Музей Напалеона Орды адкрыўся 7 лістапада на малой радзіме мастака і кампазітара ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама Валянціна Пуцыковіч.
Музей створаны ў вёсцы Варацэвічы, дзе калісьці знаходзіўся радавы маёнтак сям’і Напалеона Орды. Чатыры выставачныя залы раскажуць наведвальнікам аб жыцці і творчасці нашага праслаўленага земляка. Першая зала прысвечана дзяцінству мастака і кампазітара, другая – яго шматграннай дзейнасці, трэцяя і чацвёртая – спадчыне. У Варацэвічах ужо каля 10 гадоў працуе карцінная галерэя, з адкрыццём новага аб’екта ў Іванаўскім раёне будзе дзейнічаць цэлы музейны комплекс Напалеона Орды. Яго фонды налічваюць больш за 3,2 тыс. экспанатаў. Гэта копіі малюнкаў, акварэлей і літаграфій мастака, посуд, музычныя інструменты XIX стагоддзя. З экспазіцыяй новага музея наведвальнікі змогуць азнаёміцца не раней за 2016 год.
Напалеон Орда нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні ў 1807 годзе, памёр у 1883-м у Варшаве. Згодна з завяшчаннем яго цела было перавезена і пахавана ў фамільным склепе ў горадзе Янава (цяпер Іванава Брэсцкай вобласці). Жыхары Іванаўскага раёна вельмі беражліва ставяцца да памяці аб сваім знакамітым земляку. У раённай бібліятэцы створаны мемарыяльны пакой у яго гонар, імем мастака і кампазітара названы адна з вуліц горада, дзіцячая школа мастацтваў, у Іванаве ўстаноўлены адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Ордзе. Творчая спадчына Напалеона Орды ўяўляе сабой больш як 1150 акварэлей і графічных работ. Ён з’яўляецца аўтарам звыш 20 музычных твораў.
Аляўціна Чарнаволава, БелТА