Францішак Багушэвіч – наш першы выдатны нацыянальны паэт. Ён на поўны голас абвясціў пра існаванне беларускага народа і багацце яго мовы, якую назваў «адзежаю душы». Погляды песняра леглі ў аснову беларускага нацыянальнага Адраджэння.
Маладыя гады
Францішак прыйшоў на свет 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны пад Вiльняй. Блізкім часам бацькі – Канстанцыя і Казімір Багушэвічы – перабраліся жыць у спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета. Там, між прыгожых беларускіх лясоў, лугоў і палёў, прайшло Францішкава дзяцiнства. Там у ягоным сэрцы назаўсёды пасялiлася любасць да беларускай зямлi і роднай мовы.
Бацькi-шляхцічы выправiлi яго вучыцца ў Вiленскую гiмназiю. У ёй сябрамi будучага паэта сталі разумныя i смелыя хлопцы Цiтус i Кастусь Далеўскiя, Зыгмунт Мiнейка, Юльян Чарноўскi. Праз дзесяць гадоў, у векапомным 1863-м, гэтыя юнакі сталі паўстанцкімі важакамі і праславілі сябе адвагаю і гераічнымі ўчынкамі. Францiшкавым аднадумцам быў і ягоны малодшы брат Валяр’ян, які таксама вучыўся ў Вiльнi.
З гімназіі Багушэвіч выйшаў у дарослае жыццё ў лiку чатырох найлепшых вучняў. Веды дазволiлi яму паступiць на фізічна-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўнiверсiтэта. Але вучыцца там Багушэвiчу не давялося.
Акурат тады ўвялi новыя правiлы для студэнтаў. Іх пазбавiлi шматлікiх ранейшых правоў: забаранілі праводзіць у сценах універсітэтаў сходы і канцэрты, закрылі касы ўзаемадапамогі, увялі плату за наведванне лекцый. Гэта адразу адчулі на сабе юнакі з небагатых сем’яў.
Францiшак з таварышамi пастанавілі змагацца за справядлiвасць i адмовiлiся атрымліваць залiковыя кнiжкi. Некалькі сотняў студэнтаў выйшлі на дэманстрацыю па пецярбургскім Неўскім праспекце. Паліцыя арыштавала дзясяткі ўдзельнікаў пратэсту. Іх адправілі за краты ў Петрапаўлаўскую фартэцу. Шмат каго выключылi з унiверсiтэта, а сама навучальная ўстанова была часова зачыненая. У тых умовах Багушэвіч напісаў рэктару заяву, дзе прасіў звольніць яго «з прычыны неспрыяльнага клімату, каб з парады доктара вярнуцца ў мясціны сваёй Радзімы».
Вярнуўшыся з Пецярбурга ў Беларусь, Багушэвіч пайшоў настаўнiчаць у вясковую школку ў Доцішках на Лідчыне. Там у 1863-м яго і заспеў пачатак збройнага змагання.
Баявыя пабрацімы
Будучы паэт разам з братам Валяр’янам без ваганняў стаў у шэрагі паўстанцаў. Змагарам дапамагала ўся сям’я Багушэвічаў. Сястра Ганна за ўдзел у барацьбе пазней патрапіла ў турму, арыштоўвалі і бацькоў. Валяр’ян Багушэвіч з’ехаў з радзімы ў эміграцыю.
Францішак ваяваў пад камандавннем легендарнага Людвiка Нарбута. Аддзел вёў баі з карнымі войскамі ў наваколлi Лiды. Паўстанцаў падтрымлiвалi беларускiя сяляне. У той самы аддзел быў залічаны і iтальянец па нацыянальнасці, але перакананы ліцьвінскі патрыёт мастак Мiхал Андрыёлi.
Дзеля будучага шчасця Айчыны жыццём рызыкавалі ўсе лепшыя людзi краю. Яны паказалі свету, што Беларусь не стала перад Расеяй на каленi i хоча быць свабоднай краiнай. Пра гэта нашы ваяры спявалi ў сваiх песнях, якія меў кожны аддзел. Баявы марш для пабрацімаў-нарбутоўцаў напiсаў Францiшак Багушэвiч. У той час у яго ўжо абудзiўся паэтычны талент.
Супроць аднаго беларуса-ліцьвіна ваявала дзесяць, дваццаць, а часам i сто ворагаў. У няроўным баi загiнуў Людвiк Нарбут. У Вiльнi карнiкi схапiлi i расстралялi Цiтуса Далеўскага – гімназічнага сябра Францішка.
Не спыняючы баёў, нарбутоўцы пасля смерці камандзіра перайшлі за Нёман у Аўгустоўскія лясы. Там у гарачай сутычцы з ворагамі нядаўні малады настаўнік Багушэвіч быў паранены і пакінуў змагарскія шэрагі.
