Наталка Харытанюк — вядомая беларуская пісьменніца і перакладчыца — з лета 2021 года жыве ў Батумі разам з сынам Багданам. Наталка прынцыпова выхоўвае сына па-беларуску. За свае 10 гадоў Багдан упершыню загаварыў на расейскай мове якраз у Грузіі. Як так сталася? Ці цяжка захоўваць беларушчыну за мяжой? У якім стане цяпер беларуская культура ў выгнанні — выжывання ці ўсё ж нейкага асаблівага развіцця? Што варта рабіць расейскім інтэлектуалам, каб спыніць кэнсэлінг культуры? Ці можна ўвогуле гаварыць пра «расейскую нацыю»? Пра што будуць новыя кнігі Наталкі? Абмеркавалі гэтыя пытанні ў вялікай размове з пісьменніцай.
Пісьменніца Наталка Харытанюк з сынам Багданам, Вільня
Наталка Харытанюк — пісьменніца, перакладчыца, выкладчыца. Нарадзілася ў Берасці ў 1984 годзе. Лаўрэатка прэміі «Дэбют» за кнігу апавяданняў «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката» (2010). Раман «Смерць лесбіянкі» (2013) трапіў у лонг-ліст Прэміі Ежы Гедройца за 2013 год. Вясной 2023 года разам з камандай энтузіястаў запусціла ўнікальны відэакурс урокаў ангельскай мовы для беларускамоўных дзетак «English з Наталкай».
Сустракаемся з Наталкай і яе сынам Багданам у Вільні, куды пісьменніца завітала на некалькі дзён, проста пад Вострай Брамай. Тут жа знаходзім і кавярню. Ранішні Стары горад не спяшаецца і спрыяе размове.
Пра беларускую культуру ў выгнанні
— Беларуская культура ў выгнанні, што гэта за з’ява — выжыванне ці нейкае асаблівае развіццё?
— Ці развіваецца яна, ці выжывае? Адначасова і тое, і тое. Таму што сапраўды вельмі фізічна цяжка тым, хто на выгнанні... З кім не пагаворыш, то пачуеш, што першы год сыходзіць на тое, каб папросту сапраўды выжыць — і ні на што больш часу не застаецца...
Культура — гэта калі ў цябе ёсць лішак жыцця, як казаў Валянцін Акудовіч. Застаецца, пэўна, спачатку толькі любоў, а вось на гэта творчае, стваральнае спачатку сіл фізічных проста няма. Але ўсё роўна, я гляджу, людзі столькі робяць! Нават тыя, хто наўпрост з культурай не звязаныя, яны робяць шмат праектаў для таго, каб гэта аблічбаваць, захаваць, аўдыя, стварыць нейкія фонды. Яшчэ зараз бум відэа- і аўдыяпраектаў розных, пачынаючы ад цудоўнага Андрэя Хадановіча да «Кніжнага воза» і так далей. То-бок шмат усяго добрага ствараецца, і важна, каб гэта было платформамі, асяродкамі, каб людзі маглі праз адну платформу ўсё гэта чытаць і бачыць, чуць адно аднаго.
Наталка Харытанюк падчас запісу відэпраекта «English з Наталкай»
Адсюль вельмі цяжка дакладна ўявіць, што там зараз адбываецца ўнутры Беларусі, бо самае ж важнае будзе адбывацца там. Мы не можам, на жаль, ні чуць, ні чытаць, а яны не могуць адкрывацца публічна нам, дасылаць плён сваёй працы, бо іх тут жа «закрыюць». Таму зараз такая крыху паўза, пакуль мы можам пачуць толькі тых, хто выехаў, а новае, тое, што сапраўды творыцца, тое, што абмяркоўваюць, нагаворваюць і ствараюць, на жаль, не чуем.
— Пасля той вайны, Другой сусветнай, шмат хто ў эміграцыі таксама чакаў на вяртанне, на змены, але...
— Мне здаецца, гэта трошкі іншае. Хаця, можа, і ў тыя часы гэта здавалася трошкі іншым. Памятаю, я чытала ўспаміны мамы Данчыка, дзе яна ўзгадвае пра свае перапіскі — атрымала паштоўку ад ксяндза, які віншаваў яе з Калядамі 1948-га, жадаючы на наступны год ужо сустрэцца ў вольнай Беларусі... І гэта тады мяне так уразіла. Яны не ведалі ўсёй перспектывы, ну здавалася б 48-мы, а ўжо 1949-га Каляды сустрэнем у вольнай Беларусі...
Але час іншы. Мне зараз здаецца, што мы ўсё ж не на тупіковым шляху, усё гэта часова. І выдавецтвы пераехалі, яны друкуюць у Польшчы, у Літве тое, што пасля вернецца да нас у Беларусь, тое, што беларусы могуць неяк пакуль як кніганошы перацягваць і чытаць, хаця гэта вельмі небяспечна.
