Кніга «Гродна. Біяграфія вуліц» выйшла ў гродзенскай друкарні Аляксандра Рыжага. Гэта вынік шматгадовай працы гродзенскіх гісторыкаў розных пакаленняў. У кнізе аўтары спрабуюць ахапіць гісторыю гродзенскіх вуліц і архітэктуры горада, пачынаючы з XII стагоддзя, піша hrodna.life са спасылкай на старонку ў Фэйсбук Аляксандра Рыжага.

Кніга «Гродна. Біяграфія вуліц». Фота: Facebook-старонка Аляксандра Рыжага
Падобных кніг — гарадскіх энцыклапедый, дзе расказваецца гісторыя кожнага будынка ў гістарычным цэнтры — у беларускім краязнаўстве больш няма.
У кнізе сабраны сведкі пра кожны цікавы з архітэктурнага пункта гледжання будынак. Інфармацыя пра вуліцы Гродна прыведзена ў алфавітным парадку. У рамках кожнай вуліцы апісаны як знакавыя аб’екты — замкі, святыні, палацы, комплексы будынкаў, так і ўся тыпавая забудова. Можна даведацца, хто ў якую эпоху валодаў канкрэтным будынкам, якія ўстановы там размяшчаліся, калі і кім будынкі перабудоўваліся.
Усяго ахоплена гісторыя каля 150 вуліц Гродна і больш як тысячы будынкаў. Таксама ў кнігу ўвайшлі дадзеныя аб былых вёсках, якія цяпер сталі часткай горада. На сённяшні дзень кніга «Гродна. Біяграфія вуліц» гэта найбольш падрабязны каталог гістарычных звестак аб архітэктуры Гродна.
Кніга «Гродна. Біяграфія вуліц». Фота: Facebook-старонка Аляксандра Рыжага
Кніга «Гродна. Біяграфія вуліц» выйшла праз 13 гадоў пасля іншага падобнага выдання — «Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы» з серыі «Гарадзенская бібліятэка». З таго часу краязнаўцы і гісторыкі адкрылі новыя факты і больш дэталёва даследавалі ўжо вядомую інфармацыю. У новай кнізе выпраўлена шмат памылак і недакладнасцяў, дапушчаных у папярэднім выданні.
Праца над амаль 600-старонкавай кнігай заняла каля пяці гадоў. Сярод аўтараў — гісторыкі і краязнаўцы Алесь Госцеў, Ігар Трусаў, Віктар Саяпін, Мечыслаў Супрон, Андрэй Чарнякевіч, Андрэй Вашкевіч, Ігар Лапеха. Кніга багата ілюстравана старымі і сучаснымі фотаздымкамі. Таксама выкарыстоўваюцца камп’ютарныя рэканструкцыі страчаных будынкаў.
Прыватная тыпаграфія «ЛітАРы» Аляксандра Рыжага (раней — выдавецтва «ЮрСаПринт») выдала дзясяткі кніг аб гісторыі Гродна і рэгіёну. Сярод іх: кнігі гісторыкаў і краязнаўцаў Андрэя Павача, Віктара Саяпіна, Наталлі Канюк і іншых, фотаальбомы Наталлі Дораш, кнігі па гісторыі гродзенскага заапарку і многія іншыя гістарычныя выданні.