Расстанне з Бацькаўшчынай
Ратуючыся ад астрожнай камеры i кайданоў, Францiшак патаемна пераехаў ва Украiну.
Былы змаганец быў таленавітым канспiратарам. У горадзе Нежын Чарнігаўскай губерні ён скончыў юрыдычны лiцэй і доўга быў судовым следчым ва Украiне i ў Расеi. Ён раскрыў шмат злачынстваў i дапамог многiм людзям. За паспяховую следчую працу Францiшка ўзнагародзілі ордэнамі святога Станіслава і святой Ганны. Але для Багушэвіча нязмерна даражэйшая за ордэны была галінка каліны з белымі кветкамі, якую калісьці ўручыў яму за мужнасць Людвік Нарбут…
Следчага Багушэвіча паважалi калегі, ён меў надзейных сяброў і прыяцеляў. Аднак сэрца клiкала туды, дзе жыў яго народ, дзе гучала мiлагучная беларуская мова, якую ён любіў і ніколі не забываў, хоць царскiя чыноўнiкi лічылi яе не мовай, а «беднай мужыцкай гаворкай».
Зноў прайсцi па дарагiх з юнацтва вiленскiх вулiцах і пляцах Багушэвiч змог толькi праз дваццаць гадоў. Ён прыехаў на радзіму з жонкай Габрыэляй (родам з Менска) і малымі дзецьмі: Канстанцыяй і Тамашом.
Францішак уладкаваўся ў Вiльнi на пасаду адваката ў акруговым судзе. Ён найперш браўся за справы сялянаў і гарадскiх беднякоў. Простыя людзi паважалi яго за тое, што з беларусамi ён гаварыў па-беларуску. Пад вокнамі кватэры Багушэвічаў на віленскай вуліцы Конскай (па-літоўску яна называецца Арклю) часта спыняліся вясковыя вазы і ў чаканні заступніка тупалі купкі сялянаў у саматканым адзенні.
Жыхары Вiльнi ды навакольных вёсак і мястэчак з любоўю называлi Багушэвiча «мужыцкiм адвакатам». Пакуль што амаль нiхто не ведаў: Францiшак не толькi бароніць беларусаў у судах. Ён складаў для беларусаў на іх роднай мове вершы.
«Дудка беларуская»
Багушэвіч вастрыў сваё пяро нататкамі пра віленскія падзеі, якія друкаваў у пецярбургскім польскамоўным часопісе «Край». Біёграфы песняра адзначалі, што ў нешматлікіх радках яму ўдавалася цікава, трапна, часам афарыстычна перадаць пульс разнастайнага жыцця вялікага горада. У «Краі» Багушэвіч змясціў паўстотні артыкулаў і нататак, ды ўжо быў упэўнены: яго пакліканне – паэзія.
У 1891 годзе ўбачыла свет першая паэтычная кнiга Францiшка Багушэвiча – «Дудка беларуская». У царскай Расеi друкаваць кнiгi на нашай мове забаранялася. Таму «Дудка беларуская» была выдадзеная ў Кракаве, што знаходзіўся ў складзе Аўстра-Вугоршчыны. На вокладцы замест прозвiшча аўтара стаяў псеўданiм – Мацей Бурачок. Гэтая і наступныя кнігі Багушэвіча друкаваліся па-беларуску лацінкаю, гэтаксама, як выдаваў «Мужыцкую праўду» Каліноўскі.
«Дудка беларуская» пачыналася з прадмовы, у якой Багушэвiч разважаў пра нашую мову, якую каланізатары не пускалі ў школы i друкарні, у цэрквы і касцёлы. Мацей Бурачок пiсаў, што толькi цёмныя людзi завуць мову продкаў «мужыцкай». Народ, які забыў родную мову, ён параўноўваў з тым чалавекам, каму жыць засталося нядоўга.
Учытаемся ў гэтую прадмову, каб адчуць яе глыбіню і мудрасць:
«<…>Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней гавораць па-французску, як па-свойму. Яно добра, а нават і трэба ведаць суседскую мову, але найперш трэба ведаць сваю. Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»
У гэтай знакамітай прадмове Багушэвіч выявіў сябе і знаўцам гісторыі:
«Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму ўжо была ад Балтыйскага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменца места аж да Вязьмы – у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зерне ў гарэху, была наша зямліца – Беларусь!».
У той час царскi ўказ забараняў ужываць назву «Беларусь» у кнiгах i дакументах. Паэт смела сцвярджаў, што, нягледзячы на прыгнёт, Беларусь – жыве! Пры канцы прадмовы аўтар «Дудкі» даваў адказ на пытанне, дзе ж тая Беларусь цяпер:
«Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Горадня, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак».
