Музей Вольнай Беларусі абвяшчае пра прыём заявак на творчыя праекты ад беларускіх мастакоў, літаратараў, культурных актывістаў і калектываў. Прадстаўнікоў беларускай культуры запрашаюць падзяліцца сваёй творчасцю ў прасторы Музея ў цэнтры Варшавы.
Праекты могуць уключаць у сябе, але не абмяжоўваюцца:
Выставачныя праекты: мастакі і фатографы могуць прадставіць свае працы на выставе ў прасторы музея.
Літаратурныя вечары і прэзентацыі: пісьменнікі і літаратары могуць прадставіць свае творы і абмеркаваць іх з наведвальнікамі.
Кінапаказы і кінадыскусіі: кінематаграфісты і аматары кіно могуць паказваць праекты і абмяркоўваць іх з аўдыторыяй.
Лекцыі і майстар-класы: лектары і спікеры могуць дзяліцца сваім вопытам з наведвальнікамі музея.
Культурныя ўікенды і фестывалі: арганізатары мерапрыемстваў могуць праводзіць культурныя фестывалі, аб’ядноўваючы розныя творчыя напрамкі.
Тэатральныя і музычныя паказы: калектывы могуць правесці рэпетыцыі і прадставіць свае спектаклі ў сценах музея.
Івэнты і праекты для дзіцячай аўдыторыі: культурных актывістаў заклікаюць прапаноўваць мерапрыемствы і праекты для малодшай аўдыторыі, каб натхняць і навучаць новыя пакаленні.
— Выкарыстоўванне пляцоўкі Музея Вольнай Беларусі: лепшым праектам будзе прадастаўлена магчымасць бясплатнага выкарыстання прасторы музея.
— Падтрымка і прасоўванне: Музей часткова падтрымлівае і прасоўвае праекты, дапамагаючы раскрыць творчы патэнцыял удзельнікаў.
— Магчымасць данесці гісторыю: ваш праект можа стаць часткай культурнай спадчыны і дазволіць данесці багацце беларускай культуры да шырокай аўдыторыі ці захапляльна правесці час
Запоўніце анлайн-заяўку па спасылцы, апісаўшы праект, яго тэрміны, мэты, задачы і канцэпцыю. Каманда Музея Вольнай Беларусі разгледзіць прапановы і абярэ лепшыя праекты ў розных галінах і напрамках. Пераможцам будзе прадастаўлена пляцоўка і падтрымка ў ажыццяўленні іх творчых ідэй.
Прыём заявак: 24.01-20.02
Вынікі адбору: не пазней 28.02
Даслаць свой праект.
Задаць неабходныя пытанні або запытаць дадатковую інфармацыю можна напісаўшы на пошту freebelarusmuseum@gmail.com
Музей Вольнай Беларусі — культурніцкая прастора ў цэнтры Варшавы, прысвечаная захаванню багацця беларускай культуры. Музей служыць сховішчам артэфактаў, звязаных з падзеямі з 2020 года, а таксама правядзеннем мерапрыемстваў беларускіх і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. Місія музея — захаванне памяці і падтрымка Свабоды, дзе кожны артэфакт становіцца сведчаннем волі народа да дэмакратыі.