Лічбавы час зараз, усё па-іншаму, ёсць і з’яўляюцца новыя платформы «Літраж», «Абдзіраловіч», усе гэтыя сайты, куды можна і з Беларусі, і з па-за Беларуссю заходзіць, разам сустрэцца паглядамі там. Адзінае, праўда, што мы не чуем галасы з Беларусі — яны то нас могуць чуць.
— Лічбавізацыя на нашым баку, я так разумею вашыя думкі?
— Хочацца верыць. Але сапраўды патрэбная фізічная прысутнасць, сустрэчы, рэакцыі. І большасць беларусаў застаецца там усё ж. Хаця мне спачатку здавалася, што выехалі ўсе. Але разумею, што большасць застаецца там — чытачоў, людзей.
Незбыццё мараў — гэта шчымліва і трагічна. Мне ўвесь час хочацца неяк суцешыць, нешта прыдумаць. Але я разумею, што ілюзіі не дапамагаюць.
Тым не менш важныя вельмі асяродкі. Проста адчуваю — гэта той масток, які перакінецца пасля ў Беларусь. Калі гэтыя асяродкі не падтрымліваць, асобна па адным сядзець, пісаць у стол — не, нічога не будзе. Трэба, каб былі гэтыя асяродкі, каб людзі ведалі, куды кіравацца, за што чапляцца і вакол чаго трымацца.
Пра эміграцыю і сувязь з Украінай
— Як вы сябе ўспрымаеце за гэтыя два гады — эмігранткай ці часовай рэлаканткай?
— Я сабе нават не адказвала на гэта пытанне. Я сябе ўспрымаю ўсё роўна як дома, але сапраўды як часова з’ехалай. Не ведаю... Мне ўсе расказваюць пра нейкія планы, пра тое, што трэба вызначыцца, на пяць год хаця б... Не, мне цяжка ўявіць, куды ехаць далей, як заставацца, бессэнсоўным усё здаецца. Таму што ўсё роўна я хачу вярнуцца ў Беларусь. Таму і няма ніякіх такіх эмігранцкіх планаў атабарыцца. Грузія, напэўна, самая лёгкая ў гэтым сэнсе. Такая, бесклапотная...
— У вас моцная сувязь з Украінай...
— Так, у мяне мама з-пад Львова. Я вельмі перажывала, калі пачалася гэта хваля хэйту да беларусаў, штучна створаная. У мяне вельмі шмат вучняў было ва Украіне. Многія пайшлі ў войска і многія падтрымліваюць сувязь. Я баялася вельмі, як гэта будзе, але не, са сваякамі ўсё душэўна. Яны вельмі ўдзячныя за любыя смс-паведамленні, за любыя месэджы падтрымкі. Канечне, вайна — гэта ўсё жахліва, людзей гэта падкошвае, людзей гэта так састарвае, але маю дзіўнае адчуванне, што ў іх у сэрцы больш любові застаецца, чым у многіх нашых. Калі сутыкаешся з гэтай таксічнасцю агульнай, бачыш сваркі паміж беларусамі, якія з’ехалі і якія не з’ехалі, абразы на фэйсбуку— людзей зацягваюць гэтыя віры нейкай злосці. А вось са Львова мае сваякі — яны проста поўныя светлай любові, калі тэлефануюць ужывую на святы нейкія, на Вялікдзень — такія жаданні кажуць, Божа — аж слёзы, у іх дабрыні больш, чым у нас у краінах, якія не ў вайне.
Пра творчасць
— Як з творчасцю, прыйшоў ужо час, можа быць, для новай кнігі?
— Пакуль яшчэ вельмі далёка да таго стану, калі ўжо можна расказваць канкрэтна. У мяне ёсць дзве лініі, пра якія я думаю і складаю. Адна — гэта будзе зборнік казак, гэта казкі для дзяцей вось гэтага нашага часу. Дзеці ў Беларусі пасля пратэстаў, у каго бацькоў забіраюць, і дзеці ў эміграцыі, калі сем’і з’язджаюць. Раней было мне цікава, але незразумела, адкуль вось такі сюр у літаратуры Лацінскай Амерыкі, як гэта яны так пішуць.
А цяпер я разумею, што толькі праз гэты лёгкі сюр і магчыма казаць пра нашу рэчаіснасць, каб захаваць вось нейкую такую крохкасць, не ачарсцвець ад болю, але каб і не наўпрост пісаць пра боль.
І ў мяне гэтыя казкі ідуць у такую, скажам, борхесаўскую лінію. Калі быццам бы ты апісваеш усё вельмі рэалістычна, але тут жа яно пераходзіць у фантастычнае. Дзеці пачынаюць капаць яму, каб фундамент зрабіць, але трапляюць у Аўстралію. Альбо ідуць у аблокі, каб пакаштаваць, і сапраўды наразаюць аблокі, ядуць канапкі і левіціруюць.