Прадмову да «Дудкі беларускай» часам называюць беларускім нацыянальным маніфестам.
Дзякуй, браце Бурачок!
Першым у «Дудцы беларускай» быў надрукаваны верш, які так і называўся – «Мая дудка»:
Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсiм будзе чутка
Ад краю да краю!..
Спеў паэтычнай дудкі Францішка Багушэвіча сапраўды быў пачуты. Іначай і не магло здарыцца, бо ён з вялікім талентам пісаў пра лёс багатага душой, але паняволенага народа, выкрываў прыгнятальнікаў, верыў у лепшую долю беларусаў. «Дудку беларускую» чыталі і перадавалі з рук у рукі не толькі сяляне ў вёсках. Яе высока цанілі ў адукаваных колах грамадства. У водгуках пісалі, што паэт «падабраў жывая парасткі беларускага жыцця».
Адзін з прыхільнікаў Францішка, гаспадар сельскагаспадарчай крамы ў Вільні, дарыў «Дудку беларускую» кожнаму пакупніку-селяніну. Цікава, што таемным перавозам кнігі з Кракава ў Беларусь займаўся малады шляхціч-рэвалюцыянер беларус з паходжання Язэп Пілсудскі. Пазней ён стаў кіраўніком адроджанай Польскай дзяржавы.
Вершы, байкі, апавяданні
Праз год пасля «Дудкi беларускай» зноў за мяжой выйшаў асобнаю кнiжкай аповед Багушэвiча «Тралялёначка», а следам за iм – новы зборнiк вершаў «Смык беларускі». Неўзабаве Францішак атрымаў ад сваяка спадчыну. Грошы дазволiлi Багушэвiчу разлiчыцца з пазыкамi i адбудаваць бацькоўскую сядзiбу ў Кушлянах. Ён звольнiўся са службы i цалкам аддаўся літаратурнай творчасцi.
Пры жыцці яго кнігі былi забароненыя расейскімі чыноўнікамі. Дагэтуль невядома, дзе схавалi яны рукапiс трэцяй кнiжкi вершаў «Скрыпка беларуская». Знік з Віленскай друкарні і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка». Але насуперак усім перашкодам справа паэта засталася жыць.
Францішак Багушэвіч узбагаціў нацыянальнае прыгожае пісьменства творамі розных літаратурных жанраў. Вялікую папулярнасць мелі паэма «Кепска будзе!», вершаваныя аповеды «У астрозе» і «Свая зямля», байка «Воўк і авечка», апрацоўкі народных казак, кароткія дасціпныя апавяданні «Сведка» і «Палясоўшчык». Вершы з вялікай нізкі «Песні» сапраўды рабіліся песнямі.
Жывучы ў родных Кушлянах, пясняр складаў слоўнік нашай мовы, які, на жаль, не збярогся. Ён марыў выдаць і беларускую граматыку, бо літаратурная мова ў той час была яшчэ недастаткова развітая. Але першым чынам сцвярджаў велізарнае багацце і магчымасці беларускага слова ў творчасці. Багушэвіч верыў, што працуе дзеля будучыні народа:
Ой, дайце ж мне смык,
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я знік,
Абы голас даў…
На пачатку ХХ стагоддзя справу Францішка Багушэвіча прадоўжылі Янка Купала, Якуб Колас, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Максім Багдановіч…
Вольнае слова не забароніш!
Жыццёвы шлях Багушэвіча завяршыўся ў 1900 годзе ў Кушлянах. Паэт так і не дачакаўся, калі яго кнігі будуць вольна друкавацца ў Беларусі. У час рэвалюцыі 1905–1907 гадоў яны выдаваліся асобнымі кніжкамі і ўлёткамі-пракламацыямі, аднак адразу ж зноў патрапілі пад забарону.
Сваім ідэйным папярэднікам і настаўнікам лічылі Францішка Багушэвіча стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, пра якую пойдзе гаворка ў трэцяй частцы «Айчыны».
У савецкай Беларусі вальналюбныя глыбока нацыянальныя творы Багушэвіча таксама, як і ў царскай імперыі, хутка трапілі пад шматгадовую забарону. Бальшавікі загадвалі спальваць усе знойдзеныя ў бібліятэках кнігі класіка. Гэтую пастанову скасавалі ў часе вайны СССР з гітлераўскай Нямеччынай. Савецкія ўлады вырашылі, што патрыятычныя вершы Багушэвіча будуць натхняць беларусаў на барацьбу з нямецкімі захопнікамі.
Цяпер кнігі Францішка Багушэвіча ёсць у кожнай бібліятэцы Беларусі.
Уладзімір Арлоў (З будучай кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя»), Новы Час