыннаму аўкцыёну. Для сяброў і прыхільнікаў музея высташлены лот з трох камплектаў музейных марак з асабістымі подпісамі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага і Святланы Алексіевіч, а таксама вядомага мецэната, нашчадка славутага княжацкага роду Мацея Радзівіла.


Усе сродкі, сабраныя падчас аўкцыёну, будуць накіраваныя на далейшую працу музея — набыццё новых артэфактаў і стварэнне выстаў.

Жнівень: «2020: Гаворыць Мінск» — дакументальна-мастацкі праект, які складаецца з татальнай відэаінсталяцыі і выставы арыгінальных артэфактаў 2020 года з прыватных калекцый. Праект верне гледачоў у атмасферу Мінска 2020 года — атмасферу салідарнасці, еднасці, узаемнай падтрымкі і надзеі. Адкрыццё — 5 жніўня, а 18-й гадзіне.
Жнівень: Фестываль нямога кіно «Нямая ліхаманка». На адкрытую пляцоўку ва
дворыку мы вяртаем праект, які аб’ядноўвае старое чорна-белае кіно і жывую музыку. Першы паказ адбудзецца 13 жніўня.
Верасень: Музей Вольнай Беларусі — удзельнік Warsaw Gallery Weekend! WGW — штогадовая ключавая і самая прэстыжная арт-падзея Польшчы. У межах праграмы WGW+ на пляцоўцы музея будзе прадстаўлены праект «hyperMother. Shared Breathing» беларускага творцы Аляксандра Адамава. Не прапусціце гэтыя даты — 18.09–04.10.2026! Гэта сапраўдны прыклад інтэграцыі сучаснага беларускага мастацтва ў міжнародны культурны кантэкст.
Кастрычнік: Міжнародная канферэнцыя «Музейныя практыкі ў даследаванні таталітарнай спадчыны ў краінах Усходняй Еўропы. Вопыт для Беларусі». Музей Вольнай Беларусі арганізуе на сваёй пляцоўцы сустрэчу з еўрапейскімі калегамі, каб разам прааналізаваць іх досвед у працы з таталітарнай спадчынай і вызначыць музейныя практыкі, што могуць быць выкарыстаны ў беларускім кантэксце для захавання нашай гістарычнай памяці. Канферэнцыя пройдзе 8–9 кастрычніка.
За 4 гады працы калекцыя Музея Вольнай Беларусі папоўнілася амаль 700 артэфактамі, а архіў — тысячамі лічбавых сведчанняў, якія захоўваюць памяць пра падзеі найноўшай беларускай гісторыі.
«Мы ўсё яшчэ не дома. Але разам працягваем захоўваць тое, што не павінна знікнуць», — кажуць у Музеі.