Дарослы зборнік у мяне будзе з папярэдняй назвай «Глыбока-глыбока на дне Менскага мора». Але ўсе мае аповеды, эсэ яны такія вельмі прыватныя, мне цяжка пісаць з метафарамі, канцэпцыямі для грамадства ці пра штосьці іншае, пра кагосьці іншага, а не пра сябе. Таму яны такія — праз сябе прапушчаныя, жаночыя апавяданні.
Наталка Харытанюк, фота з асабістага архіва
— І гэтыя апавяданні прапушчаныя праз сябе ў Беларусі ці ўжо тут?
— Ну вось такая гісторыя — «Восень на вуліцы Руставэлі», гэта ўжо з новых, я спрабую неяк асэнсаваць свае грузінскія досведы.
Багдану надакучвае сядзець з зялёнай гарбатай, бярэ ў кавярні шахматы і прапануе згуляць партыю пад размову.
Пра ўплыў эміграцыі і вайны на дзяцей
— Як дзеці адаптуюцца да эміграцыі?
— Ну, яны такія — імгненныя, рэагуюць толькі на тое, што было ўчора, сёння і менавіта цяпер. Вядома, яны сумуюць. Але пакуль ты гэты стан не пазначыш, не прагаворыш — яны, як мне падаецца, не разумеюць цалкам. Хутчэй, яны перажываюць ад таго, што мы пад стрэсам, дарослыя, — і таму ім таксама цяжка. Але дзеці хутка адаптуюцца, хутка тут жа пачынаюць сяброўствы — мова лёгка ідзе любая, а сяброўствы пачынаюцца нават часам без патрэбы мовы. У Багдана ў класе былі дзеткі 14 нацыянальнасцей, гэта расейскамоўны клас у грузінскай школе. Армяне, украінцы, расейцы...
— Вайна ж таксама ўплывае на дзіцячыя стасункі?
— У Багдана было двое сяброў з Украіны да вайны і нават у першыя месяцы вайны, а пасля яны, напэўна, пачынаюць лавіць гэта ўсё, размовы бацькоў, нейкія словы... непрыгожыя бывалі моманты... і неяк усё, разышліся. Украінцы ў Батумі адкрылі сваю школу — малайцы, і адасобіліся.
Дзеці ўсе паміж сабой могуць сябраваць. Найлепшыя сябры сёлета ў Багдана — азербайджанец і расеец, які толькі што з Масквы. Яны нічога не разумеюць пра вайну, яны цудоўна сябруюць, але вось з мамамі там усё можа быць па-іншаму, непрыемна высвятляеш, што мама не верыць, што Расея бамбіць украінскія гарады. Мама ўцякла з Масквы з татам маскоўскага хлопчыка, але даказвае, што «не, я канечне супраць гэтай вайны, але і ты жахі не расказвай — не трэба перабольшанняў, так быць не можа». І гэта дратуе. Разумееш, чаму ўкраінцы так моцна адасабліваюцца — яны б не вытрымалі такіх размоваў.
Пра кэнсэлінг культуры і расейцаў
— Адасабленне праходзіць і па культурных межах...
— Расейцы не могуць прыдумаць сабе новы вобраз. Для мяне вялікай пакутай было вызначацца і разумець, як трымацца, калі Украіна катэгарычна адмаўляецца стаяць на адной пляцоўцы з расейскімі літаратарамі, ува мне адразу бунт такі — не, ты ж не з пашпартам стаіш побач, а з чалавекам, можна і трэба з любым чалавекам размаўляць. Але потым разумееш украінцаў, разумееш, што няма пра што размаўляць з расейскім светам, нават праз іх паэзію, праз іх літаратуру — я не магу прыдумаць ніводнага расейскага літаратара зараз, з кім я магла б размаўляць. Ну вось ёсць філосаф Максім Гаруноў — адзіны, каго я ведаю з расейцаў, з кім можна зараз весці размову. А так яны і не спрабуюць выйсці з гэтага свайго свету. Застаецца непазбежна імперскасць. Яны ўсе далікатныя і мілыя людзі, але ўсё роўна ў іх заўжды «Белоруссия» замест Беларусь. І гэта тычыцца ўсяго, проста ўсяго.
Карацей, мне вельмі хацелася б, каб расейцы прыдумалі сабе новы канон. Каб хтосьці знайшоўся і стварыў канон, які можна чытаць, які можна ўспрымаць, з якім можна гаварыць. Чаму яны гэтага не робяць? Можа, у іх проста няма каго туды паставіць?
