Музей кнігі запрашае на адукацыйную праграму для дзяцей “Якуб Колас – за навуку!”

25.01.2017 Адукацыя

Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прапануе бацькам з дзецьмі 6-10 гадоў музейна-адукацыйную праграму “Якуб Колас – за навуку!”, якая ў Год навукі прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Якуб Колас пакінуў магутны след у беларускай дзіцячай літаратуры. Свой шлях дзіцячага пісьменніка ён пачаў у 1909 г. выданнем кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». З таго часу на працягу амаль 50 год ён плённа працаваў на ніве дзіцячай літаратуры.

Yakyb_Kolas

ЗАПРАШАЕМ УСЁЙ СЯМ’ЁЙ

з лютага па красавік

на працягу чатырох сустрэч – чатырох дзён навукі –правесці вольны час цікава, ў інтэрактыўнай форме пазнаёміцца з вершамі і апавяданнямі Якуба Коласа.

1-ая сустрэча – “Першы дзень навукі” (18, 19.02)

І бацькі, і дзеці даведаюцца пра жыццё Я.Коласа, пра кніжкі, якія ён пісаў для дзяцей. Знаёмства з расказам “Школа” дазволіць параўнаць школьнае жыццё ў мінулым і сёння.

2-ая сустрэча – “Другі дзень навукі” (11, 12.03)

Расказ “Як выдумляюцца страхі” раскрые сакрэт з’яўлення старахаў у людзей. Падчас актыўнай бяседы кожны высвятліць, чым пужалі дзяцей раней і ці пужаюць дзяцей цяпер. Элементы арт-тэрапіі, якія будуць выкарастаны, кожнаму дадуць алгарытм пазбаўлення ад свайго страху.

3-ая сустрэча – “Трэці дзень навукі” (08, 09.04)

Чаму вучаць нас казкі? Дзеці разам з бацькамі паразважаюць на гэтую тэму, калі прачытаюць казку “Дурань”, і паспрабуюць адказаць на пытанне: што такое розум і як яго набрацца.

4-ая сустрэча – “Чацвёрты дзень навукі” (29, 30.04)

Вершы спрыяюць развіццю прыгожага маўлення і памяці. Кожны зможа паспрабаваць свае сілы ў адкрытым чытанні верша “На рэчцы зімой”.

Кошт аднаго занятка: 2.50 за дзіцёнка

Фарміраванне групы – да 14 лютага 2017 года.

Кантактная інфармацыя і папярэдні запіс:

Ірына Аляксандраўна Юдзіна, бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства

тэлефоны: +375 17 293 26 11; +37529 2710773 Е-mail: yudzina.art@yandex.ru