Буйных спонсараў для куплі слуцкага пояса шукае музей гісторыі Магілёва. Пра гэта распавёў дырэктар музея Аляксей Бацюкоў.
Слуцкі пояс 1760-90-х гадоў вытворчасці магілёўскаму музею прапанаваў купіць мінскі калекцыянер Ігар Сурмачэўскі за суму ў 1 мільярд рублёў. У цяперашні час кіраўніцтва музея вывучае магчымасць ажыццяўлення дадзенай куплі за спонсарскія сродкі і дадатковае бюджэтнае фінансаванне.
Па словах Аляксея Бацюкова, пакуль збор сродкаў сярод магілёўцаў не аб’яўлены, таму што толькі за кошт гэтай крыніцы наўрад ці атрымаецца сабраць патрэбную суму. Спачатку кіраўніцтва музея мае намер вывучыць магчымасць аказання фінансавай дапамогі сярод буйных прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку прыватных. Але калі здарыцца так, што патрэбная сума не будзе сабраная, звернуцца па дапамогу і да жыхароў горада Магілёва.
У цяперашні час прапанаваны для куплі слуцкі пояс знаходзіцца ў музеі гісторыі Магілёва. Ён у выдатным стане, даўжыня яго – 3,5 метра, шырыня 35 см, чатырохбаковы. Экспанат да канца бягучага года будзе часткай асноўнай экспазіцыі музея. Для прагляду даступны ў працоўны час акрамя панядзелка і аўторка.
Галіна Хітрыкава, mogilevnews.by
Тэгі: Магілёў