Новая ідэнтычнасць — гэта цікавы быў бы вельмі праект, напэўна, адзіны гаючы і ратаўнічы для ўсёй іх... супольнасці? Не магу сказаць нацыі, бо што такое панятак «расейская нацыя»? Хто такія расейцы? На той тэрыторыі ёсць і мусяць быць іншыя народы. А вы абмяжуйцеся славянскай часткай. І стварыце нармальную сваю культурную ідэнтычнасць. Каб з вамі можна было мець справы, каб вы ведалі, дзе вы знаходзіцеся, хто вакол вас. Пачытайце і адчуйце, нарэшце, розніцу паміж Стральцовым, Акудовічам, Караткевічам, беларускай паэзіяй... Адчуйце! Але ніхто з іх не хоча гэта ведаць.
Расейскія інтэлектуалы, мне здаецца, павінны зараз актыўна — тыя, хто хоча спыніць культуру адмены — аналізаваць украінскую літаратуру, вось што яны могуць рабіць — чытаць нарэшце, паказваць свету, сігналіць, што мы пачынаем разумець суседзяў неяк.
Пра беларускую літаратуру і сакрэт выхавання дзіцяці цалкам па-беларуску
— А што з беларускай літаратурай, чытаеце нешта новае?
— Сёння раніцай знайшла ў сяброў, у якіх мы спыніліся, Рыгора Барадуліна — не чытала гэта раней — апошні зборнічак, які выйшаў ужо пасмяротна. Пра маму — такія пяшчотныя вершы. Пра смерць, зразумела, пра апошні шлях. А так, калі выязджала, узяла з сабой толькі адну кніжачку — гэта была «Па што ідзеш, воўча?» Святланы Курс. А потым нам ужо прывозілі ў асноўным дзіцячыя кнігі.
Багдан адрываецца ад шахматнай дошкі: — Якія?
— Ну ты ж памятаеш. Ларыса Геніюш «Унукам», казкі Караткевіча. А я для сябе знайшла аўдыяфармат — я раней ніколі не слухала кнігі. А тут нарэшце пачала, бо нічога няма больш. Цяпер вось слухаю пераклад Паўла Касцюкевіча «Падарожжа Беньяміна Трэцяга» габрэйскага пісьменніка Медэле Мойхем-Сфорыма, які быў родам з Беларусі і пісаў неверагодна пацешна. Павел Касцюкевіч робіць вялікую справу з усімі сваімі перакладамі, канечне.
— Багдан — беларускамоўны, як гэта ўдаецца па-за Беларуссю?
— Мне здаецца, у Менску было яшчэ больш цяжка выхоўваць дзяцей беларускамоўнымі, бо там рускі свет быў вельмі агрэсіўны ў двары праз дзяцей. У нас быў двор цалкам рускамоўны, і калі Багдан падрос, то ў апошнія месяцы перад ад’ездам мы сутыкнуліся з ужо сур’ёзным цкаваннем за беларускую. Былі розныя фразы. Двор ёсць двор — ты не можаш яго выбіраць, а не выпускаць дзіця гуляць — не варыянт для мяне.
Ведаю, што ў Менску вельмі сур’ёзна настроеныя на выхаванне чыста па-беларуску бацькі проста адмаўлялі дзецям у баўленні часу ў двары. Яны проста стваралі такія маленькія асяродкі, літаральна гета, дзе дзеці маглі бавіць час, не маючы выбару з кім. Я ніколі так не рабіла, спакойна выпускала ў двор, і ў нас з самага ранняга дзяцінства былі размовы, чаму так адбываецца з мовай і г. д.
Багдан заўжды размаўляў па-беларуску. Я тлумачыла, што мы маем на яе права, мы ў Беларусі, хай спрабуюць разумець цябе, то-бок ён не пераходзіў на расейскую, каб было зразумела ім, хай лепш яны зразумеюць беларускую.
Канечне, былі нервы. Асабліва ў час перад ад’ездам, калі ў 6–7 гадоў ён усё пра гэта ўжо разумеў.
У Грузіі, я б так сказала, ёсць патрэба размаўляць па-расейску, бо па-іншаму ты не паразумеешся з азербайджанцамі, армянамі, грузінамі. І ён вывучыў, упершыню загаварыў па-расейску толькі ў Грузіі.
Мне здаецца, у Менску наш адзіны сакрэт быў у тым, што мы самі размаўлялі толькі па-беларуску дома.
Мне здавалася самым важным, каб у сям’і ўвесь час гаварылі па-беларуску. Тады для дзіцяці — хочаш не хочаш — беларуская будзе натуральнай роднай мовай. Адзіная мая парада — стопрацэнтная беларуская мова мамы і таты дома.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Стваральнік прыкладання «Кніжны воз»: «Імкнемся — зрабіць так, каб бацькі маглі выхоўваць дзяцей па-беларуску, і гэта не ператваралася для іх у другую працу