Большасць людзей пагодзяцца з тым, што перадкалядная пара – адна з самых таямнічых. У гэты час, як ніколі, узнікае жаданне цуда. І зусім невыпадкова, што ў гэтую асаблівую, напоўненую прадчуваннем здзяйснення ўсіх мар пару, на Беларусі нарадзіўся паэт – Максім Багдановіч. Да сённяшняга дня ад неўміручых вершаў Максіма Багдановіча, быццам ад каляднай зоркі, ідзе магутнае святло геніяльнага Слова.
Так атрымалася, што да нашага часу захавалася няшмат рэчаў, звязаных з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, амаль не засталося арыгінальных рукапісаў творцы, прыжыццёвых выданняў зборніка “Вянок”. Таму кожная новая знаходка ў багдановічазнаўстве — значная падзея, а гэты, 2014 год, быў асабліва багаты на каштоўныя здабыткі, сапраўдныя дыяменты памяці. Усіх, хто жадае больш падрабязна пра іх даведацца і проста захапляецца творчасцю славутага паэта, запрашаем на мерапрыемствы ў Дзень нараджэння Максіма Багдановіча 9 снежня:
13.00 − урачыстае ўскладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу, у якім бяруць удзел: прафесар, доктар філалагічных навук Вячаслаў Рагойша, мастак Эдуард Агуновіч, паэты Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Людміла Хейдарава, унучатая пляменніца Максіма Багдановіча Вольга Дашкоўская, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, пісьменнік Анатоль Бутэвіч.
(г. Мінск, вул. М.Багдановіча, сквер ля опернага тэатра);
17.00 − адкрыццё выставы “Дыяменты памяці”;
17.30 − вечарына “З глебы на прастор прабіцца”, у якой прымаюць удзел вядомыя архівісты, літаратуразнаўцы, паэты, музыкі, даследчыкі творчасці Максіма Багдановіча. Пра свае плённыя пошукі і знаходкі нам распавядуць: дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Уладзімір Адамушка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры беларускай філалогіі БДТУ Мікалай Трус, вядучы навуковы супрацоўнік мемарыяльнага музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка” Ірына Мышкавец, літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч, бард Алесь Камоцкі і гурт “Нельга забыць”.
Адрас: г. Мінск, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М.Багдановіча, 7а